07.07.2015 / 11:07

Навучэнкі гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку“, сталі гераінямі фотавыставы “Anatomia”, што адкрылася ў Мінскім Цэнтры Сучаснага Мастацтва. Тэма праекта гэтага году — ідэальнае цела. Да увагі гледачоў прадстаўлена серыя мастацкіх прац фатографа Яўгена Атцецкага “Гісторыі. 2015”. Праект – прыклад творчай супрацы паміж аўтарамі і ўдзельніцамі, які меў на мэце паказаць прыклад самаарганізацыі ўзроставых гарадскіх актыўных беларусак.

Гераіні адказвалі на шэраг пытанняў: “Што для вас УЗВ, ваша матывацыя далучыцца да гэтай ініцыятывы?”, “Ваша месца/ы ў горадзе”, “Імя, хобі”.

У выніку аўтары праекту сабралі “вобраз” сталай гараджанкі, аб’яднаны некалькімі крытэрамі: 60+, імкненне да атрымання новых ведаў і інфармацыі, удзел ў абмене навыкамі, імкненне да актыўнага жыцця, практыка сястрынскай падтрымкі новых знаёмых.

«Я выхавала траіх дзяцей, цяпер у мяне сем унукаў. Я вельмі іх люблю, і імкнуся праводзіць з імі час, але пры гэтым я актыўна займаюся спортам, вучу мовы, асвойваю кампутар і шмат іншае. Па горадзе я езджу на ровары. Таксама ў мяне жыве валанцёр з Люксембурга. Неабходна заўсёды знаходзіць час на сябе.»

Ліля, 63 гады

«Я ўсё жыццё займалася медыцынай, а таксама псіхалогіяй. Я ўжо некалькі гадоў вегетарыянка. З сябрамі арганізоўваю паэтычныя выступы і іншыя мерапрыемствы. Зараз я актыўна займаюся творчасцю – валяннем з воўны, мае яркія і цёплыя ўпрыгожванні можна купіць у краме. Мне важна жыць у гармоніі з сабой і навакольнымі.»

Ларыса, 62 гады

«Запрашаю вас да сябе на дачу. Рыхтуючыся да пенсіі, я вырашыла пабудаваць летні дамок. Абрала месца побач з сяброўкамі. Мне важныя зносіны з імі. Сама займалася будаўніцтвам і наймала людзей для работ. Усё тут зроблена як я хацела. Дом і сад. Адчуваю сябе камфортна і ўтульна.»

Таццяна, 63 гады

«Я першы год ува “Універсітэце Залатога Веку”. Для мяне гэта пляцоўка для атрымання новых ведаў і знаёмстваў. Я ўсё жыццё працавала, не было часу на нармальны адпачынак або хобі. Цяпер у мяне ёсць час на чытанне і зносіны. Мне важна падтрымка новых сябровак.»

Ніна, 81 год

«Шмат гадоў я прапрацавала ў першай гарадской аптэцы. Тут знаходзіцца дзеючая аптэка і музей. Зараз я актыўна займаюся рознымі танцамі. Наша група ад “Універсітэта Залатога Веку” перамагае ў гарадскіх конкурсах. Мне падабацца рух!»

Тамара, 74

«Я заўсёды была актыўная, шмат гадоў прысвяціла выкладчыцкай і арганізатарскай дзейнасці.

Зараз я актыўна вяжу і шыю, мае работы знаходзяцца ў царкве пры абласной бальніцы. Хачу запрасіць вас у гарадскі Дом Культуры на наш Хор Ветэранаў, у які я ўваходжу.»

Раіса, 83 гады

«Цяпер “Універсітэт Залатога Веку” мой прыярытэт. Я ўваходжу ў яго кіраўніцтва. Вельмі важна атрымаць магчымасць навучання, без залежнасці ад узросту.»

Ларыса, 63 гады

Наведаць выставу ў Мінску можна да канца жніўня.

Паглядзець больш здымкаў можна ў галерэі.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость