10.10.2017 / 13:10

Жыллёвае пытанне турбуе, бадай што, кожнага другога беларуса. Рынак прапаноў квадратных метраў шырокі, але патэнцыйныя пакупнікі сутыкаюцца з праблемамі. І не толькі фінансавымі. Выгляд і камфорт сучаснага жылля і інфраструктуры вакол яго ў Беларусі пакідае жадаць лепшага.

Тыповая карціна добраўпарадкавання вакол новенькіх шматпавярховікаў – перакапаныя пусташы і катлаваны пад новыя дамы. Але карціна можа быць зусім іншай. Як напрыклад, у сталіцы Швецыі, дзе рэалізуюцца хай-тэк праекты, распрацаваныя яшчэ ў 1970-я гады.

Ад мінскіх спальных раёнаў можа закружыцца галава – яны бы блізнюкі падобныя адзін да аднаго сваім архітэктурна-планавым рашэннем. І нагадваюць хутчэй не жыллё для людзей, а пчаліныя вуллі. Відавочна, на думку беларускіх горадабудаўнікоў, так найпрасцей будаваць сямейныя ячэйкі. І ніхто не звяртае увагу, што прапановы квадратных метраў з прылягаючымі тэрыторыямі ўжо на паўстагоддзя адстаюць ад патрэб людзей: і адсутнасць дастатковай колькасці машынамесцаў, і брак азелянення становяцца тыповымі для любога новага мікрараёну сталіцы.

У сваю чаргу шведскія архітэктары ўзяліся рэалізаваць цалкам іншы падыход да ўзвядзення жылля. Як прыклад, у Стакгольме ужо існуе два прагрэсіўных раёны, якія цалкам адпавядаюць прынцыпам устойлівага развіцця. Вялікая ўвага тут удзелена пытанням энергазберажэння і азеляненню, выбару будаўнічых матэрыялаў.

Першы экалагічны мікрараён Стакгольма Хаммарбю
Першы экалагічны мікрараён Стакгольма Хаммарбю

Яшчэ адзін важны падыход, які прымянілі пры праектаванні, заключаецца ў тым, што раёны іграюць ролю «для жыцця», дзе кожны жыхар можа рэалізаваць свае сацыяльныя патрэбы з камфортам і мінімальнай затратай рэсурсаў. Такім чынам асноўным патрабаваннем, якога прытрымліваўся муніцыпалітэт Стакгольма, стала каб мікрараёны былі «жывымі» і «актыўным».

Грамадскі агародзік
Грамадскі агародзік

Разумны, рацыянальны і ўстойлівы падыход у такіх раёнах назіраецца ва ўсім. Напрыклад, у выкарыстанні свабодных плошчаў. Калі раней дахі дамоў неслі выключна абарончыя функцыі ад ападкаў для верхніх паверхаў, то ўжо сёння там усталёўваюцца сонечныя панэлі ці ствараюцца грамадскія сады, месцы для адпачынку і сустрэч.

Не абыйшлі ўвагай пры забудове раёнаў і праблему змянення клімату. Наступствы кліматычных зменаў, якія ўжо відавочны, а з часам будуць яшчэ павялічвацца, улічылі ўжо сёння праз прадуманую сістэму, напрыклад, збора дажджавой вады і г.д.

У цэлым жа, згодна задуме ў новых жылых раёнах усё павінна адпавядаць прынцыпу крокавай даступнасці – крамы, установы адукацыі для малодшага ўзросту, забаўляльна-аздараўляльныя ўстановы, транспарт.

Дзіцячы садок
Дзіцячы садок

Зялёны партал распавядзе пра адзін з іх.

 

Жылы «гарадок» на месцы старога прамысловага цэнтру

На месцы старога індустрыйнага раёна Стакгольма, што размешчаны на паўвыспе, узрастае малады сучасны жылы раён. У непасрэднай блізасці ад яго знаходзіцца нацыянальны парк, што іграе ролю рэкрэацыйнай зоны для жыхароў, з пэўнымі абмежаваннямі яго выкарыстання, і відавочна надае прывабнасці новаму жылому комплексу.

У цэлым падыход да азелянення раёну грунтуецца на прынцыпах ашчаднага і адбуманага падыхода да зялёных насаджэнняў, якія ўжо не першы дзесятак год растуць тут.

Пляцоўка дзіцячага садка
Пляцоўка дзіцячага садка

Невыпадкова і тое, што ў раёне не знойдзеш два дамы падобных адзін да аднаго. Праектыроўшчыкі спецыяльна адмовіліся ад аднатыпнасці пабудоў, у тым ліку і ў колькасці паверхаў: так, абсалютна гарманічна побач стаяць 4-павярховы, 6-павярховы і 7-павярховы дамы, што фарміруюць адну з вуліц. Высотнасць пабудовы была выбраная невыпадкова. Нягледзячы на тое, што большая колькасць паверхаў дазволіла б зрабіць праект танней, але згодна будаўнічым традыцыям Стакгольма і дзеля псіхалагічнага камфорту людзей была выбраная невысотная забудова.

Адзіны высотны будынак у мікрараёне можа з'явіцца на месцы старой вежы
Адзіны высотны будынак у мікрараёне можа з'явіцца на месцы старой вежы

Асваенне плошчаў адбываецца паступова – пабудова 10-15 дамоў адначасова. І як толькі будынак можа быць здадзены ў эксплуатацыю, яго засяляюць жыльцы. Пры гэтым дамы размешчаныя на даволі блізкай адлегласці адзін ад аднаго. Але па словах Вул Хальквіста, супрацоўніка стакгольмскага муніцыпалітэта, гэта не прыносіць дыскамфорту жыльцам, так як дзякуючы правільна арганізаванай вонкавай прасторы, азеляненню і функцыянальнаму напаўненню, сярод суседзяў фарміруецца моцнае кам'юніці.

Паўсюдна максімальнае выкарыстанне натуральных мэрыялаў
Паўсюдна максімальнае выкарыстанне натуральных мэрыялаў

Дворыкі ў раёне Хаммарбю
Дворыкі ў раёне Хаммарбю

Дворыкі ў раёне Хаммарбю
Дворыкі ў раёне Хаммарбю

Дворыкі ў раёне Хаммарбю
Дворыкі ў раёне Хаммарбю

Прадуманы і арганізаваны ў раёнах раздзельны збор смецця – спецыяльны вакуумны смеццеправод знаходзіцца на вуліцы і адчыняецца са спецыяльнага электроннага ключа.

''Ні сакрэт, што шведскае грамадства лічыцца развітым спажыўцом, таму да пытання адходаў існуе асобы падыход, калі на перапрацоўку адпраўляецца амаль любы від смецця'', – зазначае Вул Хальквіст.

Смеццеправод
Смеццеправод

За абслугоўванне сучаснага смеццяправоду плацяць усе жыльцы – сума разбіваецца на кватэры. Магчыма таму, у Стакгольме меней 1% адходаў ідзе на звалку. Усё ж астатняе смецце, пры запаўненні сховішча, якое знаходзіцца пад зямлёй недалёка ад мікрараёна, здольны вывезці адзін смеццевоз. Гэта не толькі эканамічна выгодна для гораду, але і экалагічна правільнае рашэнне, упэўнены супрацоўнік муніцыпалітэту.

Улічылі праектыроўшчыкі раёну прыязнасць стакгольмцаў да велатранспарту. Веладарожка, якая ідзе ад жылых кварталаў дазваляе патрапіць у цэнтр горада за 15 хвілін. І неабавязкова мець уласны веласіпед, для зручнасці ў непасрэднай блізасці ад дамоў размешчаны велапракат. Сістэма арэнды дазваляе плаціць карткай па факце завяршэння паездкі і вяртання веласіпеда.

Велапракат
Велапракат

Велапаркоўка
Велапаркоўка

Велапаркоўка
Велапаркоўка

''Мы хацелі, каб людзі мелі мінімальную патрэбу ў выкарыстанні ўласных аўтамабіляў, а максімальна карысталіся грамадскім транспартам ці веласіпедамі. Таму наша асаблівая ўвага была аддадзена развіццю гэтых інфраструктур'' – дадае Вул Хальквіст.

Неад'емным правілам у самім мікрараёне з'яўляецца поўная адсутнасць аўтатранспарту на паверхні. З гэтай мэтай кожны дом мае падземны паркінг ці стаяначныя месцы вынесены за межы дваравых тэрыторый. Такім чынам, вуліцы і кварталы сталі цалкам бяспечнымі для пешаходаў.

Бадай яшчэ адна ўнікальная рэч, якую не пакінулі без увагі, гэта стварэнне ўмоў для захавання біяразнастайнасці тэрыторыі. Спецыяльна для марскіх птушак, якія селяцца непадалёк, створаныя гнёзды, каб яны маглі і надалей жыць у звыклым для сябе месцы, для земнаводных істот пабудавалі спецыяльныя пераходы, што дазваляюць безперашкодна дабрацца да вады, падтрымліваць іх папуляцыю.

Вул Хальквіст упэўнены, што беларусы могуць пераняць ідэі шведскіх праектыроўшчыкаў і пачаць рэалізоўваць іх у будаўніцтве жылых дамоў ужо сёння.

І, нягледзячы на высокі кошт праекта, ён зможа хутка акупіць сябе дзякуючы сучасным тэхналогіям, прадуманай арганізацыі жыцця і экалагічным практыкам. З рэшты, сцвярджае супрацоўнік муніцыпалітэту, у першую чаргу варта думаць пра людзей, пра іх камфорт і здароўе.

Грамадскі цэнтр для сустрэчы мясцовых жыхароў. Асабліва папулярны сярод сталых людзей
Грамадскі цэнтр для сустрэчы мясцовых жыхароў. Асабліва папулярны сярод сталых людзей

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость