10.10.2016 / 23:10

Заўзятым раварыстам хутка надакучваюць звычайныя паездкі па горадзе над Сожам. Знайсці цікавы маршрут для падарожжа не так лёгка, бо гайдаў па Гомельскім раёне і яго цікавых мясцінах у інтэрнэце не так шмат. Адным з неардынарных накірункаў для вандроўкі можа служыць поўдзень ад Гомеля – мясціны пакрытыя лясамі, палямі, вёскамі са старымі храмамі і былымі панскімі ўладаннямі. Чытайце ў нашым аглядзе аповед пра вялікую паездку амаль да самай мяжы з Украінай.

На паўднёвы ўсход ад Гомеля месціцца шэраг старых вёсак з цікавымі аб’ектамі – Каранёўка, Пясочная Буда, Грабаўка, Маркавічы, Гадзічава ды іншыя. Менавіта па ім мы і скіруемся амаль да самай мяжы Паддабранкі.

Увесь маршрут складае ад Навабеліцы да вёсак Гадзічава і Чарацянка ды назад каля 80-90 кіламетраў, таму падыходзіць толькі загартаваным у далёкіх паездках раварыстам. Але і аматары меньшых дыстанцый знойдуць як мінімум два варыянты – лягчэйшы (да Каранёўкі)  і сярэдні (да Грабаўкі).

Для паездкі нам спатрэбіцца:

Пропуск для знаходжання ў памежнай зоне і пашпарт (калі вы паедзеце да самага канца маршрута). Пропуск можна ўзяць у любым філіяле Беларусбанка, каштуе ён каля 4 рублёў і робіцца на месцы за пару хвілін. Галоўны плюс – дзейнічае ён на працягу года з моманту аплаты.

Пітная вада. Без жартаў, піць пры паездцы на такія дыстанцыі неабходна рэгулярна і ў дастатковай колькасці, таму абавязкова бярэм пітво з сабой.

Трохі грошай. У дарозе, на жаль, можа здарыцца рознае. Калі ў вас адбудзецца пракол камеры і спусціць колы за пару дзясяткаў кіламетраў ад Гомеля лепш мець хаця б трохі драбязы з сабой, каб у выніку чаго аддзячыць тых, хто дапаможа вам даехаць разам з вашай “нерухомасцю” хаця б да межаў горада.

Мапа. Час вялікіх папяровых мапаў мінуў. Пры гэтым паглядзець куды ехаць далей можна не толькі ў інтэрнэце на Googlemaps, Yandex.Maps ці OpenStreetMap, але і спампаваць на свой смартфон бясплатны дадатак MAPS.ME. У ім можна наўпрост дадаць сабе пакет мапаў для любой краіны цалкам і потым выдатна арыентавацца на мясцовасці – што на ўскрайку Лепеля, што ў Каранёўцы. Ніякай магіі і інтэрнэта!

Падсілкаваны тэлефон. Без сувязі, магчымасці паглядзець час ці арыентавацца на мапе складана. Калі гэта здарыцца праз выпадкова сеўшы мабільны будзе яшчэ горш.

Светлавы дзень. Пры планаванні падарожжа ўвосень трэба ўлічваць час заходу сонца. Дарога на большым участку наогул не мае асвятлення і нават на самай маленькай хуткасці любая дробная яміна пасля заходу сонца можа выбіць вас з сядзення.

Для першага варыянта падарожжа спакойным тэмпам вам спатрэбіцца каля гадзіны туды-назад, калі ехаць павольна (падрыхтаваныя могуць даехаць ад Навабеліцы да Каранёўкі і за 15 хвілін). Для другога варыянта – да Грабаўкі вам спатрэбіцца ўжо 2-2,5 гадзіны агулам. Увесь маршрут падрыхтаваныя разварысты могуць праехаць за 3-4 гадзіны.

Наш шлях пачнецца на вуліцы Склязнёва, што ў Навабеліцы (раён прыпынка “Другая школа”). Менавіта адсюль стартуе Каранёўская шаша, па якой мы і рушым за прыгодамі. 

Паехалі! Па правы бок ад нас будуць элеватары, а далей чакае каля 7 км лесу.

У красавіку гэтага года ад Навабеліцы да дачнага пасёлка Лісічкі (першыя 1,7 км шашы) была пракладзена адмысловая сцяжынка для пешаходаў і раварыстаў. Яна значна спрашчае перасоўванне па дарозе.

Хто замінае ўладам падоўжыць сцяжынку да Каранёўкі невядома. У выпадку яе стварэння ў гомельцаў з’явіўся б цікавы маршрут да вядомай сядзібы графа Паскевіча ў Каранёўцы.

Залатая восень радуе вока і дапамагае ехаць з асаблівым камфортам
Залатая восень радуе вока і дапамагае ехаць з асаблівым камфортам

Від вуліцы, што прывядзе нас да старой сядзібы ў Каранёўцы
Від вуліцы, што прывядзе нас да старой сядзібы ў Каранёўцы

Пасля сканчэння агароджы каля сядзібы трэба збочыць направа, дзе і будзе галоўны ўваход. Тым, хто паедзе далей трэба будзе працягнуць ехаць менавіта па гэтай дарозе.

Раней  абшары вакол Грабаўкі належылі вядомым гомельскім арыстакратычным сем’ям Румянцавых і Паскевічаў. Менавіта тут месціўся фальварак і лясы для палявання. У 1860-х гадах Фёдар Іванавіч Паскевіч пабудаваў з дапамогай архітэктара Аляксандра Пеля знаёмую нам цяпер сядзібу, перад якой месціцца прыгожая сажалка.

Сёння ў будынку знаходзіцца Каранёўская эксперыментальная лясная база Інстытута леса НАН Беларусі. Калі вы не вельмі актыўна карыстаецеся роварам, то пасля адпачынку і агляду былой сядзібы варта вяртацца дамоў. Дарога да Каранёўкі і назад складзе агулам каля 14 кіламетраў, што з улікам паездкі па самім горадзе дасць вам неабходны фізічны зарад бадзёрасці і ўражанні ад першага падарожжа.

Адразу некалькі шыльдаў папярэджваюць гасцей аб тым, што знаходжанне на тэрыторыі базы пастаронніх асоб у святочныя і выходныя дні забаронена, роўна як і забаўляльныя мерапрыемствы ды распіццё спіртных напояў. У астатнім па тэрыторыі сядзібы дакладна варта пахадзіць.

Далей рушым на поўдзень да Кантакузаўкі.

Па дарозе будзе багата дамоў як для людзей, так і для птушак. 

Год таму па ўчастках лесу за Кантакузаўкай прайшоўся буран, які вырваў і паваліў вялікую колькасць дрэваў
Год таму па ўчастках лесу за Кантакузаўкай прайшоўся буран, які вырваў і паваліў вялікую колькасць дрэваў

На пэўнай адлегласці ад Кантакузаўкі будзе заўважны сметнік, які перастаў дзейнічаць толькі год таму. Побач з ім месцяцца палі, на якіх вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю. Наколькі карысным такое суседства з’яўляецца для прадуктаў, застаецца толькі гадаць.

Статак авечак ля ракі Вуць побач з вёскай Рудня-Прыбыткаўская
Статак авечак ля ракі Вуць побач з вёскай Рудня-Прыбыткаўская

Адной з характэрных асаблівасцяў Гомельшчыны з’яўляецца багаты разьбяны дэкор дамоў. Ліштвы шматлікіх хат дагэтуль нясуць на сабе адбітак яшчэ язычніцкіх часоў і знакаў, у тым ліку і т.зв. Пярунавы стрэлы.

Калі ў роднай вёсцы няма дзіцячай пляцоўкі, то гэта не прычына для суму. Як паказвае досвед жыхароў Рудні-Прыбыткаўскай змайстраваць яе можна нават самастойна.

Пасля перакрыжавання з дарогай М10 па правы бок можна будзе заўважыць птушкафабрыку “Рассвет”. Калі вам не пашанцуе, то вам яшчэ з паўкіламетра давядзецца адчуваць не самы прыемны пах ад перапрацоўкі мяса.

Але дзякуючы прадпрыемству жыхары суседняй Пясочнай Буды маюць адмысловую сцяжынку, па якой можна дайсці ці даехаць на ровары да працоўнага месца.

Будамі ў XVI-XIX стст называлі невялікія прадпрыемствы, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці
Будамі ў XVI-XIX стст называлі невялікія прадпрыемствы, якія знаходзіліся ў прыватнай уласнасці

Храм Успення Божай Маці у Пясочнай Будзе.
Храм Успення Божай Маці у Пясочнай Будзе.

Суседства з буйным прадпрыемствам станоўча адбіваецца на жыхарах вёскі. Праз наяўнасць працы Пясочная Буда адрозніваецца ад іншых населеных пунктаў раёна ажыўленымі вуліцамі і вялікай колькасцю дзяцей, што здзіўляе пасля вёсак са спарахнелымі дамамі і аднымі пенсіянерамі.

Пасля прыборкі ўраджаю нярэдка можна заўважыць і такое суседства “восені” і “вясны” на адным абшары. Здымак зроблены на выездзе з вёскі Хутаранка.
Пасля прыборкі ўраджаю нярэдка можна заўважыць і такое суседства “восені” і “вясны” на адным абшары. Здымак зроблены на выездзе з вёскі Хутаранка.

Па меры набліжэння да Грабаўкі лясы становяцца больш густымі.
Па меры набліжэння да Грабаўкі лясы становяцца больш густымі.

Калі хочаце патрапіць у стары парк у Грабаўцы і паглядзець на возера – не забыйцеся збочыць налева каля крамы.
Калі хочаце патрапіць у стары парк у Грабаўцы і паглядзець на возера – не забыйцеся збочыць налева каля крамы.

Грабаўка – адна з самых расцягнутых уздоўж дарогі вёсак. Пасля маленечкіх населеных пунктаў яна падаецца сапраўдным мегаполісам. Ёсць у вёскі і багатая гісторыя.

Паводле пісьмовых крыніц, Грабаўка вядомая з XVIII стагоддзя як слабада ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Асноўную частку яе жыхароў складалі стараверы-уцекачы з Расійскай імперыі. Па прывілеі караля Аўгуста III ад 5 лiстапада 1762 году Грабаўка была ў валоданні вядомай сям’і Фашчаў.

Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 вёска апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1784 годзе вайсковыя атрады расійскіх войскаў на чале з генералам Маславым выслалі ўсіх старавераў слабады ў Сібір.

З 1877 году ў Грабаўцы дзейнічала алейня, а ў 1879 годзе была пабудавана драўляная Ўзнясенская царква. У 1886 годзе працавалі 2 ветраныя і вадзяны млыны. У 1909 годзе тут меліся школа са 112 вучнямі, царква, касцёл, вінная крама.

У другой палове XIX стагоддзя дзякуючы Фашчам быў закладзены яблыневы сад і парк, на заходняй ўскраіне якога знаходзіўся курган. Мелася тут і доўгая ліпавая алея.

Напачатку ХХ ст грабаўскі маёнтак Фашчаў налічваў 5 468 дзесяцін зямлі (1 000 дзес. пашы, 853 дзес. лугоў, 3 406 дзес. лесу). Аднымі з апошніх гаспадароў Грабаўкі былі Караль, Фелікс, Аттон і Людвік Фашчы. Па словах старажылаў вёскі, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году Людвік скончыў жыццё самагубствам, а некаторыя прадстаўнікі сям’і з'ехалі ў Кіеў.

У савецкі час у сядзібным доме знаходзіліся ўстановы сацыякультурнай сферы. Аднак гісторыя сядзібы, а разам з ёй і таямніцы прадстаўнікоў роду Фашчаў, канчаткова скончылася 17 мая 1982 года. Менавіта ў гэты дзень сядзібны дом цалкам згарэў.

Але ж затое дагэтуль ацалелі парэшткі былога парка і маляўнічае возера, каля якога можна адпачыць. Тым, хто абраў сярэдні маршрут пасля адпачынку лепей вяртацца дамоў. Дарога ў абодва бакі ад Навабеліцы ужо складзе каля 50-52 кіламетраў, таму лепей быць упэўненымі ў сваіх сілах і не ехаць больш, чым вы рэальна здольны. Астатнія рушаць далей на поўдзень!

Брама храма Ўшэсця Гасподняга ў Грабаўцы
Брама храма Ўшэсця Гасподняга ў Грабаўцы

Храм Ушэсця Гасподняга быў пабудаваны ў 1879 годзе. У 1939 годзе царква была зачыненая і перададзеная пад школу, якая праз год згарэла. У 1946 годзе быў пабудаваны новы цагляны будынак школы які ў 1999 годзе быў перададзены вернікам. 

Металічны крыж каля Грабаўкі
Металічны крыж каля Грабаўкі

Уезды і выезды з вёсак шмат дзе па традыцыі азначаюць прыгожымі крыжамі.

Неўзабаве пасля выезда з Грабаўкі можна будзе ўбачыць паведамленне аб уездзе на прыпамежную зону. Без адпаведнага дазволу знаходзіцца тут нетутэйшым забаронена. Мможна адхапіць штраф. Круцім педалі і мінаем рачулку Цяруху і вёску Рагі-Ілецкі.

Маркавічы сустракаюць нас прыгожым крыжам і футурыстычнай ваданапорнай вежай.
Маркавічы сустракаюць нас прыгожым крыжам і футурыстычнай ваданапорнай вежай.

Па пісьмовых крыніцах Маркавічы вядомыя з XVI стагоддзя як вялікакняская ўласнасць. Упершыню ўзгадваюцца ў 1562-71 гадах у матэрыялах аб удакладненні межаў паміж ВКЛ і Чарнігаўскім княствам. У 1640-х гадах згодна інвентару Гомельскага стараства тут мелася 6 дымоў, 11 валоў і 11 коней. У 1729 годзе была збудавана драўляная Свята-Міхайлаўская царква. У самой вёсцы размяшчалася мытня.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Замест струхлелага драўлянага будынка у 1791 годзе была збудаваная новая царква. У 1820 годзе запрацавала школа. Маркавічы належалі Румянцавым і Паскевічам. Дзейнічала тут і царкоўна-прыходская школа. У вясковай народнай вучэльні ў 1856 годзе вучыліся 32 хлопчыкі, ў 1867 годзе — 52 хлопчыкі і 7 дзяўчынак. У 1875-78 гадах адкрыты 3 крупадрабілкі. У 1882 годзе мелася 5 ветракоў, 20 лавак, 2 заезныя двары, карчма і царква. У 1914 годзе скончылася будаўніцтва дзвухпавярховага будынка школы.

Па колькасці насельніцтва сёння ў Маркавічах пражывае амаль у тры разы меньш людзей, чым было ў 1909 годзе.

Калі ў 1909 годзе ў Маркавічах мелася 483 двары і пражывала 3995 жыхароў, то ў 2004 годзе – 367 гаспадарак і 887 жыхароў. Падобныя суадносіны, калі да рэвалюцыі ў некаторых вёсках пражывала ў некалькі разоў больш жыхароў чым сёння, на жаль, не рэдкасць — урбанізацыя, вайна і неспрыяльная сацыяльна-эканамічная сітуацыя змяншаюць і без гэтага невялікую колькасць вяскоўцаў. 

Нягледзячы на свае памеры, больш за Маркавічы нас цікавіць маленечкая вёсачка на поўдзень ад яе – Гадзічава.

У свой час тут праходзіў гандлёвы шлях, што злучаў сённяшнія ўкраінскія ды беларускія землі, таму шмат дзе заўважаны парэшткі былых гасцінцаў – транспартных артэрый тых часоў.

Гадзічава сустракае вельмі прыгожым крыжом
Гадзічава сустракае вельмі прыгожым крыжом

Непадалёк ад вёскі археолагі знайшлі паселішча Банцараўскай культуры (IV-VII ст. н.э.) і Старажытнай Русі. Па пісьмовых крыніцах Гадзічава вядома з XVIII ст. як вёска ў Гомельскім старастве Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

Свята-Кацярынінская царква ў вёсцы Гадзічава была збудавана ў 1822 годзе ў стылі класіцызма. Прыкладам падобнага стыля можа служыць і вядомы Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, узведзены ў 1808-1818 гг. пры дапамозе Мікалая Румянцава. Падабенства невыпадковае і таму, што абодва праекты распрацоўваў англійскі архітэктар Джон Кларк.

За бальшавікамі царква неаднаразова зачынялася і канчаткова была адабраная ў вернікаў у 1961 годзе. Будынак выкарыстоўваўся як фуражны склад.

У 1886 годзе ў Гадзічава меўся вятрак, а ў адпаведнасці з перапісам 1897 года месцілася тут і школа граматы, лаўка ды тракцір. 

Калі вярнуцца ў Маркавічы і ад’ехаць на ўсход ад іх цэнтра на 5 кіламетраў, то можна патрапіць у канчатковую мэту нашай паездкі – вёску Чарцянку.

Яна вядомая з ХІХ стагоддзя як вёска ва ўладаннях Солтанаў. У 1848 годзе тут была збудавана драўляная царква, але ў 1865-68 гг. быў пабудаваны новы храм Успення Прасвятой Багародзіцы. 

З 1865 года дзейнічала тут і народная вучэльня (у 1889 годзе навучалася 57 хлопчыкаў і 8 дзяўчат). У 1897 годзе меліся тут і хлебазапасная крама і лаўка, а ў 1912 было створана спажывецкае таварыства.

За савецкімі часамі ў Чарацянцы размесціўся буйны калгас, які існуе дагэтуль і забяспечвае працай жыхароў з усёй акругі.

Побач з царквой месціцца маленькі стаў. Праз дарогу таксама ёсць сажалка, але ўжо значна большых памераў. 

Вяртацца лепш той дарогай, якой і ехалі. Задумка скараціць шлях праз Макаўе (як гэта зрабіў я) прывядзе вас да дзвух кавалкаў па 0,5-1 кіламетры жвіру і вельмі кепскай дарогі без асфальту.

Калі падводзіць вынік, то можна дакладна сказаць, што на поўдні ад Гомеля ёсць на што паглядзець. Плануйце сваё падарожжа ўважліва, не забывайцеся, што поўны маршрут складае каля 80-90 кіламетраў агулам (і спаліць вам каля 4 тысяч кілакалорый) і галоўнае — гэта атрымаць задавальненне ад цікавай паездкі на сваім дзвухколавым сябры.

 

Автор:
Фотограф:
Яўген Меркіс
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость