Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ) выказалася наконт пытання па правозу ровара ў чыгуначным транспарце агульнага карыстання. Паводле міністэрства, падчас сезону колькасць зваротаў грамадзянаў з гэтым пытаннем істотна павялічваецца.
Пры гэтым у міністэрстве адзначаюць, што згодна з пунктамі правілаў перавозак пасажыраў і багажу, кожны пасажыр мае права бясплатна правозіць з сабою на адзін білет ручную паклажу вагой не больш за 36 кілаграмаў, памер якой па суме трох вымярэннях не перавышае 200 сантыметраў.
А вось ручной паклажай з’яўляюцца практычна любыя рэчы пасажыраў, у тым ліку і ровар. Такім чынам, у выпадку, калі вага ровара не перавышае 36 кілаграмаў, а яго памер па суме трох вымярэнняў не перавышае 200 сантыметраў, пасажыр мае права правозу яго з сабою, канечне, пры ўмове набыцця праязнога дакументу, ці білету.
Калі памеры перакрочваюцца, то адпаведна, пасажыру трэба набыць яшчэ адзін білет.
Зялёны партал звяртае ўвагу: гэтая заява нічога не змяняе на практыцы. Большасць дарослых ровараў па суме трох вымярэнняў большая за 200 сантыметраў і ўпішуцца, калі зняць пярэдняе кола, знізіць сядло ды руль. Альтэрнатыва - набыць другі білет на праезд, які каштуе ад некалькі дзясяткаў капеек на рэгіянальныя лініі да некалькіх дзясяткаў рублёў на міжнародныя. Але ў рэальнасці замеры параметраў ровара робяць вельмі рэдка.