07.08.2024 / 12:08

Пасля падзей 2020 года Максім быў адлічаны з БДЭУ і пакінуў Беларусь. Адукацыю ён працягнуў у Нарвежскім універсітэце натуральных навук, дзе вывучае праблемы навакольнага асяроддзя і развіцця. 

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Зялёны партал пагаварыў з маладым чалавекам пра адметнасці экалагічнай адукацыі, магчымасці на рынку працы з адпаведнай спецыяльнасцю і пра  экаадказнасць, на якую ўплывае краіна, асяроддзе і атрыманыя веды.    

– Я вучуся ў Нарвегіі, у горадзе Ос, гэта непадалёк ад Осла, у Нарвежскім універсітэце натуральных навук. Гэта праграма міжнародных даследаванняў навакольнага асяроддзя і развіцця. У Беларусі я вучыўся ў БДЭУ, на міжнароднай бізнес-камунікацыі.  У 2020 годзе за ўдзел у стачкаме быў адлічаны і з’ехаў, бо была пагроза арышту.

Прапанова працягнуць адукацыю паступіла ад Нарвегіі, яны выдзялялі стыпендыю ў адным з універсітэтаў. Калі я напісаў матывацыйны ліст, апісаў свой досвед і інтарэсы, мне прапанавалі гэтую праграму.

У лісце я пісаў хутчэй пра развіццё, але ў Нарвегіі яно ўсё роўна ўключае «зяленыя» навукі. У гэтай праграме адразу ў назве ёсць і навакольнае асяроддзе, і развіццё.  

– Якія перспектывы на рынку працы з такой спецыяльнасцю?

– Мы вывучаем у асноўным сацыяльныя навукі, гуманітарныя, таму магчымасці пасля заканчэння – гэта хутчэй НДА-сектар ці міжнародныя арганізацыі, якія працуюць з тэмамі развіцця і навакольнага асяроддзя.

Як нам кажуць, гэта даволі ўніверсальная праграма, якая дазваляе працаваць у шырокім дыяпазоне розных арганізацый, у тым ліку звязанных з тэмай навакольнага асяроддзя. Але гэта праца кшталту полісі ці нейкага лоббі. Пасля заканчэння ўніверсітэта я хутчэй за ўсё застануся ў беларускім НДА-сектары.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

– Як выглядае сам навучальны працэс, якія прадметы Вы вывучаеце?

– У нас ёсць два вялікія блокі: навакольнае асяроддзе і развіццё. Ёсць абавязковыя курсы і прадметы на выбар. Сярод абавязковых – вельмі шмат было звязана з устойлівасцю, з экалогіяй. Быў асобны курс па экалогіі, дзе мы вывучалі, як працуюць экасістэмы, як там узаемадзейнічаць арганізмы. Шмат кажам пра ўстойлівасць.

Ёсць асобны курс, дзе мы вывучаем змены клімату з розных перспектыў: зямля, вада і г. д. Я бы сказаў, што гэтаму курсу не хапае нейкай практычнай часткі, то бок нам проста распавядаюць: становіцца горш, але нам не кажуць, што можна з гэтым зрабіць. Магчыма, можна зрабіць няшмат, але нам нават і пра гэта не расказваюць.

– Ці патрэбныя для гэтай праграмы паглыбленыя веды хіміі ці біялогіі?

– Не. Гэта цалкам гуманітарная праграма. На курсе па экалогіі ў нас усплывалі нейкія веды з батанікі ці з заалогіі, але вельмі павярхоўна. То бок кропка ўваходу вельмі нізкая – любы чалавек, які цікавіцца тэмай, можа вучыцца на гэтай праграме. Біялогію і ўсялякія сумежныя навукі можна браць як дадатковыя курсы, але глыбокіх ведаў ніхто не патрабуе.

– Вы адзіны беларус на гэтай праграме?

– Так. У Нарвергіі збольшага ўвесь бакалаўрыят на нарвежскай мове, але ёсць некалькі праграм на ангельскай, у тым ліку і гэтая. Яна накіравана на тое, каб сюды прыязжалі вучыцца замежныя студэнты. Са мной вучацца студэнты з Нідэрландаў, Германіі,  Індыі, ёсць студэнты з Бангладэш, Канады, М’янмы, Украіны, Расіі – то бок геаграфія максімальна шырокая.

Калі параўноўваць з беларускай адукацыяй, ці адчуваецца розніца у навучальным працэсе?

– У Беларусі адукацыя выглядае так: універсітэт дае табе шлях – ад першага курса дайсці да апошняга і выпусціцца. Гэта не заўсёды добра, гэта больш аўтарытарна. У цябе няма выбару дысцыплін.

На лекцыях табе даюць проста тэарэтычныя веды, якія могуць быць састарэлымі. Магчымасці выказваць сваё меркаванне вельмі-вельмі абмежаваныя. Гэта сумна, бо развіваць крытычнае мысленне вельмі важна.

Тут нас часта пытаюцца пра наша меркаванне, нас не крытыкуюць за нашыя думкі, нават калі яны з’яўляюцца непапулярнымі. У нас ёсць свабода, каб абраць дадатковыя курсы з любых дысцыплін, не толькі з нашага ўніверсітэта, але і з іншых.

У Беларусі ва ўніверсітэтах даюць састарэлую інфармацыю, у Нарвергіі – самая актуальная інфармацыя, самыя актуальныя артыкулы па тэмах, кнігі і г. д. Але што горш, гэта тое, што кнігі набываць трэба самім. А гэта нятанна: кніга можа каштаваць 20 еўра, а можа і 90. У Беларусі ў нас была бібліятэка, дзе можна было знайсці асноўную літаратуру.  

Акрамя таго, мне не хапае практычнасці ведаў, я размаўляў з аднагрупнікамі, і яны казалі: мы не разумеем, што мы тут робім і што рабіць пасля з гэтымі ведамі. Магчыма, гэта тычыццца толькі нашай праграмы. У Беларусі было прыблізна тое ж самае, бо таксама практычнасці не хапае.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

У нас ёсць яшчэ паездкі, іх называюць field trip, у Танзанію і ў Індыю. Гэта цікавая праграма, але дарагаватая, асабліва для беларусаў. Тысячу еўра трэба заплаціць, каб падацца, а яшчэ квіткі набыць і г. д. У вёсках Індыі і Танзаніі студэнты вывучаюць, як мясцовыя жыхары прымяняюць традыцыйныя веды, каб працаваць на зямлі, весці сельскую гаспадарку, лавіць рыбу.

– Вы бы параілі іншым студэнтам ці абітурыентам гэтую праграму?

– Праграма карысная, нават калі ты не плануеш працаваць з гэтай тэмай далей. Гэта проста пашырае гарызонты. Таму што ўсяго, што мы зараз вывучаем, у Беларусі ніколі не было. Вяртаючыся да беларускай адукацыі, у нас была філасофія, але не ў кантэксце нашай адказнасці перад навакольным асяроддзем. Ты пачынаеш задумвацца, что ты робіш і як гэта ўплывае на ўсё вакол. Тут вельмі развіта культура перапрацоўкі, рэсайклінга – гледзячы на гэта, ты сам становішся больш адказным грамадзянінам.

– Якія яшчэ экалагічныя звычкі ў вас за гэты час выпрацаваліся і, можа, над нечым нарвежцам варта дадаткова папрацаваць?

– Ёсць дрэнныя нарвежскія звычкі: яны паўсюль запальваюць святло і не выключаюць яго. Да прыкладу, у агульнай зоне ты выключаеш святло, праз пяць хвілін выходзіш, а яно зноў гарыць.

Таксама адзначу кансьюмерызм: нарвежцы вельмі шмат набываюць і вельмі шмат выкідаюць, у тым ліку ежы і адзення. Гэта праблема, пра якую ведаюць у Нарвегіі, але ў людзей ёсць грошы і яны іх трацяць. У сям’і можа быць дзве машыны, можа быць два загарадных дома, тым не менш, яны могуць у гэтыя дамы гадамі не ездзіць, будуюць іх проста, каб яны былі. Гэта ўжо нейкія перагібы.

У Нарвергіі вельмі развіты электратранспарт. Дзяржава проста зрабіла бензін вельмі дарагім, таму танней набыць электракар. Ёсць уся інфраструктура для гэтага, зарадныя станцыі па ўсёй краіне. Гэта ўражвае.

Пасля жыцця тут я стаў больш задумвацца над тым, які транспарт я выкарыстоўваю. Калі ёсць магчымасць не ляцець  самалётам, а паехаць аўтобусам ці чыгункай, то я выбіраю аўтобус ці цягнік.

Я лічу, што гэта якраз вынік майго навучання, усёй інфармацыі, якую нам далі, і кам’юніці, бо тут усе вельмі прагрэсіўныя ў плане навакольнага асяроддзя, экалогіі, і камунікацыя з такімі людзьмі дае адпаведную самарэфлексію.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость