08.08.2018 / 13:08

Шостага жніўня вынесены на грамадскае абмеркаванне праект тэхнічнага кодэкса ўсталяванай практыкі «Горадабудаўніцтва. Правілы забудовы і планавання г. Мінску».

Калі вам надакучыў савецкі падыход да праектавання сталіцы і вы лічыце, што горад мог бы выглядаць інакш – гэтая навіна для вас. У Мінску збіраюцца ўдакладніць горадабудаўнічыя патрабаванні, якія датычацца планавання і забудовы Мінска – двухмільённай сталіцы рэспублікі і цэнтру агламерацыі. Так яго апісваюць праектавальнікі.

Абмеркаванне новага ТКП (тэхнічнага кодэксу ўсталяванай практыкі – рус.) пачалося 6 жніўня і працягнецца да 12 кастрычніка, а значыць, на працягу двух месяцаў можна даслаць свае заўвагі і прапановы, якія могуць быць улічаныя ў новым ТКП. Зацвердзіць яго плануюць у 2019 годзе, замяніўшы дакумент 2008 году (ТКП «Горадабудаўніцтва. Населеныя пункты. Нормы планіроўкі і забудовы»).

Дакумент з'явіцца ў рамках прац па Генплане 2016 года. Распрацоўшчыкам з'яўляецца праектны інстытут "Мінскграда", адказным органам – Мінгарвыканкам. Праект можна спампаваць на сайце stb.by, там жа ёсць тлумачальная запіска і падрабязная абвестка пра абмеркаванне.

Між тым, энтузіязм вакол абвесткі прыцішаюць журналісты з агенцыі «Мінск-навіны»: спасылаючыся на размову з распрацоўшчыкам, яны пішуць, што пытаць гараджан ніхто не плануе. Але калі будуць заўвагі, то ўсё ж падумаюць.

"Распрацоўшчыкі звяртаюць увагу, што не варта блытаць азнаямленне з грамадскім абмеркаваннем. Дадзены праект выстаўляецца для інфармавання грамадзян. Праўда, усе пажаданні, калі такія пасТКПяць ад мінчукоў, будуць вывучаныя”, – піша сайт.

 

Высокія нормы па паркоўках не давалі ўшчыльняць

Пра актуальнасць дакумента разважае Дзяніс Кобрусеў, кардынатар грамадскай кампаніі «Горад – для гараджан»:

"Зараз горадабудаўніцтва ідзе па ТКП, агульным для ўсіх гарадоў рэспублікі, і гэты ТКП не ўлічвае асаблівасці кожнага канкрэтнага горада. Новы дакумент будзе рэгламентаваць толькі забудову сталіцы. Яго ідэя – адыйсці ад закасцянелых нормаў, што засталіся з савецкіх часоў, і зрабіць горадабудаўніцтва больш гнуткім. І гэта добрая ідэя, пытанне толькі ў тым, наколькі яна ўвасобілася ў ТКП.

Першая ацэнка – новы ТКП не толькі ўдакладняе пэўныя дэталі, але таксама змяншае норму парковачных месцаў пры будаўніцтве. Гэта можа быць негатыўнай зменай: раней здаралася, што менавіта невыкананне гэтай нормы не давала займацца ўшчыльненнем.

Трэба займацца аналізам і знайсці такія змены, выступаць супраць кепскіх і падтрымліваць пазітыўныя. Калі новы ТКП толькі зменшыць параметры па паркоўцы ці азеляненню, то мы зможам сказаць: ён ствараецца дзеля таго, каб гарадскія ўлады маглі працягваць сваю палітыку ўшчыльнення. Але каб аб гэтым казаць, патрэбны дэталёвы аналіз.

 

Мала ўвагі звяртаюць на асяроддзе для людзей

У чым жа галоўныя тэндэнцыі горадабудавання ў Мінску, акрамя ушчыльнення і занадта малой ўвагі да зялёных насаджэнняў?

"З таго, што мы бачым – гэта асноўныя праблемы. Нормы па зялёных насаджэннях дэкляруюцца, і яны не горшыя за берлінскія: там рэкамендацыйная норма складае 7-8 м2 на чалавека. У нас – 8-9 м2 на чалавека, але ў рэальнасці яна не выконваецца, - кажа Дзяніс Кобрусеў.-  Але ёсці і другі момант: у нас мала ўвагі звяртаюць на асяроддзе, у якім людзі будуць жыць. Гэта не рэгламентуецца ТКП, і адзінкавыя забудоўшчыкі намагаюцца ствараць двары без машын (як, напрыклад, А-100). Іншыя так не робяць, бо жыллё ў іх набудуць і так. Было б лагічна мець нормы па камфортным асяроддзі, каб яны зрабіліся правілам для ўсіх гульцоў".

Адна з новых вуліц у Львове, адасобленыя зоны для пешаходаў, раварыстаў і аўтамабілістаў. Фота – Павал Нішчанка
Адна з новых вуліц у Львове, адасобленыя зоны для пешаходаў, раварыстаў і аўтамабілістаў. Фота – Павал Нішчанка

 

Праблема – панэльнае домабудаўніцтва, таннае і хуткае

Але якім бы не зрабіўся новы ТКП, гэта не зменіць набор ведаў, якім валодаюць праектыроўшчык?

"Безумоўна, але горадабудаўніцтва – комплексная праграма, ад навучання ў ВНУ да практыкі, і нельга яе змяніць адным законам.

Я ведаю людзей з маладога пакалення ў праектных інстытутах, якія хочуць зрабіць лепш, але не могуць спраектаваць, бо тэхнічныя кодэксы не дазваляюць адыходзіць ад звычайнай практыкі.

Іншая праблема – панэльнае домабудаўніцтва, таннае і хуткае; захоўванне мікрараённага маштабу забудовы (Каменная горка і нават Лошыца). Віцэ-прэм’ер Калінін з года ў год кажа, што трэба пераходзіць да квартальнай забудовы, але пакуль гэта толькі ўзровень размоваў".

 

Роварная інфраструктура метадам тыку

Новы кодэкс можа зрабіцца першым дакументам, які рэгулюе будаванне велаінфраструктуры – лічыць чалец праўлення Мінсага роварнага таварыства Яўген Харужы:

“Гэты ТКП ствараецца, бо Мінск не падобны да іншых гарадоў: гэта буйная агламерацыя, дзе значную ролю грае інтэграваная транспартная сістэма вялікага маштабу, з вузламі перасадкі і прыгарадным транспартам.

З кропкі гледжання велаінфраструктуры ў існуючых дакументах пра роварную інфраструктуру амаль нічога няма. У бягучых будаўнічых ТКП толькі згадваецца, што сетку роварных маршрутаў трэба стварыць. І ўсё.

Гэта будзе першы ТКП, дзе будуць падрабязна разглядацца прынцыпы яе планавання, але ў дакуменце не мусіць быць нічога, што адрознівала б Мінск ад іншых гарадоў".

Фота – Дзяніс Зелянко
Фота – Дзяніс Зелянко

Што азначае “нічога няма”? Бо інфраструктура з’яўляецца.

"Тым не менш, у ТКП “Вуліцы населеных пунктаў”, дзе апісаныя патрабаванні да веласцежак, каля 5 пунктаў агульнага характару: шырыня, дзе сцежкі усяць быць размешчаныя, якія патрэбныя радыюсы паваротаў і гэдак далей… Гэта тэхнічныя патрабаванні, і няма больш высокаўзроўневых. Калі іх можна рабіць? Калі веласцежка, а калі – велапаласа?"

"Сёння веласцежкі ў горадзе робяцца метадам тыку. Кожны праектавальнік робіць так, як прынята ў яго асяродку. Напрыклад, у ПДП пачалі закладаць веласцежкі, але яны перарываюцца на скрыжаваннях. Чаму? Толькі таму, што так склалася".

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

 

Веламаршруты, а не асобныя сцежкі

"Мы прапануем увесці панятак “веламаршрут”, які б складаўся з розных формаў арганізацыі веларуху. Бо зараз у ТКП ідзе гаворка толькі пра веласцежку ці пра сетку веласцежак. Але велатранспарт можа выкарыстоўваць сетку маршрутаў, якая складаецца з веласцежак і велапалос, ды й проста тратуараў ці незагружаных дарог – пра гэта гаворка не ідзе.

І таму ў нас з’яўляюцца кавалкі сцежак, ніяк не злучаныя між сабой, альбо веласцежкі там, дзе яны непатрэбныя: па вуліцы, дзе і так амаль няма руху”.

Капенгаген, Данія. Фота – Яўген Харужы
Капенгаген, Данія. Фота – Яўген Харужы
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость