Здымаючы для Зялёнага парталу адкрыццё калектыўнай выставы “Прысутнасць”, я трапіла на мастацкую акцыю Аляксея Кузьміча супраць цэнзуры ў мастацтве.
Нагадаю, творца, адзін з пяці ўдзельнікаў прэзентаванага праекта, з’явіўся аголеным у фае Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (НЦСМ). Толькі яго самыя інтымныя месцы былі прыкрытыя таблічкай з надпісам «Міністэрства культуры. Рэспубліка Беларусь». Таблічка трымалася… на чэлесе, эрэгаваным ад “Віягры”.
Шчыра кажучы, у першы момант я падумала, што такі піяр піярыць не варта. Але ўсё ж напісала пра акцыю. Пасля публікацый фота і відэа ў Фэйсбуку Аляксея напісалі і амаль усе буйныя беларускія СМІ. Але ці паспрыяў гэты медыя-вэрхал прыцягненню ўвагі менавіта да цэнзуры?
Калі б мастак пратэставаў супраць змены клімату, прыгнёту жанчын, заняпаду беларускай мовы – эфект быў бы той жа, ці не? Можа, зялёным Беларусі і ўсяго свету варта ўзяць “голы піяр” на ўзбраенне? Ці ўсё ж стратэгія Грэты Тунэберг, якая, бадай, на супрацьлеглым, асэксуальным, полюсе, і апелюе не да ваў-эфекту, а да рацыянага складніку – больш прыдатная?
З аднаго боку, піяр на аголеным целе — рэч даволі банальная. Узгадваюцца «голагрудыя» акцыі ўкраінскай суполкі FEMEN, ад якой адхрышчваюцца феміністкі, маўляў, не трэба нам такога змагання за нашы правы. Сэксісцкая рэклама, дзе паўаголеныя прыгажуні могуць прадаваць што заўгодна, ад машын да прасаў.
У экалагічнай галіне – ініцыятывы абаронцаў жывёлаў, якія здымаюць порна, збіраючы такім чынам грошы на дабрачыннасць. "Аголены фотасэт" Дар'і Сакаловай дзеля ўратавання Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. З іншага боку, калі аголенае цела — мужчынскае, можна падумаць і пра гендэрную роўнасць, і пра тое, якія ўвогуле шляхі выказванняў мы абіраем, каб быць пачутымі.
Аляксей Кузьміч vs Грэта Тунэберг. Піяр “голы” і “апрануты”. Што мы маем? У выпадку Грэты – пераход на абмеркаванне асобы паралельна з абмеркаваннем праблемы. Маўляў, дзяўчына і аўтычная, і неадукаваная, і выглядае дзіўна… Але ўсё ж і пытанне змены клімату гучыць, ды яшчэ як! І мне здаецца, што гучала б у любым выпадку, нават калі б на месцы Грэты быў цалкам здаровы падлетак з выдатнымі адзнакамі.
У выпадку Аляксея складаней “падкапацца”. Прыгожы малады чалавек, на неадэквата не цягне. Ну, заявіў дырэктар НЦСМ, што мастак бяздарны – дык гэта, як кажуць, на колер і смак. Сам факт цэнзуры выставы Кузьміча “Прастора 540” ў межах супольнага праекта “Прысутнасць” абмяркоўваецца, але, на маю думку, не асноўнай павесткай. Найбольш увагі прыцягнула сама акцыя, а не тое, дзеля чаго яна ладзілася. Таму я за “апрануты” піяр!