07.01.2021 / 09:01

У канцы 2020-га ў дворыку мінскага культурнага цэнтра “Корпус” прайшла фотавыстава “Лексіка Палесся”. На здымках – прырода, абрады, штодзённасць унікальнага рэгіёну на поўдні Беларусі.

Праект быў арганізаваны пры дапамозе грамадскіх арганізацый «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У ім удзельнічалі Аляксандр Сідарэўскі, Уладзімір Карэлін, Таццяна Внучка, Дар'я Сапранецкая, Марыя Мароз, Іван Восіпаў, Аляксей Мацюшкоў, Максім Тарналіцкі, Марына Бацюкова, Марыя Гуліна, Віктар Малышчыц, Уладзіслаў Барысевіч, Раман Нефідовіч, Генадзій Шуляк ды іншыя фатографы.

І прыродна, і культурна Палессе – рэгіён, які знаходзіцца на поўдні Беларусі і поўначы Украіны, часткова заходзіць на тэрыторыю Польшчы і Расіі. Ёсць розныя версіі, як акрэсліваць яго межы, але ніводная з іх не з’яўляецца агульнапрынятай.

Звычайна ў склад беларускага Палесся ўлучаюць Гомельскую вобласць (акрамя тэрыторыі па цячэнні Дняпра), цэнтральную і ўсходнюю частку Брэсцкай вобласці. Па этнаграфічных прыкметах да Палесся можна аднесці і поўдзень Мінскай вобласці ледзь не па самую сталіцу: Слуцкі, Капыльскі, Салігорскі, Любанскі, Старадарожскі раёны.

На стэндах фотавыставы “Лексіка Палесся” – здымкі ды тэксты, прысвечаныя прыродзе, экалогіі, святам і штодзённаму побыту рэгіёну. Можна было ўбачыць, як жыхары вёсак Стаўбун і Неглюбка Веткаўскага раёна “водзяць стралу” (фота Марыны Бацюковай), як бортнікі здабываюць мёд з калодаў, змешчаных на дрэвах (фота Івана Восіпава), як палешукі жывуць, адрэзаныя ад усяго свету вясновай паводкай (праект “Свет людзей вялікай вады”), інтэр’еры палескіх хат (фота Дар’і Сапранецкай), чаротавыя стрэхі, якія да апошняга часу захаваліся на будынках, вясковыя могілкі, збор журавін і капусты ды яшчэ шмат цікавага.

Будзем спадзявацца, што праект выставяць онлайн, а з часам, можа быць, з яго вырасце віртуальны музей Палесся.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость