Агульнаеўрапейскі анлайн-конкурс «Еўрапейскае дрэва года» заснаваны ў 2011 годзе як пашырэнне шматгадовага конкурсу Чэшскага фонду экалагічнага партнэрства. Пераможца выбіраецца сярод Нацыянальных дрэваў году, дрэваў не абавязкова самых старых ці самых прыгожых – галоўнае, каб у яго была цікавая гісторыя.
«Вырашальным фактарам з'яўляецца не прыгажосць, памер і ўзрост, а гісторыя і сувязі дрэў з людзьмі, – гаворыцца на сайце конкурсу. – Мы шукаем дрэвы, якія сталі неад'емнай часткай супольнасці».
Дуб чарэшчаты, ці звычайны, расце каля вёскі Прыбудкі Гайнаўскага павету Падляскага ваяводзтва, па ацэнках вучоных, чатыры стагоддзі. Дрэва – рэшта старажытнай Лядзкай пушчы, піша польская Вікіпэдыя са спасылкай на «Энцыклапедыю Белавежскай пушчы», цяпер яно на ўскрайку Белавежскае пушчы. Імя «Дунін» яму надаў польскі архітэктар, эколаг, фатограф і абаронца Пушчы Януш Корбель ў гонар беларускага драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча; таксама дрэва называюць «Стражнік Пушчы».
Як адзначана ў заяўцы на конкурс, дуб Дунін карыстаецца вялікай павагай сярод мясцовых жыхароў і крыніцай натхнення для мастакоў. Напрыклад, ён герой карціны Марэка Сапёлкі «Дуб у Прыбудках», «здымаўся» ў дакумэнтальным сэрыяле «Чытанне Пушчы» і ў мастацкім фільме «Мяне клічуць Сара».
Абхват ствала Дуніна 5 з паловай метраў, вышыня цяпер 13 метраў. Некалькі год таму ў дрэва ўдарыла маланка, збіла некалькі вялікіх верхніх галін. І праз ўвесь ствол ідзе вялікі раскол. У 2021 годзе дуб Дунін абраны Нацыянальным дрэвам году ў Польшчы, цяпер прэтэндуе на званне Еўрапейскага дрэва году – такая ўвага можа дапамагчы захаваць помнік прыроды ад развалу і працягнуць яму жыццё.
Галасаванне за Еўрапейскае дрэва 2022 году ідзе на сайце treeoftheyear.org. Сярод супернікаў Дуніна крыху маладзейшы гэткі ж дуб з Балгарыі пад мянушкай «Дрэва дзядулі Коліё», нашмат старэйшая «Ліпа, якая спявае» з Чэхіі, зусім (адносна іншых) малады і маленькі дзікі баярышнік з Шатландыі, вялізная сэквоя з Харватыі, гэткі ж пісьменніцкі расійскі Тургенеўскі дуб (ужо загінулы), славацкі бук «Парасон з Высокіх Татр», 3 000-гадовы (!) італьянскі каштан Ста каней, нідэрляндзкая «Я Тылія (Я ліпа)» і шчэ сем дрэваў з іншых краін.
За першыя некалькі дзён Дунін набраў 20 тысячаў галасоў і нашмат апярэдзіў іншых канкурсантаў, але галасаванне цягнецца да 28 лютага. Мінулагодні пераможца, тысячагадовы востралісты дуб Леціны з Іспаніі, набраў 104 264 галасы.
Увага – пры галасаванні трэба абраць два варыянты.