Зялёны партал пабываў у гасцях у Аляксея і Веранікі, якія разам зрабілі новы дадатак My Seed Collection (пакуль толькі для iOS) для вырошчвання раслін і агулам арганізацыі свайго сада і гарода.
Пара жыве у Львове з канца 2021 года. Першапачаткова ідэя дадатка з’явілася ў Веранікі, бо яна якраз занялася гародніцтвам і ёй стаў патрэбны інструмент для ўпарадкавання запісаў пра свой гарод і садочак. Аляксей паслухаў жонку і вырашыў, што зможа дамагчы. Тым больш, што ён працуе ў IT.
Як увогуле ўзнікла ідэя аплікацыі My Seed Collection?
Вераніка: Гэта адбылося тады, калі я сама шукала штосьці кшталту гэтай апкі ў сторах. Усё, што мне траплялася, было трохі не тым па функцыянале ці шмат чым перагружана.
Я шукала дадатак, таму што мне не падабаецца весці электронныя табліцы. Можа праз тое, што калісьці з імі была павязана мая праца. Там было нязручна шукаць інфармацыю, нататкі, якія я рабіла, пастаянна губляліся, і хацелася, каб апку можна было хутка загрузіць, і яна была заўжды пад рукой.
Я тады сказала Лёшу, што было б файна зрабіць вось такім чынам, і ён папрасіў мяне намаляваць. Я намалявала, прынесла і паказала яму, патлумачыла, і ён пачаў рабіць.
Гэта і стала тэхнічным заданнем?
Вераніка: У мяне было разуменне таго, чаго мне канкрэтна хочацца, і які там мае быць функцыянал: якую інфармацыю захоўваць пра насенне і расліны, якія ў мяне ёсць.
У працэсе яшчэ дадаліся розныя іншыя «фішкі», але з самага пачатку я хацела, каб атрымаўся дадатак, у які было бы зручна ўнесці насенне: дэталі пра менавіта гэта насенне, гэта расліна вось такога сямейства, якая вышыня, калі іх саджаць, колькі дзён у іх вегетацыя.
Ты адкрываеш My Seed Collection і бачыш гэта ўсё, можаш унесці нататкі канкрэтна пад гэту расліну, то-бок само ТЗ сфарміравалася праз асабістые патрэбы.
Я сама займаюся вырошчваннем раслін, і мне гэта дужа падабаецца. Мне падабаецца эксперыментаваць, шукаць калекцыйныя таматы.
Да прыкладу, знайшла таматы, якія вырошчваюць каля Неапаля, і якія, калі іх захоўваць у прахалодзе без доступа сонечнага святла, могуць быць свежымі да сямі месяцаў. Гэта ж цуд!
Я пра такое не ведала і ўпэўнена, што многія таксама не ведаюць. І гэта цікава. І ў мяне ёсць даволі вялікая калекцыя насення, і хацелася мець інструмент для яе ўпарадкавання.
Аляксей: Насамрэч, я проста хацей вывучыць новыя тэхналогіі для стварэння мабільных дадаткаў пад iOS. Я падумаў, што пакуль былі пратэсты, вайна, я ўжо трохі адстаў.
І вырашыў пачаць гэтым займацца, глядзеў іншыя аплікацыі, а потым Вераніка прыйшла з ідэяй апкі, якая шмат каму патрэбная. І я сказаў: «Калі ты лічыш, што яна патрэбная, я ўсё роўна хачу павучыцца, дык давай зробім». І мы распланавалі і пачалі рабіць. Больш часу на гэта вытраціў я.
Тое, над чым я хацеў папрацаваць, я прапрацаваў. Досвед ніколі не бывае лішнім.
Колькі часу прайшло ад ідэі да канчатковай рэалізацыі?
Вераніка: Усё пачалося напрыканцы восені 2023, а выклалі мы нашую першую My Seed Collection у AppStore у лютым 2024. То-бок усё заняла чатыры месяцы: напісанне, тэставанне, залілі, і ўжо шмат разоў рабілі нейкія апдэйты.
Базу дадзеных раслін вы фармуеце самі ці ствараюць юзэры?
Вераніка: Чалавек сам стварае сваю калекцыю насення, якое ў яго ёсць.
Карысная штука Notes – Нататкі: ты, напрыклад, пычынаеш садзіць таматы. І, каб не забыцца, можаш унесці ў нататкі ўсе дадзеныя: які сорт высадзіў, калі ўнёс угнаенні і г.д.
І зараз апка мае карыстальнікаў?
Вераніка: Так, нямнога, але ёсць. Мы пакуль не займаліся менавіта прасоўваннем. Апка бескаштоўная, там ёсць реклама, але яе няшмат.
Канешне, патрэбны рэсурсы, каб усё гэта пашыраць, каб цябе заўважылі ў кам’юніці, але ўжо ёсць людзі, якія карстыюцца, я бачу статыстыку. Людзі ствараюць свае калекцыі насення.
Пакуль у нас трохі больш за сто карыстальнікаў, гэта без інвестыцый у прасоўванне. Я сама мантавала відэа з апісаннем прадукта, эксплэйнеры.
У нас ёсць платная версія, але і бясплатная не абмяжоўвае колькасць таго, што можна рабіць. Платнаяж мае каля 20 іншых фільтраў, якія ты можеш дадаць у картку расліны. Гэта хутчэй PRO-версія.
Большасці людзей не вельмі такая не патрэбная, але калі вы – апантаны раслінавод, то вам трэба мець больш фільтраў, параметраў для захоўвання інфармацыі пра вашыя расліны.
Але наш дадатак – гэта не проста база дадзеных, гэта інструмент для самога працэсу вырошчвання, і гэта там добра рэалізавана.
У ім можна рабіць калекцыі гародніны, кветак, збіраць іх у градкі (beds), сартаваць іх. Папулярная штука – можна зрабіць, напрыклад, асобную bed «Смачная піца», і садзіць у высокую градку ўсё, што патрэбна вырасціць для піцы: таматы, цыбуля, базілік, арэгана…
У заходнім еўрапейскім садаўніцтве, і ў нас таксама, мяняецца падыход да таго, як людзі вядуць гаспадарку і вырошчваюць расліны. Гэта становіцца больш звязана з задавальненнем, адпачынкам. Вядома, ёсць тыя, хто займаецца гэтым сур’ёзна, але зараз такія часы, што трэба мець нейкі маленькі гародзік (смяецца).
Гэта тое, што дае шмат пазітыўных эмоцый, калі ў цябе атрымліваецца. Насамрэч, садаўніцтва – гэта вельмі тэрапеўтычная рэч. Ёсць цэлыя праграмы па садатэрапіі, якія праводзяць у турмах, з ветэранамі, вайсковымі, якія вярнуліся з ПТСР.
Гэта, напрыклад, распаўсюджана у ЗША. Ветэранам бывае вельмі цяжка усталяваць першы кантакт з чалавекам, які не мае падобнага досведу, а расліны прымаюць усіх, расліны нікому не адмаўляюць.
Ці былі аплікацыя, якія служылі рэферэнсам?
Вераніка: Не, рэференсаў не мелі, большасць такіх дадаткаў робяцца пад планаванне самой пасадкі: што з чым садзіць і гэтак далей.
Можа быў нейкі фідбэк ад карыстыльнікаў?
Вераніка: Так, пісалі людзі на пошту, што ім вельмі падабаецца, пісалі, што хацелі дадаць такія штукі як pet friendly у дачыненні да раслін (раслін, не атрутных для дамашніх жывёл).
Гэта больш тычыцца кветак. Мне, напрыклад, даспадобы ліліі, але для катоў яны атрутныя. Я хацела пасадзіць партулак, але ён вельмі атрутны для жывёлак.
Неабавязкова ад гэтага адмаўляцца, калі можна проста трымаць іх там, дзе жывёлы не могуць іх дастаць, таму ліліі ў мяне растуць у вазонах на балконе. Спіс раслін, атрутных для жывёл, дастаткова вялікі, таму яго цяжка пастаянна гугліць.
Фільтр Pet friendly мы дадалі ў PRO, яшчэ ёсць прызнак Native – мясцовая расліна. І ёсць людзі, якія цікавяцца менавіта мясцовымі раслінамі.
А месяцавага календара там няма? ☺
Вераніка: Не, месяцавага календара няма. Мы думалі дадаць, але пакуль вырашылі не рабіць, бо гэта вялікі кавалак працы, які зойме шмат часу.
Зараз усе дадзеныя збольшага захоўваюцца на тэлефонах. Мы робім сервер, каб у юзэраў была магчымасць захоўваць свае дадзеныя на серверы. Бо калі з тэлефонам што здарыцца, калекцыі згубяцца.
Але гэта таксама праца – усё занесці, калі ў цябе там толькі таматаў 50 сартоў. І калі ў нас будзе сервер, у нас будзе вэб-версія. Камусьці прасцей уносіць дадзеныя за кампом, чым з тэлефона, гэта ўжо справа прывычкі і густу.
Як лакалізавалі дадатак?
Вераніка: Мовы: англійская, беларуская, украінская. Лакалізацыя ў нас украінская, і ужо ёсць украінскія карыстальнікі. Я думаю, што збольшага гэта нашы знаёмыя, хто займаецца гародніцтвам.
Ёсць беларуская мова, таму што мы – беларусы. На першым месцы ў нас юзэры з ЗША. Расійскай мовы няма.
Будзе крута, калі знойдзецца чалавек, які дапаможа зрабіць польскую лакалізацыю, іспанскую, італьянскую. Бо мы бачым, што людзі адтуль цікавяцца, але не ўсе ведаюць англійскую мову.
Калі раптам знойдзецца хтосьці, хто захоча дапамагчы вам з лакалізацыяй на іншыя мовы, вы гатовыя да супрацы?
Аляксей: Так, наша лакалізацыя была збольшага аўтаматычнай: UI рабіўся з дапамогай перакладчыкаў, Сhat GPT, іншых інструментаў AI, і гэта вельмі зручна.
Партрэт вашага ідэальнага юзэра?
Вераніка: У нас няма ідэальнага юзэра. Улічваючы тое, што My Seed Collection спачатку ствараўся пад мяне. У нас няма амбіцый на ім зарабіць.
Канешне, было бы прыемна – як прыемна, калі ацэньваюць тваю працу, купляючы твой прадукт. Але з самага пачатку гэта рабілася для сябе. Распрацоўка, насамрэч, стоіць дорага, і такія спецыфічныя прадукты выходзяць дарагімі, бо аўдыторыя маленькая.
Пакуль дадатак толькі для iOS. Android ёсць у планах?
Вераніка: Ёсць, але пакуль цяжка, бо ў нашым коле няма людзей, якія маглі б з гэтым пракансультаваць, і зноў жа, нашай інвестыцыяй была работа Аляксея, а калі падлічыць чатыры месяцы яго занятасці, то гэта дорага. Я рабіла апісанне, дызайн, функцыянал. Мне падабаецца, што мы зрабілі гэта разам.
Я чула, што той жа працэс рэгістрацыі ў AppStore – ён даволі складаны, ці ў цябе да гэтага быў досвед публікацыі дадаткаў у AppStore?
Аляксей: Я да гэтага выкладаў аппкі на працы, таму гэта не цяжка, проста займае шмат часу, але па выніку ў Apple найлепшы стор.
Прі стварэнні карыстаўся Swift і сучасным стэкам SwiftUI.
І ў планах зараз зрабіць сінхранізацыю з серверам, ну і, можа, зрабіць апку для Apple Vision Pro, для дапоўненай рэальнасці, гэта магло бы быць цікавым, каб умоўна можна было бы сваё насенне раскласці на гародзе.
Чаму ты займаешся садаводствам?
Вераніка: Людзі высаджваюць штосьці на балконах – я таксама так пачынала. У мяне ў студэнцкія часы раслі меліса і базілік.
У нашыя часы, калі вельмі многа болю і страху, злосці, важна рабіць нешта, што дапамагае захаваць сябе тым, якім ты быў, не згубіць сябе. Калі робіш нешта, што робіць цябе табой – гэта класна.
Калі працягваць гаварыць пра тэрапеўтычны эфект садаводства, то гэта расслабляе, зазямляе, але мала хто усведамляе, наколькі многа агрэсіі ў садаўніцтве.
Ты ведаеш, як пазбавіцца слімакоў у гародзе, чым зрабіць для іх пастку, ты мусішь прарадзіць моркву, вырваць пустазелле, столькі нейкіх агрэсіўных дзеянняў: капанне, выдзіранне карэння. Але гэта ўсё супертэрапеўтычна .
Людзі нават не усвядомліваюць, колькі агрэсіі, таго, што мы спыняем у сабе, колькі яе выходзіць праз тое, што ты проста вырошчваеш расліны, і гэта даведзена…
Ёсць кніга «Садатэрапія» Сью Сцюарт-Сміт, можна прачытаць, яна вельмі цікавая, ад аўтаркі-псіхатэрапеўткі. Яна ездзіла ў ЗША па турмах, лякарнях пры шпіталях з вайсковымі. Там праводзілі даследаванні, і гэта рэальна працуючая рэч.
Я ніколі пра тое не задумвалася, пакуль сама гэту кніжку не прачытала – калі ў цябе столькі нянавісці і злосці, якую ты не можаш прад’явіць усяму свету: і Пуцін дастаў, і Лука, і гэта ў цябе сядзіць, а так яно патроху папускае.