08.06.2020 / 12:06

Трымацца на дыстанцыі і выязджаць на прыроду сапраўдныя трэнды гэтага сезону. Таму кожныя выходныя дзесяткі мінчан накіроўваюцца на Волму і вадасховішча Пятровічы. І вынікам іх пікнікоў часта застаецца не толькі добры настрой, але і гара смецця і абрубкі жывых дрэў. Кожны год мясцовыя жыхары збіраюцца разам і прыводзяць лес і бераг у парадак.

Сёлета яны вырашылі паспрабаваць іншы фармат.

Ініцыятыва #соколбезмусора працуе адразу ў некалькіх сацсетках. Жыхары анлайн дамаўляюцца, хто і што робіць. Адзін набывае пакеты, другі збірае смецце, трэці дапамагае вывозіць. Такім чынам на ціхае паляванне за бутэлькамі, пакетамі і аднаразовым посудам выходзяць невялікімі кампаніямі і сем’ямі. І кожны робіць тое, што можа, для свайго раёна. 

“З сярэдзіны вясны некаторыя жыхары нам у паблік пачалі прысылаць фота забруджаных месцаў адпачынку паблізу. Мы іх посцілі, каб прыцягнуць увагу і заклікаць так не рабіць, – расказваюць адміністратары SokoLife.

Гэта адбывалася праз мясцовыя тэлеграм-чаты SokoLife і SokoLifeFlood, у якіх людзі абмяркоўваюць праблему і самаарганізоўвацца. Каб не збірацца ў вялікія кампаніі, як гэта было раней, рэйды робяць невялікімі групамі або сем’ямі.

Дамовіліся прыбіраць смецце, рабіць фота да і пасля, адзначаць месца, дзе прыбралі, на мапе. Потым усё скідваць у чат і нам. Былі людзі без машыны, якія збіралі смецце ў пакеты, адзначалі пункт на мапе, і адзін актывіст на сваёй “Ніве” ездзіў па лясах, збіраў усё і вывозіў.

Некалькі тыдняў таму наш падпісчык Мікіта Майсак прапанаваў правесці конкурс на уборку з прызавымі 100 рублёў”.

Пераможцы конкурсу – каманда, якая прыбрала месца для пікніка: Дар’я Рымер, Дар’я Васілеўская, Аляксандра Шыраева, Юрый Кажура і Сяргей Марачкін. Дар’я Рымер з гэтай нагоды напісала:

“Першапачаткова ў нашай задумцы было проста ачысціць гару смецця, але мы на гэтым не спыніліся і граблямі ачысцілі саму паляну ад усялякага шкла і дробнага смецця, вылажылі з камянёў вогнішча пафарбавалі стол (пазней пафарбуем і лаўкі) і павесілі таблічкі з заклікам не смеціць”.

Большасць смецця ў раёне – ад гарадскіх турыстаў, якія прыязджаюць на выходных адпачыць у лесе ці на беразе ракі і вадасховішча. Але ж ёсць і мясцовыя шкоднікі: у лесе знаходзяць будаўнічае смецце, хутчэй за ўсё ад дачнікаў, бо побач знаходзяцца садовыя таварыствы. За руку ніхто не злоўлены, таму прыцягнуць міліцыю ці адміністрацыю ў дапамогу цяжка.

“У цэлым да ЖКГ ёсць прэтэнзіі па смеццевых пляцоўках у самім Сокале і па вывазу кантэйнераў, але гэта асобная гісторыя. Што тычыцца смецця ў лясах і акрузе, гэта аб’ектыўна не іх віна і клопат. Акрамя таго, тыя, хто займаўся прыборкай у папярэднія гады, пісалі, што ЖКГ па магчымасц, ішла на сустрэчу і дапамагала з вывазам сабранага смецця з лесу”, – кажуць актывісты.

На іх думку, пакуль поўнасцю вырашыць праблему немагчыма. У ідэале гэта можна было б зрабіць праз штрафы і фіксацыю кожнага выпадку, але зараз усё гэта арганізаваць не атрымаецца.

“Трэба паказваць уласным прыкладам, што можна не толькі не смеціць, але і прыбіраць за сабою і за іншымі, упарадкаваць тэрыторыі для пікнікоў. У канцы канцоў, распаўсюджваць інфармацыю пра зафіксаваныя выпадкі засмечвання: грамадскае ганьбаванне – моцная штука.

Зараз асноўныя месцы адпачынку і наваколле больш-менш прыбраныя, тым не менш людзі ўсё яшчэ прысылаюць нам свае міні-справаздачы. Мы не чакаем ніякай дапамогі ад іншых гараджан. Просім толькі прыбіраць пасля сваіх вечарынак і не рубіць жывыя дрэвы для вогнішча”.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость