07.08.2019 / 14:08

З 10 жніўня па 8 снежня ў Беларусі адкрываецца летне-асенні сезон палявання (а фактычна летне-зімовы) на вадаплаўных птушак: качак, чаротніцу, лыску, вялікую коўру і пастушка.

З 24 відаў качак, якія сустракаюцца на тэрыторыі нашай краіны, паляванне дазволенае на дзевяць відаў: качку-крыжанку, качку-свіцьву,  качку-лапаноску, качку-неразню, качку-цыранку, качку-чырку, чубатага нырка, нырка-сівака і гогаля, піша грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Спецыялісты падкрэсліваюць: АПБ ніколі не выступала ў цэлым супраць палявання, але яна выступае за ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і за разумныя абмежаванні.

Паляўнічым важна памятаць у гэты перыяд:

1) Нырок-сівак (красноголовая чернеть) – глабальна ўразлівы від птушак. З прычыны драматычнага падзення колькасці ён нядаўна ўключаны ў Міжнародны Чырвоны спіс. Прычыны змяншэння колькасці да канца яшчэ не вывучаныя. Таму, нягледзячы на тое, што від у Беларусі дазволены для здабычы, мы настойліва просім яго не страляць.

Фота - Аляксандр Казулін
Фота - Аляксандр Казулін

 

2) Качка-чырка (чирок-трескунок) – від, колькасць якога ў Беларусі імкліва скарачаецца. Таму, хоць ён і ўключаны ў спіс паляўнічых відаў, мы рэкамендуем яго не страляць, каб не паскараць гэты працэс яшчэ больш.

Фота - Жорж Гулеўскі
Фота - Жорж Гулеўскі

 

3) Качка-шылахвостка (шилохвость) уключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, паляваць на яе забаронена. Птушкі маюць зграбны сілуэт, доўгую тонкую шыю і тонкую чорную дзюбу. Звяртайце таксама ўвагу на вузкі доўгі хвост.

Фото - Shutterstock
Фото - Shutterstock

 

4) Белавокі нырок (белоглазая чернеть) таксама ўключана ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Птушкі вельмі падобныя да чубатага нырка, дазволенага да здабычы, адрозніваецца ад яго белым падхвосцем (белае вока толькі ў самца), сустракаецца ў асноўным на Брэстчыне. Таму, каб не памыліцца, лепш не страляць і чубатых ныркоў, і птушак, да іх падобных, а засяродзіцца на больш звычайных відах качак.

Фото - Shutterstock
Фото - Shutterstock

 

5) Паляванне на ўсіх гусей адкрыецца толькі з сярэдзіны верасня.

6) Качанят, птушанят коўраў і лысак, якія не лятаюць (хлапунцоў) здабываць забаронена згодна 127-му артыкулу Правілаў палявання (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь N 112 ад 21 сакавіка 2018 г.) : “Забараняецца паляванне: … на маладых птушак, якія не лятаюць і (або) ліняюць…”  Не трапляйце на штрафы!

«У жніўні-верасні большасць качароў розных відаў качак фарсяць пасля лінькі ў карычневых строях, і нават арнітолагам іх цяжка адрозніць ад самак і маладых птушак. Таму паляўнічым трэба асабліва добра ведаць сілуэты, голас і асаблівасці афарбоўкі качак, каб не застрэлiць ахоўны від і не трапіць на штраф. Не страляйце птушку, калі не ўпэўненыя ў яе відавой прыналежнасці. Інспектарам неабходна не горш за паляўнічых ведаць розныя віды качак і дэталі іх афарбоўкі, бо птушак у руках часам вызначыць не прасцей, чым у полі», - кажа Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ.

Калі вы не ўпэўненыя ў тым, якую птушку здабылі - дасылайце фота здабытых птушак на вайбер АПБ +375291016887, і спецыялісты дапамогуць вызначыць від.

На першым фота - Гусь шэры.

 

Автор:
Фотограф:
Алег Мізіненка
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость