Падымі ўгару сваё вока
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыйдуць-адлынуць далёка
Усе трывогі зямнога жыцця.
М. Багдановіч
Накрый мяне завеяй у начы,
Каб сніліся мне сны чароўныя...
Знікае восень у загадкавай цішы,
Мароз малюе абразы нерукатворныя...
Узгадай у памяці магічныя замовы,
У якіх так лёгка пераносіць забыццё,
Каб не кранаў нас доўгі час зімовы,
Схавай пад коўдру ўсё маё жыццё...
Раман Салонікаў
Ці дзень, ці ноч – усё адно.
Гарбата, з цукрам журавіны…
Халодным подыхам радзімы
Павеяў студзень праз вакно.
Iрына Хадарэнка
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.
Рыгор Барадулін