"Прапануем змяніць падыход да фарміравання газонаў у Гродне і пасеяць на іх сумесь траваў і палявых кветак. Такія газоны маюць назву “маўрытанскіх” ці дэкаратыўных і апошнім часам набываюць папулярнасць у еўрапейскіх гарадах", – пішуць аўтары петыцыі і ўдакладняюць: гэткі газон выяўлены на загалоўным фота, якое зроблена летам 2019 года ў Беластоку.
Паводле аўтараў, дэкаратыўныя газоны маюць шэраг перавагаў перад звычайнымі. Іх засяваюць сумессю злакавых раслінаў і палявых кветак, менш патрабавальных да глебаў, якія не патрабуюць частых пакосаў, самааднаўляюцца ў новым сезоне, спрыяюць захаванню біялагічнай разнастайнасці насякомых і робяць гарадскую прастору больш прывабнай.
Падбор шматгадовых і аднагадовых кветак і траваў можа быць самым розным: валошкі, рамонкі, макі, лён, календула, канюшына, лубін ды іншыя. Зеляніна на газонах зніжае тэмпературу глебы, бо расліны адлюстроўваюць да 90% сонечнага выпраменьвання. Па здымках, зробленых цеплавізарам відаць, што на коратка стрыжаных газонах, як і на асфальтавых пакрыццях, тэмпература паверхні дасягае амаль 50 градусаў.
З экалагічнага даклада да генеральнага плана Гродна вынікае, што ў горадзе не хапае зялёных зонаў. Іх нарматыўная колькасць мае складаць 15 квадратных метраў на кожнага жыхара, але зараз ёсць толькі 3,6 квадратных метры. Зяленыя зоны ў выглядзе дэкаратыўных газонаў з рознатраўем маглі б часткова кампенсаваць недахоп дрэваў у горадзе.
"Выносячы пытанне на абмеркаванне ўвосень, мяркуем, што пры станоўчым разглядзе, затраты на новыя газоны могуць быць прадугледжаны ў бюджэце горада на 2020 год", – спадзяюцца стваральнікі петыцыі.