10.02.2015 / 17:02

Новы мультымедыйны праект прэзентавалі на мінулым тыдні ў сталіцы. Тэксты, малюнкі і гульні дапамогуць атрымаць экалагічныя веды самастойна і могуць служыць настаўнікам. Услед на тэставай версія праз год-два абяцаюць паўнавартасны тыраж.

"Крок за крокам" – інтэрактыўны дыск з малюнкамі, фота і гукамі для тых, хто хоча зрабіць сваё жыццё больш зялёным і пасябраваць з прыродай. Даступны ён і ў сетцы інтэрнэт.

Гэта сваяк расійскага дыску "Зялёны пакет" і многіх іншых. Розныя версіі існуюць аж для 18 краін. У Беларусі пакуль выйшаў невялікі наклад у 2000 асобнікаў у тэставай версіі з вокладкай, надрукаванай на экапаперы. Над дыскам працавалі цэлых 5 год сумесна таварыства "Зялёная сетка", установа "Цэнтр экалагічных рашэнняў", ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", ГА "Экадом", "Энда", "Неруш" пры падтрымцы Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра (РЭЦ).

"Зялёны пакет" – методыка, якая ўключае высокія патрабаванні па інтэрактыўнасці, зразумеласці для дзяцей і прымяняльнасці найперш для настаўнікаў і людзей, якія займаюцца экалагічнай адукацыяй, у тым ліку прадстаўнікоў НДА. І нам хацелася максімальна захаваць гэту структуру, але напоўніць яе новай інфармацыяй", - расказвае Дар’я Чумакова, намесніца дырэктара ЦЭР.

Праз год-два спецыялісты ўстановы абяцаюць, што з’явіцца сапраўдны вялікі тыраж дыскаў для ўсіх пяці тысяч школ і пяці тысяч арганізацый Беларусі.

Тур па горадзе, энцыклапедыя і спевы птушак Унікальнасць беларускай версіі дыску ў тым, што апроч актуалізацыі спасылак на заканадаўства, большая увага дадзеная арганічнай сельскай гаспадарцы і біяэтыцы і меншая - апустыньванню земляў.

На думку Дар’і, унікальнасць дыску ў тым, што гэта ўніверсальны матэрыял для экаадукацыі і дзяцей, і дарослых. Такіх вельмі-вельмі мала, і яшчэ менш тых, якія не патрабуюць, каб побач быў педагог.

"Крок за крокам" падзяляецца на чатыры раздзелы: віртуальны тур па месцах у горадзе, якія чалавек наведвае штодня; інфармацыя па 28 тэмах, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя і ўстойлівым развіццём; падборка 49 навучальных тэкстаў і энцыклапедыя, дзе ёсць інфармацыя аб 232 відах жывёл і раслін, характэрных для Цэнтральнай Еўропы і для Беларусі ў прыватнасці. Апроч гэтага, можна згуляць у інтэрактыўную гульню ці выканаць заданні віктарыны, паспрабаваўшы адрозніць галасы жабкі, зубра і розных птушак.

"Мы нават не ўяўляем, якую колькасць гукаў насамрэч мы чуем. Калі пачынаеш прыслухоўвацца, думаеш - можа, пяць ці дзесяць. Насамрэч іх нашмат больш, але мы не вельмі ўмеем іх адрозніваць", - кажа Наталля Парэчына, спецыяліст ЦЭР па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі.

Колькі смецяць беларусы

У якасці аргумента за тое, што дыск – не проста забаўка, а надзённая патрэба, арганізатары сустрэчы парадавалі гасцей каляровымі фота сталічных сметнікаў. "Возьмем вялікую ціхаакіянскую смеццевую пляміну – каля 80% выкінутага смецця ў акіяны трапляе з берагоў і каля 20% - з праходзячых судоў. Да 10% ўсіх пластыкавых адкідаў апынаюцца ў акіяне", - расказвае Анатоль Калач, супрацоўнік праграмы па хімічнай бяспецы і адходах. Па розных звестках, ад 0,5% да 8% плошчы Ціхага акіяну зараз пакрыта пластыкам.

Калі казаць пра больш блізкую нам Беларусь – у 2005 годзе кожны беларус пакідаў штодня 0,485 кілаграма адходаў, у 2009 – амаль у 2 разы больш, 0,877 кг. Агулам беларусы пакінулі пасля сябе ў 2000 годзе каля 10 мільёнаў метраў кубічных адходаў, а ў 2011 годзе – 18,38 мільёнаў кубічных метраў.

Автор:
Фотограф:
Рая Бусел, Анатоль Калач
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость