07.02.2020 / 09:02

Да 9 лютага ў выставачным цэнтры “БелЭкспа” праходзіць Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Штогод на яе айчынныя і замежныя выдавецтвы прывозяць тысячы кніг.

Зялёны партал пашукаў, што цікавага і экалагічнага гэтым разам можна знайсці на паліцах.

Самай падрыхтаванай да кліматычных змен выглядае пляцоўка Германіі. Сярод рознай яскравай дзіцячай літаратуры яны вылучалі асобны стэнд пад кніжкі на экалагічную тэматыку. Das Klimabuch (“Кліматычная кніга”) разлічана на больш дарослых дзяцей.

У ёй размешчаны 50 крутых графікаў, якія паказваюць, як змяняецца клімат на нашай планеце. Больш малюнкаў для юных чытачоў знаходзяцца ў кнізе Wie viel wärmer ist 1 Grad? (“Наколькі цёплы 1 градус?”). У ёй на  прыкладах паказваюць, што мяняе на планеце павышэнне тэмпературы.

Вядома ж, пра смецце і забруджванне асяроддзя таксама трэба казаць юным чытачам: цікава пра перапрацоўку можна пачытаць у кнізе So viel Müll! (“Так шмат смецця!”) Але мой фаварыт – кніга з гераіняй, якая натхняе на змены і паказвае, што мяняць свет ні ў якім узросце не рана, – Unsere Zukunft ist jetzt! (“Наша будучыня – зараз!”) з Грэтай Тунберг на вокладцы.

На жаль, на стэндзе Германіі нельга наўпрост набыць гэтыя кнігі. Але ж можна пагартаць, абраць і лёгка знайсці пад замову ў інтэрнэце.

Выдавецтва “Самокат” прывезла ў Мінск цікавую кнігу фінскай аўтаркі Катрын Віле “Все четыре сезона” для самых маленькіх. Яна зроблена на сто адсоткаў з перапрацаванай паперы.

Выдавецтва Clever робіць вельмі яскравыя сучасныя кніжкі. На выставу яны прывезлі гісторыю Андэа Райтмейера “Как малыш Робби спасал океан”, у якой цюлені Робі і Рабэрта спрабуюць выратаваць іх дом ад пластыка. Яны хочуць паказаць чалавеку, што адбываецца з акіянам, і ўсё паправіць. Таксама ў гэтага выдавецтва ёсць цікавая кніжка для развіцця “Найди и покажи. На природе” Цьеры Лаваля. Па ёй дзеці могуць вучыць птушак , жывёл і расліны, якія жывуць у сажалцы, у лесе, на палях.

На стэндзе выдавецтва “Робинс” можна знайсці кніжкі з сакрэтамі “Погода и климат” і “Энергия”. Яны расказваюць пра больш тэхнічныя тэмы, напрыклад, пра аднаўляльныя крыніцы энергіі, але ж дадаюць у чытанне элемент гульні. Карысная інфармацыя хаваецца за яскравымі малюнкамі-акенцамі.

Пляцоўка “Белкнігі” таксама крыху заклікае маленькіх чытачоў звярнуць увагу на прыроду. Сярод энцыклапедый пра пагоду і чырвонакніжнікаў значна вылучаюцца дзве акварэльныя кнігі “Хто расце ў парку” і “Хто расце ў садзе”.

Праз апавяданне з прыгодамі і вельмі пяшчотныя малюнкі аўтаркі Кацярына Міхаліцына і мастачка Аксана Була знаёмяць рабят з рознымі раслінамі. З украінскай на беларускую кнігі пераклала Наталля Зенька.

Што экалагічнага пачытаць даросламу на выставе? Насамрэч, варыянтаў не так шмат. Выдавецкі дом “Питер” прывёз у Мінск сваю экалагічную серыю #экопокет. У ёй можна знайсці розныя кнігі, хутчэй на тэму псіхалогіі, але фішка ў тым, што пры іх стварэнні выкарыстоўвалася папера другаснай перапрацоўкі.

А частку сродкаў ад продажы выдавецтва абяцае пералічыць у Сусветны фонд дзікай прыроды. Яны пойдуць на захаванне лясоў Камчаткі і стварэнне там батанічнага заказніка.

Яшчэ на паліцах выставы была знойдзена зера-вэйст кніжка Беа Джонсан “Дом без отходов: как сделать жизнь проще и не покупать мусор” з каментарыямі Ірыны Казлоўскіх, супрацоўніцы праекта “Нуль адходаў” расійскага аддзялення Greenpeace. Аўтарка на ўласным прыкладзе расказвае, як пазбягаць смецця нават на адпачынку, і абяцае, што яе парады падыдуць нават самым занятым людзям.

Выдавецтва “Олимп-Бизнес” прывезла кніжку Наві Раджу і Джайдыпа Прабху “Бережливые инновации. Технологии умных затрат”. Яна больш падыдзе для тых, хто хоча рацыянальна арганізаваць сваю вытворчасць. Мэта аўтараў – паказаць, што поспеху на рынку можна дасягнуць, думаючы пра дабрабыт і камфорт кліентаў, эканомячы на выдатках і максімальна захоўваючы навакольнае асяроддзе. Як гэтага дасягнуць, расказваецца праз шэсць прынцыпаў беражлівых затрат у вытворчасці, бізнесу і адносінах з кліентамі.

На выставе трапляюцца і больш прафесійныя кніжкі, як то падручнікі БДУ, новенькая “Энциклопедия по экологии” на стэндзе Малдовы ці “Биогаз” на палічках Казахстана.

Кнігу для дарослых, але з малюнкамі прапануе выдавецтва “Манн, Иванов и Фербер”. Яны пераклалі Тоні Джуніпера “Как спасти планету. Наглядные факты о состоянии Земли”. Кніга паказвае, што адбываецца з нашым вялікім домам з-за змянення клімату і як кожны можа ўплываць на экалогію.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость