08.07.2016 / 17:07

Не так даўно ў суполцы «Добры Леў» ў Facebook ВКонтакте з'явіўся даволі цікавы і незвычайны рэкламны фотапраект «Барадатыя ў падтрымку Вусатых». Назва кажа сама за сябе! Так, сапраўды, на фотаздымках вы ўбачыце барадатых хлапцоў з жывёламі, што маюць свае асаблівасці. Падрабязнасці Зялёны партал распытаў у аўтара ідэі Варвары Кулаевай.

Суполка падтрымкі асаблівых жывёл «Добры Леў» калісьці была створаная з адзінай мэтай і пад канкрэтнага сабаку-спінальніка — Льва, што патрапіў на ператрымку ў сям'ю Варвары.

Леў
Леў

Як прызнаецца дзяўчына, шчаня яны бралі на непрацяглы час, але пасля вырашылі пакінуць сабе. Як толькі Лёва стаў гаспадарскім і перайшоў на сямейнае забеспячэнне, суполку, якую заводзілі для збору дапамогі на аперацыю, лячэння і рэабілітацыю сабакі, было вырашана трансфармаваць для падтрымкі іншых апякуноў і гаспадароў жывёл з асаблівасцямі.

«Прыярытэтам для нас з'яўляецца не ўзрост жывёл, а тое, што іх выдзяляе сярод іншых, — інваліднасць ці хранічнае захворванне. Аднак мы стараемся падаваць усё ў пазітыўным ключы, бо слёзы ці жаль ім не патрэбныя!» — кажа яна.

Дзякуючы ж Лёве і нарадзілася ідэя рэкламнага фотапраекта. Па словах Варвары, неяк яна заўважыла, як выдатна выглядаюць на фотаздымках яе муж і сабака разам, абодва вельмі фотагенічныя.

«Ды й усе барадатныя людзі ў жыцці мне сустракаліся добрыя, спагадныя», — дадае дзяўчына.

Герояў у фотапраект дапамагло знайсці «сарафаннае» радыё. Усе яго ўдзельнікі на сёння — гэта знаёмыя сям'і Кулаевых ці сябры сяброў.

«Самыя звычайныя людзі самых розных прафесій: ад пісьменніка да каваля. Людзі, якія проста адгукнуліся на праект», — удакладняе Варвара.

Што ж тычыцца гадаванцаў з асаблівасцямі, то пра гісторыю і характар кожнага з іх можна даведацца ў апісанні пад фотаздымкам. Тут жа можна знайсці і кантакты апякуноў.

Праект не заканчваецца адной фотасесіяй. У планах яго стваральнікаў ужо ёсць ідэі для новай, якую таксама можна будзе пабачыць у суполцы «Добры Леў».

Автор:
Фотограф:
суполка «Добры Леў»
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость