Чаму ў мапы zero waste нельга дадаць кантэнт?
Па словах Міхаіла, ідэя лічбавых нулявых выкідаў у яго пачала нараджацца пасля таго, як Ecoidea прэзентавала сваю зера-вэйст мапу. Якая, дарэчы, з пункту гледжання лічбавага ўзаемадзеяння, неэкалагічная. Калі ўжо ўсе мы ідзем да лічбавай эканомікі, то было б класна паглядзець, што ў нас з экалагічнасцю ў гэтай сферы. Для гэтага даследчык абраў электронныя мапы і прааналізаваў усе 40 штук.
На што звяртаў увагу даследчык? Перш за ўсё на магчымасць дадаваць ці змяняць інфармацыю на мапе і паўторна выкарыстоўваць кантэнт. Міхаіл не знайшоў на беларускай прасторы ніводнага прыкладу, дзе іншыя карыстальнікі маглі б наўпрост правіць дадзеныя.
У любым выпадку такім ці іншым чынам трэба было звязвацца з нейкім, умоўна кажучы, мадэратарам. І фактычна адсылаць інфармацыю ў адзін бок.
Што не так з такім падыходам? Стварэнне кантэнту і коду патрабуе час і іншыя рэсурсы. Калі гэтым займаецца адзін чалавек ды яшчэ і праз аднабаковую камунікацыю, гэта не надта эфектыўна. І неэкалагічна.
Ёсць мапы, якія нясуць толькі азнаямленчую функцыю: зайшоў паглядзеў і ўсё. А ёсць такія, што б’юць па канкрэтных гарадскіх праблемах, як мапа даступнасці ў Баранавічах. З гэтым так ці інакш сутыкаецца значная колькасць жыхароў – і было б класна, на думку эксперта, калі б яны самі маглі ўплываць на гэты кантэнт.
Лічбавыя адкіды – гэта забытыя файлы
Але калі такія мапы і цяжка наўпрост назваць лічбавым смеццем, непатрэбныя варыянты праграмы, забытыя фота і г.д. – як раз яно.
“Нам падаецца, што нічога страшнага – месца ж у хаце не займае. Але ж гэта ўсё накопліваецца”, – кажа Міхаіл.
Зера-вэйст падыход у гэтай сітуацыі – магчымасць прасачыць за нейкім лічбавым прадуктам ад вытворцы да рэліза. Магчымасць перапрацаваць рэсурс, пабачыць код, выкарыстаць API ці нейкі кантэнт. Але гэтае пытанне палягае ўжо не толькі ў экалагічным, але і ў прававым полі.
Міхаіл Волчак прытрымліваецца канцэпту адкрытых дадзеных, свабоднага коду і самакіравання.
“Такім чынам з’яўляецца больш устойлівы кантэнт, калі кожны зацікаўлены можа ўнесці свой уклад у справу”, – адзначае эксперт.
Моладзевае аб’яднанне “Фаланстэр” ужо рэалізавала гэты канцэпт у “Мапе заўтрашняга дня”. Яны зрабілі інтэрактыўную карту, дзе кожны можа пакідаць інфармацыю пра грамадскія ініцыятывы з розных куткоў Беларусі, а таксама шукаць партнёраў ці магчымасці валанцёрства. У ёй адкрыты код, усе створаныя даныя захоўваюцца пад ліцэнзіяй СС0 (то-бок могуць свабодна выкарыстоўвацца), кантэнт ствараецца самімі карыстальнікамі без абмежаванняў.
Да чаго мы гэта ўсё
“Сметнік ІТ-кантэнту падаецца зараз далёка не надзённай праблемай. Але давайце ўспомнім, што калісьці і звычайнае смецце здавалася не той тэмай, пра якую павінны размаўляць на саміце ААН”, - падкрэслівае Міхаіл.
Да таго ж стварэнне кантэнту ў інтэрнэце патрабуе ў тым ліку шмат матэрыяльных рэсурсаў. “Жалеза” і электраэнергіі – як мінімум. Праца ўсяго абсталявання, што забяспечвае нам выхад у інтэрнэт амаль што з любога пункту планеты, дае немалы выкід СО2.
Так, навукоўцы з канадскага ўніверсітэта МакМастара Лотфі Белкхір і Ахмед Элмэлігі прагназуюць, што да 2040 года вугляродны след ад інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій будзе эквівалентны палове сённяшніх выкідаў ад транспарту.
Для таго, каб зрабіць такія вынікі, яны ацэньвалі розныя спажывецкія прылады, цэнтры апрацоўкі дадзеных і сеці сувязі. А потым параўналі атрыманыя лічбы з бягучым узроўнем выкідаў парніковых газаў.
Да таго ж партал www.energuide.be, прысвечаны энергетыцы і наваколлю, прыводзіць такія параўнанні: емэйл, які важыць 1 Мб, за ўсё сваё “жыццё” выдзяляе 20 г СО2 – гэта тое ж самая, што ўключаная старая 60-вольтавая лямпачка на працягу 25 хвілін.
Калі штодзень вы працуеце з 20 емэйламі, то за год накопліваецца столькі вуглякіслага газу, што вы з такім жа эфектам маглі б праехаць на аўто 1000 кіламетраў. Калі вы робіце 2-3 пошука ў інтэрнэце ў дзень, за год вы выкідаеце каля 10 кг СО2 у атмасферу.
У прынцыпе ўся дзейнасць у інтэрнэце – загрузка файлаў, абнаўленне старонак, нават прагляд спаму – пакідае нейкі вугляродны след. Мабыць, гэта нармальна, бо ў жыцці амаль нічога няма на 100 % зера-вэйст.
Але ж, калі не падумаць пра больш простую камунікацыю і перавыкарыстанне кантэнту сёння, магчыма, у будучыні мы атрымаем яшчэ адзін сметнік, толькі лічбавы, з па сутнасці тымі жа праблемамі.