09.08.2023 / 10:08

Час ілюзій, што можна заставацца па-за палітыкай, даўно мінуў.

Фото - pixabay.com
Фото - pixabay.com

Роўна тры гады таму адбыліся тыя самыя прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх я пішу гэты тэкст ў замежжы, рэдакцыя працуе з ім у замежжы, і вы з вялікай верагоднасцю таксама чытаеце яго з замежжа.

А магчыма, вы ў Беларусі, шыфруецеся і вельмі злуецеся на папярэдні сказ. Яшчэ пэўная колькасць чалавек, які маглі б чытаць гэты тэкст, не маюць доступу да інтэрнэту, бо сядзяць у турме.

За гэтыя тры гады змянілася літаральна ўсё, і цяпер не заўжды лёгка ўзгадаць, якімі бедамі і праблемамі мы жылі да 2020. Але экаактывісткі і экаактывісты памятаюць, бо для іх той год быў не годам абуджэння, а годам надзеі, што іншыя людзі, абудзіўшыся, убачаць праблему не толькі ў скрадзеных выбарах і гвалце.

Я не магу адказаць за кожную і кожнага, і ва ўсіх, відавочна, былі свае асабістыя чаканні і надзеі ўлетку 2020 года. Толькі наўрад ці хтосьці чакаў, што экалагічныя тэмы ў масавай свядомасці будуць раскрытыя толькі праз жарты пра беларусаў, якія нават на рэвалюцыі збіраюць і сартуюць смецце.

Са смеццем і праўда было цікава, але давайце ўжо шчыра: гэта было дробяззю, якой надалі зашмат увагі, праігнараваўшы пры гэтым сапраўды вялізны экалагічны аспект у масавых пратэстах.

Апошнія некалькі гадоў перад выбарамі людзі ў розных беларускіх мясцінах каапераваліся вакол экалагічных праблем, што ў выніку дало ім і адчуванне «мы разам», і навыкі сумесных дзеянняў, і наладжаныя гарызантальныя сувязі.

Ці быў бы пратэст у Берасці такім моцным, калі б да гэтага людзі не «кармілі галубоў» па нядзелях на галоўнай плошчы горада, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ?

А якую ролю ў кансалідацыі мясцовых жыхароў адыграла шматгадовая барацьбы супраць няправільныга выкарыстання ілавых прудоў пад Менскам? А як раззлавала людзей у самім Менску гісторыя з непрыдатнай для карыстання вадой у кранах літаральна за некалькі тыдняў да выбараў?

Натуральна, ва ўсіх гэтых сітуацыях і ва ўсіх гэтых рухах былі, сярод іншых, людзі, якія сцвярджалі, што яны па-за палітыкай, і што палітыка – гэта брудная справа. Былі і тыя, хто верыў, што Лукашэнка асабіста ва ўсім разбярэцца і ўсё выправіць, калі даведаецца праўду.

Гэтыя людзі памыляліся. Але побач з імі заўжды былі тыя, хто ведалі – нічога ў грамадстве не можа быць па-за палітыкай.

Экалогія – гэта палітыка. Чыстае паветра – гэта палітыка. Вада, якая не прыводзіць да хімічных апёкаў, – гэта таксама палітыка.

Як бы нас ні запэўнівалі людзі, якія найасноўнейшай лічуць тэорыю малых справаў, вырашэнне экалагічных праблем ляжыць не ў плоскасці «я буду сартаваць смецце дома» ці «я перайду з пластыкавых пакетаў на шматразовыя торбы». Усё гэта таксама важна, асабліва для таго, каб мы адчулі, што можам быць актыўнымі суб’ектамі і штосьці рабіць.

Але сапраўднае вырашэнне вялікіх праблем ляжыць у палітычнай плоскасці. Якія законы прымае дзяржава ў сферы энергетыкі? Як яна рэгулюе вытворчасць розных тавараў і ўпакоўкі для іх? Як развіваецца сістэма грамадскага транспарту? Ці арганізоўваюцца грамадскія слуханні, і ці яны рэальна працуюць?

Экарух у 2020 годзе быў дужа актыўным, але, на мой погляд, застаўся вельмі недаацэнёным. За жартачкамі пра смецце быццам бы схавалі антыядзерную павестку, з якой таксама людзі выходзілі на маршы.

За гэтымі жартачкамі ўвогуле неяк згубіўся той факт, што без экалагічных ініцыятыў мабілізацыя грамадства была б куды горшай. І не, не таму што ў гэтых ініцыятывах былі міфічныя лялькаводы, а проста таму, што любая грамадская дзейнасць пазбаўляе чалавека вывучанай бездапаможнасці. А вось яе ў нас было дужа шмат!

Зрэшты, яно і ясна: калі краінай больш за 25 гадоў кіруе адзін і той жа чалавек, які вельмі любіць самастойна вырашаць пытанні ў самых розных сферах, у грамадзянак і грамадзян паступова губляецца адчуванне, што яны могуць хоць на штосьці паўплываць. Але экалагічны рух год за годам – ад самага першага Чарнобыльскага шляху – адмаўляўся паддавацца гэтаму адчуванню. А яшчэ ён ніколі не пагаджаўся рабіць выгляд, нібыта нешта ўвогуле можа быць па-за палітыкай.

І гэта той урок, які шмат каму давялося вынесці ўжо пасля 2020 года, і часам – з вялізнымі стратамі. Нельга змагацца за змены і пры гэтым рабіць выгляд, што глабальна сістэма можа заставацца старой, і супраць яе яны нічога не маюць.

Сістэма такія гульні не прабачае, і ў выніку пад рэпрэсіўную машыну трапілі ўсе – і тыя, хто адкрыта казаў пра палітычны складнік сваёй дзейнасці, і тыя, хто паўтаралі мантру пра бруднасць палітыкі.

Я веру, што першым цяпер прасцей. Бо калі ты ведаеш, што ў мінулым рабіла правільны выбар і была ў сваёй дзейнасці шчырай, змірыцца з новай рэальнасцю прасцей. У такой сітуацыі куды прасцей не абвінавачваць сябе ў тым, што зроблена было недастаткова.

Але і тым, хто да апошняга стараўся дыстанцавацца ад палітыкі, я хачу пажадаць быць добрымі да сябе. Вы жадалі як лепей, але атрымалася так, як атрымліваецца ў дыктатуры.

Цяпер усім нам трэба быць максімальна добрымі да саміх сябе. Бо наперадзе яшчэ вельмі шмат працы і безліч палітыкі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость