«Я лічу, што мы не памыліліся ў выбары такога фармату, дзецям было цікава. Таму думаю, што у далейшым мы працягнем рабіць экалагічныя квэсты для нашых маленькіх наведвальнікаў. У працэсе гульні ў іх з'яўляецца азарт, і яны не толькі пачынаюць лепш засвойваць інфармацыю, але і дзеляцца ведамі адзін з адным», — зазначыла Надзея Куляшова, адна з арганізатарак «Зялёнага weekend'у» ад «Дзіцячых ЭкаМайстэрняў».
Што ж датычыцца самой праграмы, то да яе фарміравання вырашылі падыйсці больш пільна і з асаблівай ўвагай да дзяцей. Таму акрамя вучэбных блокаў па сартыроўцы смецця, ашчаднаму стаўленню да рэсурсаў і этычным адносінам да жывёл, былі і такія, што з першага погляду гучаць зусім па-даросламу, напрыклад «Жывая бібліятэка прафесій» ці «Экскурсія з кампаніяй ''Гарадскі Ляснічы''». На практыцы ж маленькія ўдзельнікі ва ўсіх забаўляльных «выпрабаваннях» змаглі праявіць кемлівасць і сваю дасціпнасць.
«Мяне прыемна здзівіла цямлівасць дзетак, інтарэс да майстар-класаў і сяброўская энергетыка, што сыходзіць ад іх. Няхай штосьці і было складаным ці не зусім зразумелым, але кожны намагаўся праявіць сябе. На жаль, у маім блоку не атрымалася, напрыклад, зрабіць дыскусію, паразважаць... Але дзеці праявілі фантазію і, я спадзяюся, пачнуць па-іншаму ставіцца да жывых істот», — падкрэсліла Ксенія Малюкова, вядучая майстар-класу па этычным адносінам да жывёл.