10.09.2024 / 16:09

І чаму іх гэта радуе.

Фота - Крыстафер Нан
Фота - Крыстафер Нан

– Я тут падскраў вам касметыкі трошкі.

– Ды ты салодзенькі мой! Усё ў дом, усё ў сям’ю.

– Там пробнікі, праўда, ды ладна.

– Ну і ладна, гэта прывітанне з Украіны будзе. Нармальна.

– Які рускі чалавек не сапрэць нічога, ты чаго!

– Красоўкі, потым, жаночыя. Але яны NB, яны фірмовыя, тут усё нармальнае. 38-ы памер.

– Ну, Сафіі, хай Сафіі.

Гэта адзін з дыялогаў расійскіх вайскоўцаў са сваімі роднымі. Яны безліч разоў званілі ў Расію з акупаваных украінскіх тэрыторый, гэтыя размовы праслухоўвалі украінскія спецслужбы.

Рэжысёрка Аксана Карповіч зрабіла з гэтага дакументальны фільм. «Мірныя людзі» – гэта паўтары гадзіны такіх дыялогаў, якія гучаць паверх кадраў са зруйнаванымі ўкраінскімі дамамі і вуліцамі.

Здавалася б, у фільме няма нічога новага – я дык дакладна не чакала пачуць там нешта гуманнае і дакладна не думала, што на экране будуць маляўнічыя краявіды. Але, відаць, да вайны немагчыма звыкнуць, нават калі не жывеш у ёй і маеш магчымасць літаральна спакойна спаць па начох.

І ніяк немагчыма звыкнуць да гэтай логікі, якую дэманструюць расійскія вайскоўцы і іх родныя. Вельмі розныя людзі з рознымі акцэнтамі і вельмі розным слоўнікавым запасам кажуць адно і тое ж: як ім не шкада ўкраінцаў і як яны радуюцца ўкраінскім рэчам, якія можна скрасці.

Акрамя відавочнай абыякавасці да чалавечага жыцця і расчалавечвання прыдуманага ворага мяне ў фільме ўразілі менш відавочныя рэчы: як культура спажывання добра ўпісваецца ў акупанцкую логіку, і як зруйнаваныя тэрыторыі становяцца вялізнымі сметніцамі.

Безумоўна, у параўнанні з бясконцымі смерцямі гэта выглядае як нейкая дробязь, але я лічу, што і яе трэба заўважаць і прагаворваць. Бо гэта не абясцэньвае чалавечыя смерці, а паказвае, наколькі ўсебакова Расія руйнуюе Украіну і – ускосна – іншыя краіны.

Даследчыкі і даследчыцы шмат пішуць пра экалагічную катастрофу з нагоды вайны, але калі гаворка ідзе пра забруджванне тэрыторый, найперш кажуць пра будаўнічае і вайсковае смецце. Тым ня менш гэта не ўсё: на пашкоджаных і зруйнаваных тэрыторыях застаецца таксама безліч самага звычайнага побытавага смецця.

У ім – сямейныя традыцыі, памяць, святочныя рытуалы і простыя матэрыяльныя каштоўнасці. У ім усё тое, з чаго складаецца паўсядзённасць чалавека. І з ім давядзецца нешта рабіць, а замест яго людзі, якія выжылі і здолелі ўцекчы, будуць набываць нешта новае.

Фота - Крыстафер Нан
Фота - Крыстафер Нан

І гэты ланцужок вытворчасці будзе расці ўсё даўжэй і даўжэй, пакуль будзе цягнуцца вайна. А вытворчасць – гэта, канечне, новыя працоўныя месцы, але таксама перапрафіляванне земляў, змяншэнне зялёных зон, новыя выкіды.

А новыя выкіды пагаршаюць кліматычны крызіс, які ўплывае ў тым ліку на саму Украіну і робіць жыццё там яшчэ цяжэйшым.

Усё звязана паміж сабой, і нельга сказаць, што вось на гэта вайна ўплывае ў першую чаргу, а на гэта – ну так, па дробязях.

На нядаўняй канферэнцыі па экалагічнай журналістыцы арганізатарка спытала мяне, ці варта ўвогуле ў гаворцы пра кліматычны крызіс ва Украіне ўзгадваць вайну, бо ён жа ёсць і ў краінах без вайны.

Але справа ў тым, што мы не можам паставіць эксперымент і параўнаць, як бы кліматычны крызіс развіваўся ва Украіне без поўнамаштабнага ўварвання, і як ён развіваецца ва ўмовах вайны.

Рэальнасць такая: расіяне пераўтвараць вялізныя ўкраінскія тэрыторыі ў сметніцы і, мяркуючы па дыялогах у фільме, адчуваюць ад гэтага палёгку. Яны шчыра расказваюць пра сваё здзіўленне ўзроўнем жыцця ўкраінцаў і ўкраінак, і нават тлумачаць гэта тым, што Украіну падтрымлівае Захад і, адпаведна, навадняе добрымі таварамі.

– Тут яны жывуць, я табе кажу, лепей чым мы.

– Гэта зразумела.

– Ва ўсё фірмовае апранутыя.

– Ну а чаго, калі, глядзі, Захад падтрымлівае іх як. Там і шмоткі, і ўсё.

– У цывільных красоўках някепска, добра рухаемся.

– Дык вось. Там, напэўна, і кватэры, і мэбля, і ўсё ёсць.

Безумоўна, яны самі не думаюць у катэгорыях «канс’юмерызм», «празмернае спажыванне», «забруджванне» і «экалагічная катастрофа». Яны не думаюць нават катэгорыямі «гуманізм» і «каштоўнасць чалавечага жыцця», а некаторыя адкрыта называюць украінцаў і ўкраінак нелюдзьмі.

Хтосьці апраўдвае масавыя забойствы мірных грамадзян, а хтосьці нават ганарыцца такімі сваімі дзеяннямі. Зрэшты, няважна, як яны самі нешта называюць, а важна, што ёсць што ў рэальнасці.  Вайсковыя злачынствы, масавыя руйнаванні, гуманітарная і экалагічныя катастрофы.

І нават калі вайна чароўным чынам скончыцца ўжо заўтра, Украіна імгненна верне ўсе часова акупаваныя тэрыторыі, Расія разваліцца на дробныя кавалкі, а шэраговых вайсковых і кіраўніцтва Расіі будуць судзіць за здзейсненыя злачынствы, наробленая бяда ўжо нікуды не знікне.

Усё адно давядзецца жыць у новай рэальнасці зруйнаваных гарадоў і знішчаных вёсак.

Праўда, вельмі хочацца верыць, што чалавечае жыццё хоць бы для большасці расіян стане большай каштоўнасцю за скрадзеныя паношаныя фірмовыя красоўкі. І што яны не будуць радавацца праз тое, што пераўтвараюць суседнюю краіну ў вялікую сметніцу.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость