У гэтым лютым у Першамайскім раёне сталіцы прайшло грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта плана дэтальнага планавання тэрыторый у межах вуліц Ф. Скарыны — Старынаўскай — Праектуемай №1 — паласы адводу жалезнай дарогі Мінск—Масква — Праектуемая №2. Гэта тэрыторыя шчыльна прылягае да жылога мікрараёна Парка высокіх тэхналогій.
Па праекту на дадзеным участку плануецца ўзвесці вытворчае прадпрыемства, а дакладней, навукова-вытворчы корпус фармацэўтычных, бія- і нанатэхналогій са складам кампаніі «Белбіяград». На думку мясцовых актывістаў, ні ў якім разе нельга размяшчаць такія прадпрыемствы паблізу жылой забудовы.
Па-першае, у Генплане Мінска дадзеная тэрыторыя мае класіфікацыю П4-ка — камунальна-абслугоўваючая зона з аб'ектамі. Яе санітарна-абарончая зона павінна складаць не больш 50 метраў. У сваю чаргу прадпрыемствы фармацэўтыкі і хімічнай вытворчасці мусяць мець санітарна-абарончыя зоны ў 1000 метраў. Вядома, што ў межах санітарна-абарончай зоны не можа быць жылых дамоў, дзіцячых садкоў, спартыўных пляцовак і г.д.
Па-другое, сама па сабе класіфікацыя П4-ка не прадугледжвае пабудовы такога кшталту прадпрыемстваў, нават пры ўмовах скарачэння санітарна-абарончай зоны. Гэта звязана з дадатковымі нормамі азелянення, якія правесці на дадзенай тэрыторыі немагчыма, упэўнены жыхары мікрараёна.
Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў мікрараёне ўжо існуе вопытная вытворчасць мініральных угнаенняў і салянай кіслаты, якая была размешчана на дадзенай тэрыторыі з парушэннямі.
Усхваляваў людзей і намер размясціць на тэрыторыі ля жылых дамоў складскія памяшканні Упраўлення справамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, будынкаў і збудаванняў кацельнай, што зноў жа супярэчыць рэгламенту Генплана. Некалькі пытанняў выклікае недастатковае азеляненне тэрыторыі.
У цэлым, актывісты склалі спіс заўваг і прапаноў аж на 20 пунктаў, якія ўключаюць падрабязнае абгрунтаванне.
«Адзначым, што ў дадзеным выпадку гэта не проста “жаданне” ці “нежаданне” жыхароў, а перш за ўсё аргументацыя, якая грунтуецца на горадабудаўнічых нормах і рэгламентах, законах Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліваецца ў лісце.
Так, гараджане прапанавалі замест запланаванай СТА пабудаваць краму з гасцявой паркоўкай. На іх погляд, такім чынам можна вырашыць адразу некалькі праблем мікрараёна: адсутнасць крамы крокавай даступнасці з добрым асартыментам тавараў, а таксама недахоп парковачных месцаў ноччу.
Станоўча ацанілі людзі планы па пабудове фізкультурна-аздараўляльнага комплексу, аднак заўважылі, што тэрміны рэалізацыі лепш перанесці ў першую чаргу, каб не адкладаць да 2030 года. Заўважым, у мікрараёне ўжо функцыянуе падобны комплекс, але жыхары з жалем адзначаюць, што доступ да яго маюць толькі супрацоўнікі кампаніі «ІВА».
Цягам грамадскага абмеркавання ўсяго за 2 сутак жыхарам удалося сабраць 644 подпіса пад заўвагамі і прапановамі да праекта. Гэтыя дакументы накіравалі ў адміністрацыю Першамайскага раёна сталіцы, дзе іх прынялі і зарэгістравалі.
Аднак жыхары перастрахаваліся на выпадак, калі іх заўвагі і прапановы не ўлічаць. Яны дадаткова перанакіравалі факты парушэнняў у дзяржаўныя органы, якія павінны праводзіць экспертызу дадзенага праекта, а таксама ў санэпідэмстанцыю.