Школа экалагічнага актывіста (ШЭА), якую штогод праводзіць таварыства «Зялёная сетка», з'яўляецца ўнікальнай магчымасцю для актыўных людзей атрымаць веды ў вобласці экалогіі, навучыцца праектнаму менеджменту і знайсці сяброў, аднадумцаў для рэалізацыі тэматычных «зялёных» праектаў.
«Па сутнасці, у Беларусі не існуе падобных праграм па нефармальнай адукацыі ў вобласці экалогіі. Інавацыйныя метады выкладання, якія выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе ШЭА, дазваляюць атрымаць вопыт, які можна будзе прымяняць на працягу ўсяго жыцця», — распавядае дырэктар ШЭА Эдуард Гладышаў.
У гэтым годзе Школа пашырае сваю геаграфію і пройдзе не толькі ў Мінску: першы ўзровень будзе праводзіцца яшчэ ў Гомелі, Гродна і Брэсце, што дазволіць якасна і колькасна пашырыць састаў удзельнікаў другога ўзроўню. Але галоўнае — пры падачы заявак памятаць адну з галоўных умоў — на першы ўзровень падаюцца тыя, хто дакладна ўпэўненны ў сваёй магчымасці праходжання другога этапу.
Традыцыйна першы ўводны ўзровень носіць больш тэарэтычна-практычны характар, датычыцца глабальных выклікаў, якія зараз стаяць перад чалавецтвам, дазволіць кожнаму ўдзельніку індывідуальна падлічыць свой «экаслед» і пазнаёміцца з паспяховымі і дзеючымі праектамі выпускнікоў, а таксама з беларускімі «зялёнымі» кампаніямі. Другі прасунуты узроўнь, які праводзіцца ва ўмовах жывой прыроды, што дазваляе цалкам акунуцца ў атмасферу яднання і суіснавання з навакольным асяроддзем, прысвечаны замежным і беларускім практыкам «зялёнага» экалагічнага руху, распрацоўцы ўласных кампаній і праектаў.
Трэнінгі першага узроўню пройдуць: у Мінску – 9-10 і 23-24 мая (дэдлайн падачы заявак — да 5 мая), у Гродна і Брэсце — 18-19 красавіка (дэдлайн падачы заявак — да 15 красавіка), у Гомелі — 2-3 і 30-31 мая (дэдлайн падачы заявак — да 26 красавіка).
Дзеля ўдзелу ў Школе экалагічнага актывіста неабходна падаць заяўку да адпаведнага дэдлайну ў вашым абласным цэнтры.
Удзел у Школе цалкам бясплатны, усе выдаткі пакрываюцца арганізатарамі.
Больш падрабязную інфармацыю пра працэс навучання, умовы ўдзелу, трэніраў і папярэднія Школы можна даведацца на сайце.