09.03.2015 / 15:03

Праблема машына-месцаў становіцца ўсё больш актуальнай і канфліктнай, бо для многіх двароў стала звыклай карцінай - паркоўка машын на зялёных зонах.

Большасць жыхароў абурана такімі абставінамі, мала каму прыемна бачыць аўто ў сябе пад вокнамі замест маладой травы.

У сваю чаргу тыя, хто паркуецца на газонах, разводзяць рукамі і апраўдваюць такія дзеянні адсутнасцю дастатковай колькасці парковачных месцаў у дварах. Аднак, мала хто ведае, што гэта з'яўляецца парушэннем п. 143.15 ПДР "Прыпынак і стаянка на газонах і іншых збудаваннях з зялёнымі насаджэннямі забараняецца". За незаконныя дзеянні парушальнікі могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе  штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь і пакрыць нанесеную шкоду (арт. 15.22 КоАП "Незаконнае знішчэнне ці пашкоджанне дрэваў, кустарнікаў, кветнікаў, газонаў, размешчаных на землях населеных пунктаў").

Мы папрасілі аўтамабілістаў пракаментаваць і расказаць пра сваё бачанне праблемы з паркоўкамі і зялёнымі зонамі ў дварах:

Поля:

"Парковачных месцаў адэкватна арганізаваных сапраўды не хапае. Большасць аўтамабілістаў паркуюцца, не думаючы пра іншых, кідаюць свае машыны "абы як", крыва. Дзе б маглі стаць, напрыклад, 6 машын - улазяць толькі 3 праз такіх вось гора паркоўшчыкаў.

І на самой та справе можна паставіць машыну падалей і прайсці 2-3 хвіліны, ніхто ад гэтага яшчэ не паміраў.

Такім жа чынам я дрэнна адношуся да арганізаваных, нібы па правілах, самімі людзьмі парковак на зялёных зонах. Як бы і "кідаюць" гэту сетку спецыяльную, але газон псуецца і выглядае жудка".

Павел:

"Не паркаваўся ніколі на зялёных зонах, нават калі жыў у горадзе. У вёсцы прасцей, на ўласным панадворку месца заўжды ёсць.

Лічу гэта пытаннем нізкай культуры. Няпраўда, што "інакш няма дзе". І праўда, што для некаторых гэта дэманстрацыя магчымасцей іх джыпа/паркетніка. Што вяртае да пытання культуры".

Аляксей:

"Не паркуюся на зялёных зонах ці тратуарах, акрамя самых безнадзейных выпадкаў".

Макс:

"Не паркую, бо стаўлюся да гэтага не вельмі добра. Хоць і шкадую аб загубленай ініцыятыве гарвыканкама адносна зялёных парковак - было б цікава. Да таго ж у новых дварах, як і ў нашым, у прыватнасці, на зялёнцы і не запаркуешся - бардзюры адмыслова досыць высокія. У прынцыпе можна, але толькі ўседарожнікам. А мы калі і парушаем, то на тратуары залазім. А так апошнім часам я позна прыяжджаю і вымушаны паркавацца ўвогуле за 2 дамы на самой вуліцы -месцаў зусім вечарам няма".

Грамадская ініцыятыва "Зялёны Дазор" (таварыства "Зялёная сетка") працуе з праблемай парковак аўтамабіляў на зялёных зонах. Спецыяльна з гэтай нагоды спецыялістамі і юрыстамі быў распрацаваны флаер, які інфармуе аўтамабіліста пра парушэнне, тым самым дае шанс самастойна справіць сітуацыю без звароту ў ДАІ.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость