Цягам месяца польскія паштальёны, між іншым, у Лодзі(Łódź), Варшаве, Пабяніцах (Pabianice), Тамашаве Мазавецкім (Tomaszów Mazowiecki) будуць тэставаць невялікія электрычныя транспартныя сродкі. Гаворка ідзе ў асноўным пра скутэры й ровары.
Прадстаўнік кіраўніцтва кампаніі Poczta Polska (Пошта Польская) Павел Скаваротка (Paweł Skoworotko), які адказвае за лягістыку, спадзяецца, што ацэнка паштальёнаў будзе важнай інфармацыяй падчас замовы транспартных сродкаў.
У прыватнасьці, карыстальнікі змогуць падзяліцца сваім досьведам адносна часу працы й загрузкі, а таксама эфэктыўнасьці сродка транспарту ў розных умовах надвор'я. Важная будзе таксама інфармацыя пра зручнасьць машыны.
Паштальёны будуць тэставаць ровары, скутэры й невялікія электрычныя транспартныя сродкі. Такім чынам Poczta Polska рыхтуецца да выкананьня патрабаваньняў Закону аб электрамабільнасьці й альтэрнатыўных відаў паліва. Кампанія шукае таксама магчымасьцяў скарачэньня выдаткаў.
Агулам паштальёны выпрабуюць 15 тыпаў транспартных сродкаў. Тэсты дазволяць вызначыць тыя зь іх, якія кампанія закупіць шляхам тэндэру.