«Ляжам на зямлю — тэхніку ня пусцім»
Адна са змагарак супраць ушчыльнення дваровай тэрыторыі, пенсіянерка Ганна Неўмяржыцкая заяўляе: «Ляжам на зямлю перад брамай, але тэхніку ня пусцім!»
Два месяцы запар 6–8 жыхароў штодня заступаюць на вахту вартаўнікамі, каб не пусціць будаўнікоў усярэдзіну агароджанай пляцоўкі. Тую агароджу будаўнікі мінулай восенню ставілі ў прыцемках, але не пазбеглі абурэння гараджанаў і тлумачэнняў з выкліканымі супрацоўнікамі міліцыі.
Цяпер побач з агароджай, акурат пад пашпартам меркаванага панэльнага дома, з'явілася нават старэнькая канапа, каб вартаўнікі зь ліку жыхароў мясцовых дамоў маглі пасядзець. Хто прыцягнуў канапу да фарпосту — мазырчукі ня ведаюць.
«Учора я і яшчэ пяцёра чалавек дзяжурылі з 8 раніцы да 14 гадзінаў. Бачым, што ніякага руху каля будоўлі няма, ну і пайшлі рыхтавацца да Калядаў, — кажа спадарыня Ганна. — Сёння ж Нараджэнне Хрыстова, вялікае свята. На вуліцы сёння не дзяжурым — у будаўнікоў жа таксама выходны. Назіраем толькі са сваіх вокнаў за пляцоўкай. У нядзелю зранку зноў адновім свой авангардны пост, каб нас не абхітрылі».
Генеральны план забудовы ўціхую падкарэктавалі
Штодзённае дзяжурства мясцовыя жыхары зладзілі, калі камунальнікі прабраліся за агароджу і спілавалі 37 дрэваў, якія ў свой час пасадзілі мясцовыя жыхары, каб аздобіць свой двор і адзіную на ўсю акругу дзіцячую пляцоўку. Акурат на гэтым месцы гарадзкія ўлады і наважыліся пабудаваць 40-кватэрны жылы дом на адзінаццаць паверхаў. Заказчыкам яго выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Мазырскага райвыканкаму, падрадчыкам — Мазырскі домабудаўнічы камбінат.
Людзей абурыла тое, што ўлады ўціхую падкарэктавалі генэральны план забудовы гораду, перасунуўшы ўзвядзенне буйнапанэльнага дому ў цэнтар невялікага двара, які служыў зонай адпачынку. Гараджане сцвярджаюць, што зроблена гэта дзеля таго, каб зменшыць выдаткі на камунікацыі і атрымаць прэміі. Бо на генплане, з якім жыхары пазнаёміліся ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, пазначана, што яшчэ адзін дом можа ўзводзіцца на ўскрайку двара, перпендыкулярна дому № 53, што на Пралетарскай вуліцы.
Ня быць староннімі сузіральнікамі
Яшчэ больш падагрэў пратэставы настрой гараджанаў ліст намесніка старшыні Мазырскага райвыканкаму Уладзіміра Быстрэнкі на пісьмовы запыт тутэйшых жыхароў: маўляў, наконт будаўніцтва дома праводзіліся грамадзкія слуханні ў 2012 і 2015 гадах, але «заяў супраць будаўніцтва дома не паступала».
Пры канцы лістапада, бачачы марнасць ліставання з раённымі ды абласнымі структурамі, амаль чатырыста мазырчукоў падпісалі петыцыю ў Адміністрацыю прэзідэнта, у якой выказалі нязгоду з дзеяннямі мясцовых чыноўнікаў. Але пратэставае пасланне пераслалі на рэагаваньне ў Гомель.
Наведваліся жыхары Пралетарскай вуліцы і Першамайскага завулку і да новапрызначанай старшыні Мазырскага райвыканкаму Алены Паўлечкі, але той паход нейкіх вынікаў ня меў.
Чатыры разы мясцовыя жыхары беспаспяхова спрабавалі праз тэлефанаванні запісацца на асабісты прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкаму Уладзіміра Дворніка — ён пераведзены «на вобласць» менавіта з Мазыра. Нарэшце, 5 студзеня, група мазырчукоў без усялякіх папярэджанняў прыехала ў аблвыканкам з кіпай фотаздымкаў, адказаў раённых і абласных чыноўнікаў на скаргі жыхароў: новы дом ставяць за пятнаццаць крокаў пад’езд ад пад’еду.
Удзельнікі сустрэчы расказваюць, што старшыня аблвыканкаму быў здзіўлены фактам спілоўваньня 37 дрэваў — чыноўнікі паказвалі двор як пустку. Губэрнатар паабяцаў вывучыць сітуацыю і даць адказ 17 студзеня.
«Маразы не маразы, а да гэтага часу будзем стаяць на варце кожны дзень!» — у адзін голас цвердзяць мазырчукі.