Падзяліцца дасягненнямі і планамі пад шумную музыку на сямігоддзі таварыства “Зялёная сетка” сабраліся яго сябры і аднадумцы 6 лістапада. Дзень нараджэння адбыўся, аднак, прыпраўлены невясёлымі апошнімі навінамі:
“На жаль, нашае свята было азмрочанае асаблівымі падзеямі, якія адбыліся з нашай калегай, сябрам і паплечніцай Аленай Танкачовай, якой прысудзілі трохгадовую высылку з краіны. І таму несвяточны ў нас настрой”, - такімі словамі пачала прэс-канферэнцыю Кацярына Ганчарова, інфа-менеджэр таварыства.
“У “Зялёнай сеткі” складаная задача – мы ніколі не можам сказаць, што нешта зрабілі, таму што мы дапамагаем нешта зрабіць іншым: адстаяць права, абараніць дрэва, стварыць рэсурс, - кажа Яраслаў Бекіш, каардынатар таварыства. - …Вельмі шмат нашых дасягненняў звязана з тым, што ўсе гэтыя гады нам дапамагала Алена Барысаўна Танкачова, пачынаючы ад таго, што таварыства змагло з'явіцца ў год прыняцця артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу”.
І тым не менш сем год працы нікуды не падзеліся – вось, перад вачыма: сотні нераўнадушных па ўсёй краіне, дзясяткі грамадскіх кампаній, найбольш паспяховыя з якіх эксперты па піяру ставяць у прыклад самому таварыству.
“Гарадскі ляснічы” – адна з грамадзянскіх кампаній таварыства, ледзь не аўтарскі праект Ігара Корзуна, каларытнага сіваватага мужчыны ў чырвонай шапачцы. Ён наважыўся зладзіць першы марафон у 42 кіламетры па горадзе, а гараджане часам мяркуюць, што “Гарадскі ляснічы” не назва кампаніі, а пасада.
“Мне падаецца, гэта адна з нашых паспяховых кампаній, - кажа Ірына Сухій, афіцэр па адвокасі таварыства. – Мы ўвесь час займаліся тым, што спрабавалі захаваць зялёныя тэрыторыі ў Мінску – і траплялі ў досыць дэпрэсіўны стан, бо гэтыя дрэвы ўсё адно высякалі, а гасцініцы будавалі. Мы траплялі ў сітуацыі, калі ўжо позна, хоць да дрэва прычапляйся ланцугамі, і цябе ўсё адно адпіляць разам з ім. І кампанія робіць нешта на больш раннім этапе”.
“У абарону беларускіх балот” – таксама адна з грамадскіх кампаній, што была прызнана лепшай 2013 годзе ў сектары грамадскіх арганізацый.
“Восем тэрыторый мы актыўна абаранялі напрацягу двух гадоў існавання кампаніі. Экспертную падтрымку ў галіне права на спрыяльнае наваколле дае нам Алена Танкачова”, - кажа Вольга Каскевіч, адна з натхняльнікаў кампаніі.
Гэта кампанія - першая, якая пачалася са збору подпісаў у сеціве, і атрымала іх каля 20 000. Гэта вельмі шмат на фоне іншых. Ідэя двух асоб, Волі і Косці, абараніць балоты з праграмы “Торф” дапамагла захаваць большую іх часткі ў той ці іншай ступені, два балоты атрымалі статус Рамсарскіх тэрыторый.
Іншыя грамадскія кампаніі таварыства, спіс якіх увесь час расце – міжнароднага маштабу па захаванні клімату; “Выратуем Прыпяцкія дубравы”, якія апошнія 14 год маюць патрэбу ў абароне; кампанія па захаванні заказніка “Лябяжы” і кампанія супраць вяснова-восеньскіх палаў.
Прававая служба таварыства за гады сваёй працы правяла каля 500 кансультацый, суправаджала каля 20 судовых справаў, юрысты службы накіравалі не адну тысячу розных зваротаў і заяваў, суправаджалі такія грамадскія кампаніі як абарона парка 40-годдзя кастрычніка і супраць будоўлі Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парка. Таксама прававая служба займаецца адукацыяй людзей праз семінары і друкаваную літаратуру.
Архуская канвенцыя: “Вельмі смешна хваліцца тым, што мы ініцыявалі падачу скаргаў у Камітэт па адпаведнасці Архускай канвенцыі, у выніку якога Беларусь атрымала рэкамендацыі міжнароднай супольнасці экспертаў. І Беларусь, паколькі ратыфікавала Канвенцыю, мусіць іх выконваць”, - кажа Ірына Сухій. Адзін з істотных момантаў Канвенцыі – людзі мусяць мець магчымасць удзельнічаць у прыняцці экалагічна значных рашэнняў.
Школа экалагічнага актывіста зараз існуе пад кіраўніцтвам той самай Вольгі Каскевіч, якая займаецца “балотнай” кампаніяй. Праз школу прайшло больш за 500 асоб і вырасла каля 50 экалагічных праектаў. Школа – месца, дзе на працягу двух выязных сесій навучэнцы акунаюцца ў экалогію і асяродак аднадумцаў. На вясеннім наборы вядзецца падрыхтоўчы, тэарэтычны курс, а летам выпускнікі першага ўзроўню едуць насустрач “глыбіннай экалогіі”, на тыдзень на хутар без святла і сеціва.
Грамадскі рух “Зялёны дазор”. Яго стваральнікі пераклалі на простую мову законы і зрабілі свой Даведнік, у якім тлумачацца, праз якія механізмы можна адстаяць свае экалагічныя правы. Зараз да руху далучыліся 24 “зялёных дазорных”, і іх мэта – збіраць і аналізаваць дадзеныя, вырашаць канкрэтныя экалагічныя праблемы. Дарэчы, 17 лістапада пройдзе прэзентацыя новага выдання Даведніка.
Таксама “Зялёная сетка” кожныя два гады праводзіць Экалагічны форум, зараз спрабуе паўплываць на працэс распрацоўкі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця.
Таварыства не першы год ладзіць у Беларусь такія акцыі як “Тыдзень мабільнасці”, “Дзень без аўтамабіля” і “Клімат, застанься!”, а ў бягучым годзе падчас акцыі “Гадзіна Зямлі” патушыла шмат агнёў па ўсёй сталіцы, і нават у самім КДБ.
“Гледзячы крыху збоку на тое, што адбываецца, я мяркую, “Зялёная сетка” знайшла сваю вельмі істотную нішу ў экалагічным руху Беларусі”, - падсумоўвае прэс-канферэнцыю Яўген Лабанаў, дырэктар “Цэнтра экалагічных рашэнняў”.