Мы навучыліся, як лепей наладзіць уласны рабочы рэжым, як не адурэць калі знаходзішся кругласутачна дома – у абдымку з кампутарам ці з двума юрлівымі дзецьмі пад бокам, як падтрымліваць цела ў тонусе калі вашая фізічная актыўнасць абмежаваная, як прыняць ці адаптаваць да свайго жыцця тыя перамены, якія накрылі нас лавінай апошнія месяцы… І гэта далёка не поўны спіс.
Але для кагосьці сённяшняя сітуацыя невызначанасці – усё яшчэ суцэльны стрэс і непрыемнасць, якую трэба пахутчэй перажыць, у той час як для іншых – выдатны шанец, каб пачаць удзяляць больш часу сабе, сям’і, свайму здароўю і штодзённым звычкам.
Зялёны партал разам з крамаю Zerro.by раяць, як сумясціць вымушанае з прыемным і трошку перафарматаваць сваю штодзённасць. Вы не паверыце, але зараз цудоўны час, каб абзавесціся новымі карыснымі звычкамі (асабліва калі раней на іх проста не было часу).
У выпадку, калі вы зараз праводзіце дома шмат часу і маеце прагу зрабіць сваё жыццё больш экалагічным, лавіце нашую падборку нескладаных крокаў.
Пачынайце карыстацца цвёрдымі шампунямі – гэта крутая альтэрнатыва пакупным вадкім шампуням у гіпермаркетах з ядзерным складам і пластыкавай упакоўцы. Такія цвёрдыя шампуні звараныя ўручную беларускімі рамесніцамі, з вялікай колькасцю натуральных інгрэдыентаў, выключна з мяккімі ПАВамі або зусім без іх.
Пашыйце або набудзьце шматразовыя мяшэчкі-кулькі для рэдкіх і грунтоўных паходаў у краму – цяпер запасы апельсінаў, яблыкаў і памідораў можна рабіць і без лішняга смецця ў выглядзе аднаразовых мяшкоў, а з уласным сімпатычным мяшочкам. Адчуванні пасля першай пакупкі ў краме ў сваю тару – супергеройскія – шчыра рэкамендуем!
Паспрабуйце замяніць аднаразовыя сродкі гігіены падчас месячных на шматразовыя – пракладкі ці менструальныя чашы – выбірайце любы з прапанаваных варыянтаў. Чашы амаль нічога не важаць і служаць 10 год.
А пракладкі лёгка мяняюцца і мыюцца ў хатніх умовах: карантын – ідэальная магчымасць пратэставаць экалагічную альтэрнатыву без стрэсу і складаных вылічальных схем – колькі пракладак браць з сабой, куды іх пакласці і дзе ў гэтым будынку увогуле прыбіральня?
Усё спакойна, у сваім рэжыме, з увагай на ўсе цялесныя працэсы, якія патрабуе жаночае цела падчас цыклу.
Калі ў вас ёсць маленькія дзеці, то паспрабуйце карыстацца шматразовымі падгузнікамі замест аднаразовых – дома ці падчас прагулкі. Шматразовыя падгузнікі зроблены з цалкам натуральных матэрыялаў, якія дапамагаюць скуры маляняці дыхаць. Калі ж вам прыходзіцца выбірацца ў горад – па працы ці іншых справах, то паўсюль выбірайце магчымасць карыстацца ўласным посудам – бутэлькамі для вады, кубкамі, сталовымі прыборамі і іншымі. Змяншэнне кантакту ў гэты няпросты час важнае не менш за базавыя правілы гігіены і “кашлянне ў рукаво”.
Беражыце сваё здароўе і пры магчымасці карыстайце запаволены час з плёнам. Напаўняйцеся ведамі і добрымі звычкамі. А мы будзем вам у гэтым дапамагаць.