Зімой бракавала снегу, вясной — вады
«Сітуацыя з ляснымі пажарамі ў гэтым годзе вельмі складаная, але не крытычная», — так апісаў апошнія падзеі ў лясным сектары краіны Аляксандр Кулік, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі. Тым не менш мабілізаваныя ўсе сілы і сродкі дзяржаўных лесагаспадарчых установаў, дапамагае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
На 7 ліпеня 2015 года ў Беларусі зарэгістравана 714 лясных пажараў прыкладна на 2200 гектарах, што нашмат больш, чым у мінулым годзе.
Варта заўважыць, што 2015 год хоць і незвычайны, але не адзіны такі пажаранебяспечны за 56 год назірання: падобны сезон быў у 2006 годзе (2200 гектараў), а самы складаны — у 2002-м (20 000 гектараў).
У гэтым годзе буйныя пажары былі на Палессі: у Лельчыцкім, Палескім, Хойніцкім, Мілошавіцкім, Ельскім лясгасах.
Наведваць лес пакуль не забаронена толькі ў Свіслацкім, Мастоўскім, Мядзельскім і Валожынскім раёнах, дзе больш вільготна.
Такая сітуацыя ўзнікла праз незвычайнае надвор’е зімой, калі не было снежнага покрыва, і вясной, калі замест павадкаў сакавік прынёс першыя пажары.
Ліпень таксама будзе сушэй за норму — такі прагноз дае кіраўніца Гідрамета Марыя Гермянчук.
Паленне — самая распаўсюджаная прычына пажараў
Каб пажараў было як мага менш, на Палессі абнавілі старыя і стварылі шэраг новых мінералізаваных палос і супрацьпажарных разрываў, у краіне вядуць маніторынг і працуюць з інфармаваннем мясцовых жыхароў.
Паводле намесніка міністра, самая распаўсюджаная прычына пажараў — паленне ў лесе. Але бываюць і іншыя: тыдзень таму кампанія ягаднікаў у Жыткавіцкім раёне пакінула ў лесе свой трактар, які загарэўся. У выніку прагарэла 100 гектараў лесу. Узгаранне лакалізавалі, але дагэтуль не патушылі, бо гэта цяжка зрабіць у балоцістых мясцінах.
У будучым годзе міністэрства плануе набыць дадатковыя гусенічныя балотаходы, якіх зараз літаральна некалькі. Яны трэба, каб тушыць месцы, куды зараз можа патрапіць толькі чалавек сваім ходам.
Асабліва міністэрства сочыць за тэрыторыямі пры мяжы з Украінай: адтуль часам прыходзяць пажары, як нядаўнія ў Лельчыцкім і Мілошавіцкім раёнах. Узровень працы з праблемай, па словах Аляксандра Куліка, на Украіне нізкі: напрыклад, могуць гарэць лясы, што належаць сяльгаспрадпрыемствам, хаця тыя ўжо не існуюць.
Чарніцы ёсць, але трэба пачакаць. Ці будуць грыбы і журавіны — пад пытаннем
На будучыню намеснік міністра глядзіць аптымістычна: магчыма, забарону здымуць.
«Забарона наведваць лясы выклікае абурэнне мясцовага насельніцтва, бо надыходзіць сезон збору ягад і грыбоў. Але тыдзень можна пацярпець: бліжэйшым часам прагназуюцца дажджы», — кажа ён.
Але глеба пакуль па-ранейшаму сухая. Таму чарніцы і суніцы з’явіліся, а вось грыбоў няма. Магчымыя праблемы з журавінамі, бо ўзровень грунтовых водаў нізкі.
Міністэрства нагадвае: нельга збіраць ягады так званымі камбайнамі, бо яны шкодзяць кустоўю; нельга разграбаць лясную падсцілку і вытоптваць расліннасць. За гэта можна атрымаць штраф.