Сажайте деревья, а не журналистов

З кнігі Нобелеўскай лаўрэаткі: «Вось праз 20-30 гадоў пачнём звязваць хваробы з іанізуючай радыяцыяй»

Упершыню ў гісторыі беларуска стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Яе імя — Святлана Алексіевіч. Узнагароду яна атрымала «за многагалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Апроч іншых пісьменніца напісала кнігу «Чарнобыльская малітва». Гісторыям, апісаным у ёй, ужо больш за 25 год, але нішто з узгаданага ў дакументальнай прозе дагэтуль не змянілася. Зялёны партал друкуе некаторыя вытрымкі з кнігі Святланы Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

09.10.2015 Грамадства Аўтар: Ганна Валынец Фота: БЕЛТА

«У нас — інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне»

«Мая дзяўчынка... Яна не такая, як усе... От яна падрасце, і яна спытаецца ў мяне: «Чаму я не такая?»

Як яна нарадзілася... Гэта было не дзіцятка, а жывы мяшэчак, зашыты з усіх бакоў, ніводнай шчылінкі, толькі вочкі расплюснуты. У медыцынскай картачцы запісана: «дзяўчынка, народжаная з множнай комплекснай паталогіяй…»

Чатыры гады ваявала... З урачамі, з чыноўнікамі... Стукалася ў высокія кабінеты...Толькі праз чатыры гады мне выдалі медыцынскую даведку, якая пацвярджае сувязь іянізуючай радыяцыі (малых дозаў) з яе страшэннай паталогіяй.

Мне адмаўлялі чатыры гады, мне ўсё казалі: «Ваша дзяўчынка — інвалід дзяцінства». Які ж яна інвалід дзяцінства? Яна — інвалід Чарнобыля. Я вывучыла сваё радаводнае дрэва: не здаралася ў нашым родзе такога, да васьмідзесяці-дзевяноста гадоў усе жылі, мой дзядуля — да дзевяноста трох.

Урачы апраўдваліся: «У нас — інструкцыя. Такія выпадкі мы пакуль што павінны ацэньваць, як агульнае захворванне. Вось праз дваццаць-трыццаць гадоў, калі назапасіцца банк чарнобыльскіх дадзеных, пачнём звязваць хваробы з іянізуючай радыяцыяй. А пакуль што медыцыне і навуцы пра гэта мала што вядома».

«Чаму хаваюць, які радыёфон?» — «Правакацыі ўчыняеш!»

«Я толькі што вярнуўся з Афганістана. Жыць хацеў. Ажаніцца. Адразу хацеў ажаніцца. А тут — позва з чырвонай палоскай. «Спецзборы» — на працягу гадзіны было па ўказным адрасе. Маці адразу ў слёзы. Яна парашыла, што мяне зноў забіраюць на вайну.

Куды вязуць? Навошта? Невядомасць суцэльная. У Слуцку пераапранулі, абмундзіравалі, і тут адкрылася, што едзем у райцэнтр Хойнікі. Прыехалі ў Хойнікі, там людзі яшчэ нічога не ведалі. Павезлі далей, у вёску, і там гуляюць вяселле: маладыя цалуюцца, музыка, п'юць самагонку. Вяселле як вяселле. А нам загад: зразаць грунт на штык.

Дзевятага мая — на Дзень Перамогі прыехаў генерал. Пастроілі нас, павіншавалі са святам. Адзін са строю асмеліўся і запытаўся: «Чаму хаваюць, які радыёфон? Якія атрымліваем дозы?» Адзін такі знайшоўся. Дык яго, як генерал паехаў, выклікаў камандзір часці і даў наганяй: «Правакацыі ўчыняеш! Панікёр!!» Праз пару дзён нейкія супрацьгазы выдалі, але ніхто імі не карыстаўся».

«Ніякага Чарнобыля няма, прыдумалі. Але як падумаю — у кожнай хаце нехта памёр»

«Радыё ўключу. Палохаюць і палохаюць нас радыяцыяй. А нам пры радыяцыі стала лепш жыць. Крыжам пабажуся! Ты паглядзі: прывезлі апельсіны, тры гатункі кілбасы, калі ласка... У вёсцы! Мае ўнукі паўсвету аб'ехалі. Меншая дзяўчынка вярнулася з Францыі, гэта ж некалі Напалеон адтуль наступаў... «Бабуля, я бачыла ананас!» Другога ўнука... Браціка яе ў Берлін на лячэнне бралі... Гэта туды, адкуль на нас Гітлер пёр... На танках... Новы свет цяпер... Усё па-іншаму...

Радыяцыя гэтая вінавата ці хто? А якая яна? Можа, у кіно дзе паказвалі? Вы бачылі? Белая, ці якая яна? Якога колеру? Адны кажуць, што без колеру і паху, а другія, што яна чорная. Як зямля! А калі без колеру, то — як Бог. Бог усюды, а ніхто не бачыць. Палохаюць! А яблыкі ў садзе вісяць і ліст на дрэвах, бульба ў полі... Я думаю, што ніякага Чарнобыля няма, прыдумалі... Падманулі людзей...

Сястра мая са сваім мужыком выехалі...Недалёка тут, за дваццаць кіламетраў. Два месяцы там пажылі, бяжыць да іх суседка: «Ад вашай каровы радыяцыя пералезла да маёй. Карова з ног валіцца». — «А як яна пералезе?» — «Яна па паветры лятае, як пыл. Лятучая». Казкі! Казкі з прыказкай...

Але як падумаю — у кожнай хаце нехта памёр...»

З маналогу Ганны Пятроўны Бадаевай, самасёлкі


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 09.10.2015

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.