11.04.2016 / 00:04

9 красавіка Гродна далучыўся да сусветнай прыборкі «Зробім!» Смецце збіралі традыцыйна ў лесапарках, на могілках, прыборкі ўключылі ў карпаратыўны велапрабег і аўтаспаборніцтвы. Гродзенскі Зялёны партал падрыхтаваў агляд, хто, дзе і колькі назбіраў смецця ў горадзе і ваколіцах. Калі хтосьці лічыць, што наш горад і гэтак вельмі чысты, той не ўдзельнічай у акцыі.

Супрацоўнікі «Гродноторгсервиса» на чале з дырэктарам Уладзімірам Сычэўскім зарганізаваліся на першы ў гэтым сезоне карпаратыўны велапрабег. Падобна на тое, што гэты велапрабег у горадзе стаў першым карпаратыўным у новым сезоне. Каля 30 чалавек – работнікаў разам з сем’ямі – выехалі ў Пышкі па 412-м маршруце да Зялёнкі, заранёў падрыхтаваўшы пальчаткі і пакеты для смецця.

Збіралі двума камандамі каля Зялёнкі, — распавёў Уладзімер Васільевіч. — Пазбіралі смецце, падзялілі па пакетах на пластык, шкло і дробнае смецце і вынеслі на дарогу. У выніку атрымалася каля 7-8 вялікіх 120-літровых пакетаў смецця, найбольш працавалі на неафіцыйным пляжы каля Зялёнкі. Пасля паехалі далей уздоўж Нёмана, зрабілі адпачынак з гарбатай і бутэрбродамі. Усе былі задаволеныя: адкрылі велапрабег, сабралі смецце і адпачылі працоўнай камандай.

Са старога форта №8 непадалёк ад Гібуліч за аўтаразборкай каманда Зялёнага Дазору сабрала поўны грузавы прычэп смецця. Колы ад аўтамабіляў, стары тэлевізар, аўтамабільны пластык — сем чалавек чысцілі форт цягам пяці гадзін.

Там вельмі прыгожыя мясціны, восьмы форт з’яўляецца ўнікальным гістарычным помнікам, але любавацца мясцовымі цікавосткамі перашкаджаюць горы смецця, асабліва пластыкавага, якое не раскладаецца, — распавяла каардынатарка Зялёнага Дазора ў Гродне Лена Майсюк. — На акцыю па прыборцы мы ўзялі свае пальчаткі і гаспадарчыя мяшкі. Дарэчы, прыбраць форт хацеў адзін тата з дачкой, а нам ідэя спадабалася і мы да іх далучыліся. У выніку сабралі дзве вялікія кучы смецця — знішчылі 5 вялікіх звалак у лесе і ўнутры форта №8. Звярнулі ўвагу на перакапаныя спецтэхнікай дарогі і перакрыты ўезд з бетоннымі слупамі, але пры гэтым нявывезенае смецце. Атрымліваецца, хтосьці ведаў, што ў лес скідваюць старыя колы, аўтазапчасткі, каністры ад аўтавадкасцей і бытавое смецце, але яго не прыбралі і не вывезлі.

У GPS арыентаванні «За подснежниками» гродзенскага аўтаклубу «Полный привод», якое адбылося 9 красавіка каля вёскі Каменка, удзельнікі таксама збіралі смецце. Кожны экіпаж на старце атрымліваў пусты гаспадарчы пакет. Той, хто на фінішы вяртаў яго са смеццем, атрымліваў дадатковы бал. Па словах арганізатараў, усе 17 экіпажаў прывезлі па пакеце смецця, якое забралі і вывезлі. Удзельнікі арыентаванні заўважылі, што мясцоваму насельніцтву і дачнікам варта «больш увагі звяртаць на навакольнае асяроддзе».

Фота: full-wd.by

Студэнты Універсітэта Залатога Веку, а таксама факультэта біялогіі і экалогіі і юрыдычнага факультэта купалаўскага ўніверсітэта прыбіралі старыя праваслаўныя могілкі па вул. Антонава. Па словах адной з арганізатарак Яны Сідарэнка, каля 50 чалавек за 2 гадзіны сабралі больш за 90 мяхоў смецця. САХ дапамог з пакетамі і вывазам смецця. Пасля ўдзельнікі акцыі прыбіралі старыя магілкі ад моху, сухой травы і пластыку.

Фота: Ян Лялевіч

Традыцыйную прыборку зладзілі мясцовыя жыхары ў невялікім ляску каля Вішняўца. Як распавяла tut.by арганізатарка групы Ліза Мярляк, сёлета прыйшло менш валантэраў, чым у мінулым годзе каля 20 чалавек, аднак разам удалося сабраць некалькі дзясяткаў пакетаў смецця. Валантэры ў тым ліку прыбіралі і галлё, якое засталося пасля санітарнай вырубкі кустоў і сухастою.

vk.com/chistyj_les_vishnevec
vk.com/chistyj_les_vishnevec

vk.com/chistyj_les_vishnevec
vk.com/chistyj_les_vishnevec

Гродзенская супольнасць рыбакоў зладзіла прыборку на беразе ракі Свіслач. 10 чалавек не толькі прыбралі і вывезлі вялізныя кучы смецця, але і ўсталявалі адмысловыя таблічкі з заклікам захоўваць чысціню і не пакідаць смецце.

Фота: vk.com/fishinggrodnoregion

У Беларусі акцыя «Зробім!» праводзіцца з 2012 года. У мінулым годзе ў ёй прынялі ўдзел каля паўтары тысячы валантэраў з усёй Беларусі, якія арганізавалі 60 прыборак і сабралі каля 112 000 кілаграм смецця.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость