08.07.2024 / 14:07

Нядаўняя смерць пасажыра сінгапурскіх авіяліній падчас турбулентнасці зноў узняла хвалю цікавасці да тэмы бяспекі пералётаў і правілаў паводзінаў на борце, які патрапіў у віхравыя плыні.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Хоць моцная турбулентнасць – з’ява пакуль досыць рэдкая, вучоныя папярэджваюць: у сувязі са зменай клімату такія небяспечныя сітуацыі ў будучыні павялічыцца ў разы.   

Першай лятальнай ахвярай турбулентнасці ў 2024 годзе стаў 73-гадовы брытанец, які ляцеў 21 траўня рэйсам Лондан – Сінгапур авіякампаніі Singapore Airlines. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай смерці стаў сардэчны прыступ.

Траўмы атрымалі яшчэ 50 пасажыраў гэтага рэйса. Борт трэсла так моцна, што людзей і багаж проста раскідала па салоне. Самалёт сутыкнуўся з «раптоўнай моцнай турбулентнасцю» ў паветранай прасторы М’янмы і вымушаны быў запытаць тэрміновую пасадку ў аэрапорце Бангкока.

У дачыненні да авіяцыі турбулентнасць уяўляе сабой рознага кшталту ваганні самалёта, якія ўзнікаюць у выніку віхравых патокаў ветра, зыходзячых і ўзыходзячых. Асноўныя прычыны – змяненне ціску, рэзкая змена хуткасці і напрамку паветраных плыняў, палёт над мясцовасцю з розным ландшафтам. Пры гэтым не абавязкова надвор’е павінна быць дрэнным. Турбулентнасць можа ўзнікнуць і пры ясным небе, калі самалёт трапіць у зону, дзе паветраныя плыні скіраваны ў розныя бакі.

На шчасце, смяротныя выпадкі і сур’ёзныя траўмы з-за моцнай турбулентнасці здараюцца вельмі рэдка. Па некаторых даных, колькасць рэйсаў, якія пацярпелі ад гэтай з’явы, складае адзін на 50 тысяч вылетаў. А вось з лёгкай ці сярэдняй турбулентнасцю сутыкаўся практычна кожны пасажыр.

Як не стаць ахвярай «траскі» ў паветры, што можна і чаго нельга рабіць пасажырам і якія інструкцыі ў экіпажа самалёта ў такіх сітуацыях, Зялёнаму парталу расказала бортправадніца Таццяна.

Як часта надвор’е ўмешваецца ва ўмовы палёту?

З майго досведу, не вельмі часта. Заўсёды перад палётам пілоты глядзяць прагноз надвор’я, ацэньваюць трасу, па якой трэба ляцець, і правяраюць, ці будзе на шляху навальніца, бура ці яшчэ якія-небудзь небяспечныя з’явы. Калі казаць пра турбулентнасць, то яна таксама бывае нячаста.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

А калі на шляху раптам з’яўляецца навальнічны фронт, ён прадказальны і ці лёгка абляцець небяспечную зону?

Так, пілоты гэта бачаць на радарах. Калі на нашым маршруце ёсць нейкая непагадзь, навальніца ці бура, пілоты яе аблятаюць: можна збоку абляцець, можна зверху, гэта залежыць ад рашэння экіпажа і ад тыпу самалёта.

Даследаванне, праведзенае Універсітэтам Рэдынга, паказала, што за апошнія 40 гадоў колькасць выпадкаў моцнай турбулентнасці павялічылася на 55 % з-за ўплыву змены клімату. У дакладзе, апублікаваным у чэрвені 2023 года, гаворыцца, што ў сярэдняй кропцы над Паўночнай Атлантыкай, якая з’яўляецца адной з самых ажыўленых паветраных трас у свеце, агульная гадавая працягласць моцнай турбулентнасці вырасла на 55 % у перыяд з 1979 па 2020 гады. Прагноз навукоўцаў – у бліжэйшыя дзесяцігоддзі выпадкі моцнай турбулентнасці «могуць падвоіцца ці нават патроіцца».

Ці турбулентнасць можна прадказаць?

Турбулентнасць таксама пілоты бачаць і папярэджваюць пра гэта экіпаж. Але часта здараецца, што пасля такіх папярэджанняў турбулентнасці можа і не быць. Падчас маіх палётаў была лёгкая ці сярэдняя турбулентнасць, і ніколі не было моцнай.

А чым гэтыя віды турбулентнасці адрозніваюцца? Пры якой прадметы лётаюць па салоне? І якія ў вас інструкцыі на кожны з такіх выпадкаў?

Калі прадметы лётаюць па салоне – гэта ўжо вельмі моцная турбулентнасць. А ўвогуле яна бывае трох відаў: лёгкая, сярэдняя і моцная. Я сутыкалася з лёгкай і сярэдняй.

Як толькі пачынаецца любая турбулентнасць, з кабіны пілотаў ідзе каманда усім заняць свае месцы і зашпіліць рамяні бяспекі.  Пасажыры не могуць карыстацца прыбіральнямі ў гэты час, бортправаднікі проста блакуюць гэтыя памяшканні.

Пасажыры, вядома, могуць не слухаць інструкцыі, паспрабаваць устаць ці працягваюць хадзіць па салоне, тады нам даводзіцца тлумачыць сітуацыю, угаворваць людзей заняць свае месцы і зашпіліць рамяні бяспекі. 

Падчас лёгкай турбулентнасці мы звычайна не спыняем сэрвіс, гэта значыць працягваем раздаваць ежу і напоі. А вось падчас сярэдняй ужо не абслугоўваем пасажыраў, бо мы таксама па інструкцыі павінны заняць свае месцы, зашпіліць рамяні і чакаць, калі з кабіны пілота паступіць сігнал, што зона турбулентнасці скончылася.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Дзе часцей за ўсё трасе? Ёсць у вашай практыцы нейкія самыя «трасучыя» маршруты?

Дакладна ведаю, калі пралятаем над гарамі, можа быць турбулентнасць. Можа быць, калі паблізу праходзіць навальнічны фронт, калі мы прызямляемся ці ўзлятаем і праходзім праз так званую «сцяну аблокаў».

Мабыць, у кожнага пасажыра хоць аднойчы было пачуццё, што самалёт злёгку трасе. Самае бяспечнае ў такой сітуацыі – гэта заставацца на сваім месцы і абавязкова зашпіліць рамяні бяспекі. Лепш наогул не адшпільваць рамень на працягу ўсяго палёту.

Распрацоўшчыкі сэрвісу Turbli, які займаецца прагназаваннем турбулентнасці, прааналізавалі каля 150 тысяч авіямаршрутаў па ўсім свеце і склалі топ-10 самых неспакойных з іх у 2023 годзе.

Узначаліў рэйтынг авіяпералёт паміж сталіцай Чылі, Санц’яга, і горадам Санта-Круз у Балівіі. На другім месцы па колькасці такіх з’яў – маршрут паміж Алматы ў Казахстане і сталіцай Кіргізіі Бішкекам. Трэцім па турбулентнасці стаў пералёт паміж гарадамі Ланьчжоў і Чэнду ў Кітаі.

Калі казаць пра ўнутрыеўрапейскія пералёты, то рэйтынг самых турбулентных узначальваюць маршруты Мілан – Жэнева, Мілан – Цюрых і Жэнева – Цюрых.

Якая верагоднасць атрымаць траўму падчас турбулентнасці?

Калі пасажыр прышпілены і турбулетнасць не моцная, то атрымаць траўму дастаткова складана. Звычайна ніхто не трымае ў руках небяспечных прадметаў, таму што з імі проста не прапусцяць на борт.

Безумоўна, можна падчас турбулентнасці абліцца гарачай гарбатай ці кавай. Але калі моцна трасе, сэрвіс звычайна адмяняецца.

Самі бортправаднікі, калі адчуваюць, што пачынаецца зона турбулентнасці, наліваюць звычайна палову шклянкі гарбаты ці кавы і папярэджваюць, што можна апекчыся.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Ці часта бывае паніка ў пасажыраў падчас турбулентнасці, такая, каб трэба было іх спецыяльна супакойваць?

Я з такім не сутыкалася. Але па маіх назіраннях, калі паступае сігнал аб турбулентнасці, у салоне, дзе раней пасажыры мітусіліся і перамаўляліся, наступае незвычайная цішыня. Такое адчуванне, нібыта ўсе моляцца.

Акрамя таго, пазбегнуць непрыемных наступстваў турбулентнасці дапамогуць правільна выбраныя месцы ў самалёце.

Лепш садзіцца ў сярэдзіне салона, бяспечней усяго месца побач з ілюмінатарам, паколькі падчас турбулентнасці меншая верагоднасць, што на пасажыра зваліцца багаж з верхняй паліцы, а таксама лепш трымацца далей ад камбуза, бо там хапае прадметаў, якія могуць у выпадку моцнай турбулентнасці прыляцець прама ў чалавека.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость