10.07.2019 / 10:07

“Наваполацк адбіўся ад пабудовы катла па спальванні нафтавага коксу!” – абвесціў праваабаронца і актывіст кампаніі “За чыстае паветра Наваполацку” Зміцер Салаўёў.

Праваабаронца цытуе адказ на петыцыю за спыненне будаўніцтва катла для спальвання нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ, што напрыканцы чэрвеня была перададзеная ў Міністэрства энэргетыкі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

Гэтая петыцыя пад назвай “Спыніць пабудову катла па спальваньні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ” сабрала ўсяго некалькі дзясяткаў подпісаў і была дасланая 18 чэрвеня.

28 чэрвеня міністэрства энергетыкі даслала адказ, у каторым пазначана:

“...Улічваючы, што Наваполацкі рэгіён з'яўляеццца адным з экалагічна неспрыяльных у краіне, спатрэбіцца прыняцце адпаведных праектных рашэнняў і дадатковых прыродаахоўчых мер, што прывядзе да істотнага падаражэньня праекта па будаўніцтву катлаагрэгата для спальвання нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ.

Улічваючы выкладзенае і прымаючы пад увагу выяўленыя пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў негатыўнае стаўленне грамадзян і мясцовай выканаўчай улады, Мінэнерга інфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб немэтазгоднасці ў існуючых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекта па спальванні нафтавага коксу на Наваполацкай ТЭЦ”, – піша намесніца міністра энергетыкі Вольга Пруднікава.

Нагадаем: гэтая петыцыя была ўжо другой. Першую актывісты даслалі пасля грамадскага абмеркавання ўздзеяння праекта на навакольнае асяроддзе, што праходзіла ў красавіку – траўні 2019 года. Тады ж Зялёны партал атрымаў ананімны ліст, у якім жыхар горада аналізаваў справаздачу і зрабіў выснову:

“Беглы агляд дае зразумець, што справаздачу добра “прычасалі”, каб сітуацыя не выглядала крытычнай”.

Пасля абмеркавання актывісты даслалі першую петыцыю пад назвай “Прадухілім экалагічную катастрофу ў г. Наваполацку” з амаль 1800 подпісамі. У адказ “Віцебскэнэрга” прыпыніў грамадскія абмеркаванні “у сувязі з паступленнем вялікай колькасці заўвагаў па справаздачы”.

Тады Мінэнерга паабяцала, што АУНА (справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе, рус. ОВОС) будзе дапрацаваная і потым пройдзе паўторнае грамадскае абмеркаванне і мусіць атрымаць станоўчае заключэнне дзяржэкспертызы.

 

Автор:
Фотограф:
belchemoil.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость