На кліматычны саміт у Дубаі ў афіцыйнай беларускай дэлегацыі паляцела амаль 50 чалавек. Той факт, што «афіцыйны Менск» прымаюць на такім узроўні, цікавы сам па сабе, дый удзел у гэтым мерапрыемстве ў складзе такой дэлегацыі – вельмі спрэчнае рашэнне. Хоць я веру, што хтосьці можа шчыра верыць, што гэта не іх выкарыстоўваюць, а яны надламаюць сістэму зсярэдзіны.
Усе гэтыя нюансы вартыя абмеркавання і, мабыць, вельмі нават гарачага. Але рэдакцыі «Мотолько помоги» и «Наша ніва» вырашылі зрабіць яшчэ адзін акцэнт – на тым, што адна з удзельніц дэлегацыі – Паліна Жогла – нібыта ці то дзяўчына, ці то сяброўка Мікалая Лукашэнкі. Аргументы такія: яны аднаго ўзросту, вучацца ў адным універсітэце, і чаму ўвогуле яе маглі ўзяць на такую канферэнцыю?
Я адразу хачу агаварыцца: я не збіраюся пераконваць кагосьці ў тым, што Паліна – крыштальнай чысціні чалавек ці штосьці яшчэ гэтага кшталту. Яна ўпісваецца ў цяперашнюю дзяржаўную сістэму, расказвае ў інтэрв’ю пра любоў да «Славянскага базару», і яе ў прынцыпе, відаць, не засмучвае паездка на канферэнцыю ў складзе такой дэлегацыі.
Але я не разумею, якой халеры яе аўтаматычна «прыпісалі» да Мікалая Лукашэнкі.
Бо яна таксама юная? Слаба. Бо таксама вучыцца ў БДУ? Дык гэта галоўны ўніверсітэт краіны, там шмат хто вучыцца. Бо ёй няма чаго рабіць на канферэнцыі?
Нядоўга давялося капаць, каб дайсці да старога добрага сэксізму. Людзі, якія хочуць будаваць Новую Беларусь, па інэрцыі думаюць старымі шаблонамі, у якіх жанчына можа быць толькі дэкаратыўнай часткай сур’ёзных мерапрыемстваў. І пляваць, што менавіта гэтая дзяўчына не першы год займаецца экаактывізмам, і што ў яе статус дублёркі моладзевага пасла ЦУР. Яна маладая дзяўчына, і, адпаведна, ёй няма чаго рабіць на такой вялікай важнай канферэнцыі, дзе дарослыя дзядзькі вырашаюць дарослыя пытанні.
Але, сюрпрыз, – моладзь прымае актыўны ўдзел у Зялёным руху ў розных краінах свету, палітычныя партыі маюць свае моладзевыя арганізацыі, арганізоўваюцца розныя саміты і навучанні менавіта для моладзі. Бо, як бы гэта банальна ні гучала, але за моладзю будучыня.
Я шчыра разумею жаданне расказваць свету пра карупцыю ў рэжыме Лукашэнкі, пра дамагальніцтвы і выкарыстанне дзяўчат як упрыгожванняў. Але добра было б бачыць і не перакрочваць мяжу паміж выкрывальніцтвам злачынстваў рэжыму і аўтаматычным «прыпісваннем» дзяўчыны Мікалаю Лукашэнку, бо яна аднаго з ім узросту.
Барацьба за прагляды артыкулаў – гэта, канечне, добра, але хіба гэта і праўда той выпадак, калі варта пераймаць жоўтыя метады прапагандыстаў і ставіць клікбейтныя загалоўкі, прыніжаючы дзяўчыну? Для сям’і Лукашэнка ад такога клікбейту нічога не змяняецца, а вось рэпутацыя дзяўчыны можа сур’ёзна пацярпець. І нешта мне падказвае, што мэта тут ніяк не апраўдвае сродкі.