07.11.2023 / 11:11

На варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі не высякаюць дрэвы, не прыбіраюць апалае лісце, магілы зарастаюць плюшчом, а большасць наведвальнікаў прыносіць сваім памерлым родным жывыя кветкі. Вянкі робяць таксама пераважна з жывых раслін. Але ёсць нюанс.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Мы ўжо звярталіся да тэмы пластыкавых кветак на беларускіх могілках. Калі тэзісна – «традыцыя» іх ужываць распаўсюдзілася на пачатку ХХІ ст. і стала танным спосабам упрыгожыць магілу. У сялянскім побыце даіндустрыяльнай эпохі не было прынята прыносіць жывыя кветкі на могілкі, там саджалі дрэвы.

Пластыкавыя кветкі спалучылі ў сабе дзве функцыі, якія раней выконвалі іншыя прадметы. Акрамя дэкаратыўнай (у гэтым сэнсе пластыкавыя вырабы замянілі ручнікі і стужкі) – гэта падарунак, які жывыя нясуць памерлым.

Традыцыйна такім падарункам была, часцей за ўсё, ежа, але цэрквы ўсіх канфесіяў вядуць з пачастункамі на могілках зацятую барацьбу. Дрэвы на сучасных беларускіх могілках часта высякаюць і пагосты выглядаюць гола, сіратліва.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Мы прагуляліся па варшаўскіх могілках Старыя Павонзкі і паглядзелі, якая можа быць альтэрнатыва пластыкавым кветкам. Можа быць, параўнанне са звычайнымі беларускімі могілкамі не зусім раўназначнае: на Павонзках хаваюць заслужаных дзеячаў польскай дзяржаўнасці і культуры.

Там спачываюць, напрыклад, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Уладзіслаў Рэймант, апошні прэзідэнт міжваеннай Польшчы Ігнаці Масціцкі, кампазітар Станіслаў Манюшка (дарэчы, нарадзіўся ў нашым Ігуменскім павеце), рок-спявак Чэслаў Немэн (паходзіў са Шчучыншчыны)…

З дзеячаў, звязаных з Беларуссю – яшчэ літаратары Тадэвуш Даленга-Мастовіч, Адам Плуг, Ялегі Пранціш Вуль, Антоні Адынец, Марыя Радзевіч, фатографы Ян Булгак і Зоф’я Хамянтоўска, этнографы Міхал Федароўскі і Ян Карловіч – усіх не пералічыць.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Павонзкі – дзейсныя могілкі, там хаваюць з канца XVIII ст. і да сённяшняга дня. 1-га і 2-га лістапада шмат палякаў прыходзіць туды ўшанаваць памяць уласных родных, не толькі наведаць магілы знакамітасцей. Якія экалагічныя рашэнні там можна падгледзець?

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Уражваюць высокія дрэвы. Чамусьці іх не ссякаюць «дзеля прафілактыкі», каб не ўпалі на магілы, як гэта робіцца ў Беларусі. А на Павонзках большасць помнікаў мае гістарычную і мастацкую каштоўнасць, і такое аварыйнае падзенне нанясло б значную шкоду.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Не прыбіраюць лісце, што ападае. Яно пакрывае дарожкі, магілы, блытаецца ў галінках малых раслін.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Некаторыя помнікі проста патанаюць у зеляніне, і нікому гэта не перашкаджае.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Жывыя кветкі сваім памерлым людзі прыносяць у гаршочках ці ставяць зрэзанымі ў вазы, проста кладуць на магілы (радзей). Сустракаюцца і штучныя кветкі, але іх значна менш, чым жывых.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Вяночкі таксама ўюць пераважна з жывых раслін. Шмат такіх вырабаў прадаецца проста ля ўваходу на могілкі, але некаторыя, меркавана, робяць самі людзі для сваіх памерлых родных.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

А цяпер пра нюанс. У Польшчы 1-га і 2-га лістапада на магілах прынята запальваць знічы (лампадкі). Задоўга да святаў яны прадаюцца ў гіпермаркетах, шапіках, спецыяльных крамах, а ў памінальныя дні – проста на вуліцы ля могілак.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Знічы робяць са шкла, металу, а часам – з пластыку. Яны гараць нават па некалькі дзён, але потым усё роўна трапляюць на сметнік. І тут ужо могуць скласці канкурэнцыю беларускім пластыкавым кветкам. Часам на магілах можна заўважыць электрычныя знічы, якія працуюць ад батарэек. Але гэта ўсё роўна неэкалагічная альтэрнатыва.

Традыцыйна на могілках запальвалі свечкі, якія стаялі ў жыце ў невялічкай шклянцы. Звычайна такая шклянка служыла доўга: Яе проста пакідалі на магіле, кожным разам прыносячы новую свечку.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

На сметнік з польскіх могілак ідуць таксама керамічныя і пластыкавыя гаршчкі ад жывых кветак. Але яны прынамсі служаць дольш за знічы: шляхам натуральнага паліву такія кампазіцыі могуць пратрымацца цэлы сезон.

Смецце з могілак можна сартаваць, але з яго перапрацоўкай узнікаюць праблемы: часта яно даволі бруднае. Як паведамляецца на партале wroclaw.pl, 80 % такой сыравіны не падлягае паўторнаму выкарыстанню.

Але палякам раяць усё роўна сартаваць адкіды з могілак, а лішнюю закупленую атрыбутыку, якая не прыдалася для ўшанавання продкаў, пакідаць на палічках zero waste.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость