Каб захаваць папуляцыю інсэктаў, даводзіцца будаваць ім штучнае жытло. Паглядзелі, як гэта робяць на аграбіястанцыі “Любуж” Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сонечныя фота, зробленыя ўлетку, у змрочным лістападзе як ніколі актуальныя.
Гаспадарка ў Любужы пад Магілёвам створана для практыкі студэнтаў факультэта прыродазнаўства. На аграбіястанцыі ёсць сертыфікаваная экалагічная пасека, дэндрарый, пітомнік раслін-чырвонакніжнікаў, аптэкарскі сад, градкі з гароднінай, база для пражывання практыкантаў. Усё разам займае каля сямі гектараў.
Ва ўсім свеце пад уплывам дзейнасці чалавека памяншаецца біяразнастайнасць, у тым ліку скарачаецца колькасць насякомых. Без апыляльнікаў знікаюць расліны і цэлыя экасістэмы, напрыклад, лугі. Можа стацца так, што перастануць расці пэўныя віды садавіны і гародніны, а гэта пагражае чалавецтву голадам.
Карысныя насякомыя знічтажаюць шкоднікаў. У сярэднім на адно насякомае-шкодніка ў прыродзе даводзіцца 160 карысных відаў. Адзіночная пчала апыляе ў 200 разоў больш кветак, чым звычайная пчала-меданос, якая жыве ў вуллі. Такім адзіночным пчолам і восам таксама трэба месца для зімоўкі і адкладання яек.
Хаткі для насякомых магілёўцы сталі рабіць, пабачыўшы insect hotels у краінах Еўрасаюза. Там, разумеючы праблему змяншэння папуляцыі пчол ды інсэктаў увогуле, міні-пасекі робяць нават на лоджыях і дахах шматпавярховікаў, каб захаваць расліны ў горадзе (без апылення яны не могуць размнажацца).
Карысных жукоў спрабуюць затрымаць на зіму ў хатках з полых сцяблін, шышак, кавалкаў кары, дробных галінак, сена. Пабачыўшы такое жытло, інсэкты “запячатваюцца” ў ячэйцы і не сыходзяць з участка ў пошуках больш зручных месцаў для зімоўкі.
Бываюць такія харчовыя ланцужкі: карыснае насякомае забівае шкоднае і зацягвае яго парэшткі ў ячэйку insect hotel. Там адкладае яйкі, і яго лічынка харчуецца забітым як белковым субстратам. Карысным жукам трэба ствараць умовы, часам гатэльныя.
Што ж ахоўваюць любужскія насякомыя, пра якіх так клапоцяцца студэнты? У гаспадарцы вырошчваюць расліны-чырвонакніжнікі. Узялі насенне з мінскага батанічнага сада. Спачатку высаджваюць на градкі, полюць, паліваюць – умовы ненатуральныя. Аднак, не падкормліваюць, толькі троху пасыпаюць даламітавай мукой. Потым, калі культуры разрастаюцца, іх пераносяць у больш натуральны асяродак – лясны дэндрарый.
У дэндрарыі расліны, якія ў прыродных умовах Беларусі не растуць. Дзякуючы высокай вільготнасці і пацяпленню ў апошнія гады дыяпазон кліматычных умоў пашырыўся. Магілёўцы збіраюца запрасіць спецыялістаў з мінскага батанічнага сада, каб вызначылі ўсе віды ў дэндрарыі, і пасля гэтага надаць яму статус батанічнага сада.
Магілёўская вобласць моцна пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. У Любуж прывезлі глебу з забруджаных радыяактыўнымі адкідамі раёнаў і вырошчваюць на ёй дурніцы. Ягады лічацца вельмі карыснымі і да таго ж, як высветлілася эксперыментальна, не набіраюць радыяцыю.
У Слаўгарадскім раёне ўжо цэлыя плантацыі дурніцаў. Такім чынам забруджаныя глебы спрабуюць вярнуць у севазварот.
На трэцім курсе ў студэнтаў-біёлагаў пачынаецца курс “Біялагічныя асновы сельскай гаспадаркі”. Практыканты вырошчваюць гародніну з выкарыстаннем арганічных тэхналогій: без мінеральных угнаенняў, не перакопваючы глебы.
Эксперыментуюць са спалучэннем культур, якія могуць расці побач і змяняць адна адну для захавання ўраджайнасці глебы з мінімальным умяшальніцтвам чалавека. Усю траву, якую выполваюць з градак, там жа пакідаюць перагніваць. Студэнты збіраюць такім чынам даныя для курсавых, дыпломных работ.
На аграбіястанцыі ёсць уласная сертыфікаваная навучальная пасека. Прадукцыя з яе атрымлівае дакументы як экалагічна чыстая. Калгасныя гаспадаркі ў бліжэйшых ваколіцах абавязаны інфармаваць, калі праводзяць апырскванне раслін ядахімікатамі.
У такія дні пчол замыкаюць у вуллях, бо атручванне пагражае ім смерцю. Студэнты даглядаюць інсэктаў у межах факультатыўнага навучальнага курса па пчалярстве.
Распрацавана “зялёная сцяжынка” па аграбіястанцыі “Любуж”, улетку можна запісацца на экскурсію.