Кліматычны марш — шэсце, якое праходзіць падчас штогадовага Кліматычнага саміта ААН. Актывісты_кі выходзяць на вуліцы гарадоў па ўсім свеце, у тым ліку ў горадзе, дзе праходзіць саміт. Праз яркія перфомансы яны стараюцца прыцягнуць увагу да экалагічных праблем, якія непасрэдна ўплываюць на кліматычныя змяненні, а таксама дэманструюць сусветным лідарам і дэлегатам саміта, што за іх дзеяннямі ўважліва сочаць і што людзі гатовы да дзеянняў.
7 снежня на вуліцы польскага горада Катавіцы, паводле афіцыйных дадзеных, выйшлі каля трох тысяч чалавек.
Як распавяла карэспандэнтцы Зялёнага партала Ангеліна Давыдава, расійская экалагічная журналістка, дырэктарка Бюро экалагічнай інфармацыі, назіральніца на кліматычных перамовах ААН з 2008 года, на працягу чытырох гадзін актывісты_кі ішлі па вуліцах непадалёк ад цэнтра горада. Фінальнай кропкай шэсця стаў Міжнародны кангрэс-цэнтр Катавіцаў, дзе якраз праводзіцца саміт ААН.
Калона дэманстрантаў_к традыцыйна мела яркую расфарбоўку, большасць удзельнікаў_ц былі апранутыя ў яркія касцюмы — белых мядзведзяў, анёлаў і дэманаў, некаторыя ігралі на барабанах і іншых музычных інструментах.
"Сярод лозунгаў на плакатах можна было заўважыць заклікі да адмаўлення ад здабычы выкапнёвага паліва, супраць вугальных распрацовак. Актывісты_кі падкрэслівалі сувязь вугальнай галіны як са змяненнем клімата, так і забруджваннем паветра, і праблемамі стану здароўя насельніцтва", — працягвае Ангеліна Давыдава.
Акрамя таго, удзельнікі_цы звярнулі ўвагу на праблему знікнення біялагічных відаў і цану, якую плаціць чалавецтва за забруджванне планеты, перадае сайт Менш двух градусаў. Не абмінулі актывісты_кі тэму "мірнага атама", нагадваючы, што не існуе рашэння для абыходжання з ядзернымі адходамі.
"Мы імкнемся да справядлівага і поўнага перахода на 100% аднаўляемых крыніц энергетыкі, прыняцця дзейсных энергетычных стратэгій на ўзроўні краіны, і неадкладных дзеянняў па адаптацыі да кліматычных змяненняў. А таксама ўзмацнення нацыянальных унёскаў кожнай дзяржавы ў Парыжскае пагадненне — гэта неабходны крок на кліматычных перамовах ААН у Польшчы. Яго мэта дакладная — не дапусціць павелічэння тэмпературы на Зямлі больш, чым на 1,5 градусы", — адзначаецца ў суполцы арганізацыі 350.org.
Вядома, многія актывісты_кі імгненна адрэагавалі на сітуацыю з абмежаваннем удзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў кліматычных перамовах праз забарону ім уезду ці дэпартацыяй з Польшчы.
І ўсё ж, нягледзячы на асцярогі польскіх уладаў, праз што яны зрабілі больш жорсткімі патрабаванні да правядзення масавых мерапрыемстваў падчас кліматычнага саміта ААН, мітынг прайшоў мірна. Хаця не абышлося без затрыманняў.
"У нейкі момант супрацоўнікі паліцыі «адрэзалі» частку дэмантрантаў, абгрунтоўваючы свае дзеянні агрэсіўнымі паводзінамі удзельнікаў. Некалькі дзесяткаў чалавек былі затрыманыя. У выніку гэта прывяло да спынення шэсця і правядзення стыхійнага мітынга з выступамі экалагічных актывістаў_ак, скандзіраваннем лозунгаў і спевамі", — адзначае Ангеліна Давыдава.
Пазней стала вядома, што ўсіх затрыманых дэманстрантаў вызвалілі.