09.10.2017 / 16:10

Апошнім часам мы ўсё часцей чуем пра этычны складніц сучаснай моды і пра тое, як важна запавольвацца і сыходзіць ад “хуткіх” калекцый. Беларуская дызайнерка Маша Мароз дзеліцца сваім поглядам на тое, як выправіць сітуацыю і зрабіць індустрыю больш прыязнай да навакольнага асяроддзя.

Пра адукацыю

У дызайн я трапіла цалкам асэнсавана: яшчэ ў апошніх класах школы зразумела, што хачу займацца вопраткай ці нечым звязаным з гэтым, і абрала Акадэмію мастацтваў і спецыялізацыю “Касцюм”, каб вучыцца там. А далей усё развівалася ўжо зыходзячы з гэтага.

Пакуль ніякай экалагічнай адукацыі ў Акадэміі няма, і гэтыя пытанні ўвогуле асабліва не падымаюцца. Я думаю, прычына ў тым, што там ёсць шмат-шмат іншых праблем, якія падаюцца больш актуальнымі тут і зараз. Я цяпер працую на кафедры касцюму і тэкстылю, і мы з іншымі выкладчыкамі спрабуем нешта мадэрнізаваць, бо ўся адукацыйная мадэль вельмі састарэла, але пакуль што няма нейкіх цэнтралізаваных праграм, звязаных менавіта з экалогіяй.  Часам студэнты самастойна распрацоўваюць праекты, звязаныя з гэтай тэматыкай, але гэта іх уласнае жаданне, а не сістэмнае рашэнне.

 

Пра ўпрыгожванні

Ва ўпрыгожваннях, якімі я пачала займацца, можна сказаць раптоўна, спалучаецца займальная механіка, фізіка і этніка. Я выкарыстоўваю ў працы розныя тэхнічныя матэрыялы: правады, ізаляцыйныя трубкі і іншыя рэчы, якія не былі створаныя для таго, каб стаць упрыгожваннямі.

Мне падабаецца, калі людзі пачынаюць распавядаць пра асацыяцыі, якія ўзнікаюць, калі яны глядзяць на ўсе гэтыя штукі.

У мяне ёсць сяброўкі, якія носяць мае ўпрыгожванні, і вось адной з іх – фатографцы Каці Шумак – асабліва шанцуе на цікавыя гісторыі. У маршрутцы жанчына выказала меркаванне  аднойчы, што гэта, напэўна, нейкі агрэгат для сэрца; з кропельніцамі часам узнікаюць асацыяцыі.

А нядаўна на здымках ёй сказалі, што вялікая завушніца – гэта зазямленне. Насамрэч гэта ўсё вельмі правільныя  асацыяцыі, бо эстэтыка часткова ідзе адтуль – з тэхнічнага свету. Як на мяне, у гэтых упрыгожваннях пераплятаюцца будызм і навука, якія на сённяшні дзень амаль цалкам прыйшлі да згоды.

З аднаго боку, я пачала працаваць з такімі формамі натуральным чынам: паўплывалі мае густавыя схільнасці, якія ідуць далёка не са сферы моды і дызайну. Для мяне гэта хутчэй нейкая эстэтыка, звязаная са спробай усё спрасціць, павярнуцца да вельмі зразумелых рэчаў, як дзіця, якое не есці выкшталцоных страваў, а есці асобна агурок, асобна памідор, і асобна яблык. Ці гуляе з рэчамі, якія дарослым будуць падавацца смеццем. Я выкарыстоўваю тыя матэрыялы, якія ёсць тут у свабодным доступе, бо ў нас на самой справе вялізныя прабелы з фурнітурай.

Гэта вечная праблема дызайну ўсіх напрамкаў: ідэі моцна прыбіваюцца матэрыяльнымі пытаннямі і магчымасцю набыць нейкія расходнікі.

Стварэнне упрыгожванняў пачалося з таго, што я зрабіла некаторыя рэчы спецыяльна для апошняй калекцыі  Вольгі Самошчанкі. Яна прапанавала мне такім чынам пасупрацоўнічаць, што стала для мяне цудоўным  першым імпульсам. Гэта былі больш строгія, халодныя і лаканічныя рэчы, але падчас працы з тымі формамі я адшукала таксама матэрыялы і хады, якія выліліся ў крыху іншы працяг, больш сугучны маім уласным перавагам на дадзены момант.

Атрымаўся свайго роду працяг з ператварэннем у бок этнікі, несур’ёзнасці, свабоды і нават некаторай раптоўнасці. Вельмі важны момант для мяне – адсутнасць разбіцця на асобныя калекцыі, бо гэта хутчэй проста хвалі, якія складаюць агульны шлях, шпацыр, які бачыцца мне даволі павольным і спакойным, бо ён – дзеля асалоды, не дзеля выніку.   І матэрыялы я набываю не толькі ў крамах з фурнітурай, а ў будаўнічых, заакрамах, аддзелах з тэхнічным абсталяваннем і спорттаварах. 

Мне хочацца, каб гэта ўсё было як гульня, і каб мы маглі адыйсці ад класічнага разумення таго, як можа і мусіць выглядаць упрыгожванне. Яно можа быць якім заўгодна.

 

Пра вопратку з другасных матэрыялаў

Я зараз знаходжуся ў стане пошуку і абіраю свой шлях у гэтым напрамку. Не магу не ўзгадаць пра мастачку Дашу Галаву, якая мяне вельмі натхніла на гэты крок. Мы пазнаёміліся ў мінулым годзе, і так атрымалася, што ў пэўны момант мы прыйшлі да агульнага бачання і непрыняцця сучаснай моднай індустрыі. Яна вывучала дызайн вопраткі ў Фларэнцыі, і пасля сканчэння другога году навучання зразумела, што не хоча займацца модай у той форме, у якой яна існуе зараз у свеце. І ў мяне таксама было і ёсць  разуменне таго, што з аднаго боку мяне вельмі натхняе вопратка – гэта сапраўднае мастацтва, але ж ва ўсім гэтым важную ролю грае менавіта філасофія.

Ёсць такія брэнды, як, напрыклад, Ёджы Ямамота, у якога ёсць павольная эстэтыка, якая цягнецца праз дзесяцігоддзі, і ўсё ў ёй вельмі асэнсавана. А ёсць іншыя, так званыя хуткія брэнды, у якіх кожны сезон усё змяняецца, і гэта не ёсць добра.

Я ў нейкі момант зразумела, што мне  хочацца ўсе гэтыя працэсы запавольваць, і рабіць усё  ад душы, з дакладным пасылам,  ні ў якім выпадку не дзеля колькасці і не дзеля нейкіх фармальных прафесійных поспехаў. Вельмі хочацца павялічваць колькасць прыгажосці вакол, і хочацца гэта рабіць з дапамогай тых рэсурсаў, якія ўжо ёсць, ставіцца з павагай да матэр’ялаў, што маеш. Гэты тычыцца і матэрыяльных, і маральных рэсурсаў.

Для стварэння сваёй вопраткі я часта выкарыстоўваю рэчы з сэканд-хэндаў, кавалкі старой тканіны, якія мне калісьці дарылі, альбо тое, што я прывозіла з вандровак.  Вопратка можа выглядаць як заўгодна, трэба пра гэта памятаць. Магчыма, некаторыя падыходы не заўжды будуць зразумелыя для навакольных, але гэта пытанне другога парадку.  

Мне ўвогуле вельмі падабаецца этніка, і я дужа люблю фальклорныя касцюмы. Яны ўсе – вялікі згустак энергіі і досведу пакаленняў, бо гэта мова рэчаў – філасофская мова, якая нясе светапогляд людзей. Я вельмі люблю афрыканскія касцюмы, тыбетскія, індзейскія, беларускія.

З беларускім касцюмам я намерана працягнуць шчыльную працу, бо хочацца трансліраваць іншую беларускую эстэтыку - нашмат глыбейшую за вышыванку. Мы маем найбагацейшую этнічную і гістарычную спадчыну, ад якой па сённяшні дзень большасць чамусьці адварочваецца. Гэта парадокс нашай нацыі.  А ўвогуле, ў этнічных касцюмах мяне вабяць сумленнасць і неверагодная выразнасць.

Не хочацца ўсё зводзіць да нейкай барацьбы, але так ці інакш я бачу гэтае змаганне ўмоўнага Захаду і ўмоўнага Усходу. Я спрабую адыйсці ад устойлівага ўяўлення, як чалавек павінен выглядаць, што ёсць статус, як статусны чалавек можа дазволіць сабе апранацца, і як не можа. Чаму Далай-Лама падчас сваіх чытанняў спакойна здымае абутак і сядае так, як яму зручна, хоць гэта не дазволена па этыкеце. Ў гэтым жа насамрэч няма крыміналу, няма нічога жахлівага. Усё зводзіцца наўпрост да гульні ў тое, якім чалавек павінен падавацца для таго, каб яго ўспрымалі пэўным чынам. Як пры гэтым павінен ён выглядаць.  І гэта гульня зусім  не пра вопратку. У ёй скразняць пытанні пра сапраўднае шчасце, пра чыстае жыццё, пра “радасць простых мелодый”.

Вельмі важны – пошук большай унутранай свабоды. У нашых людзей вельмі шмат суму ў душы, страху і калькаваных уяўленняў. Мне вельмі хочацца ад гэтага адыйсці.

Автор:
Фотограф:
Каця Шумак, Таня Кежа, Анна Арчэн, Кася Сырамалот
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость