11.01.2018 / 14:01

8 студзеня актывіст АГП Мікалай Уласевіч падаў дакументы на рэгістрацыю сябе кандыдатам у дэпутаты Варнянскага сельскага Савета па Варнянскай выбарчай акрузе №2. Ён вылучаецца па партыйных спісах. Менавіта Мікалай Уласевіч першым паведаміў пра інцыдэнт з корпусам рэактара, які ўрэшце былі вымушаныя пад ціскам грамадскасці замяніць.

– Я лічу, што гэтую кампанію трэба выкарыстаць для тога, каб узняць шэраг вельмі актуальных пытанняў. Спыніць будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі, пэўна, ужо не атрымаецца, а з уводам яе ў эксплуатацыю ўзнікнуць новыя праблемы. Менавіта ў звязку з гэтым мне хацелася б паўдзельнічаць у гэтай кампаніі, каб данесці да людзей праўду, прабудзіць грамадскую свядомасць, актыўнасць. Каб людзі не так абыякава глядзелі на тое, як давядзецца жыць, калі запрацуе атамная электрастанцыя. Гэта была дамінуючая прычына, па якой я вырашыў паўдзельнічаць у выбарах.

Паунамоцтвы мясцовых органаў улады – гэта перш за ўсё праблемы мясцовыя. І гэтых праблем шмат. Калі атамная электрастанцыя будзе ўведзена ў эксплуатацыю, у нас узнікне яшчэ шэраг пытанняў. Перш за ўсё – бяспекі і забеспячэння неабходных умоў для таго, каб людзі існавалі ў гэтых досыць небяспечных умовах, у тым ліку экалагічных.

Справа ў тым, што ад атамнай станцыі сыходзіць пагроза ўзнікнення дыфузнай радыяцыі. У пэўных памерах яна шкодная для людзей. Гэта небачная пагроза, якая будзе накаплівацца і пэўным чынам праяўляцца. Асабліва небяспечная яна для тых, хто менш за ўсё абаронены: для дзяцей, жанчын ў рэпрадукцыйным узросце.

Акрамя таго, зменіцца мікраклімат, таму што выпарэнні, якія будуць у выніку працы АЭС, як сведчаць некаторыя эксперты, прывядуць да  ўзнікнення ў радыусе 30 кіламетраў (а магчыма і большым) кіслотных дажджоў. Гэта вельмі вялікая небяспека.

Больш за тое, мы апынёмся ў зоне радыёлакацыйнага забруджвання, бо побач з Варнянамі будуецца радыёлакацыйная ваенная частка. А ў саміх Варнянах ужо ў стадыі завяршэння знаходзіцца адзін з яе аб’ектаў. Мы ведаем, што нават лініі электраперадач уяўляюць небяспеку, што ж тычыцца радыёлакацыйных выпраменьванняў, то яны будуць несці яшчэ большую небяспеку. Безумоўна, трэба ставіць пытанне, каб гэты аб’ект быў выдалены.

–  Ці ўсведамляюць людзі гэтыя пагрозы?

– Я ўпэўнены, што ўсведамляе толькі невялікая частка – найбольш адукаваная. Але нават яны спадзяюцца на нейкі авось – авось не закране. Большасць людзей пра гэта не ведае. Яны вядуцца на штодзённую прапаганду, на абяцанкі, што тут усё будзе добра і бяспечна, што гэта нейкі рай, і бяда нікога не закране. На самой справе гэта не так, і пра гэта трэба казаць.

 –  Што яшчэ, апрача магчымасці звярнуцца да людзей, перасцерагчы іх ад наступстваў будаўніцтва і працы АЭС, дае вам удзел у выбарах?

– Нічога. Бо ў Беларусі гэтае мерапрыемства нават і выбарамі нельга назваць. Гэта банальная імітацыя. Папросту, як кажуць, здзек над здаровым сэнсам. Таму што ўсе дэпутацкія месцы ўжо даўно запоўненыя асобамі, прызначанымі адпаведнымі людзьмі з выканкамаў. А дзень выбараў закончыцца банальным агучваннем тых вынікаў, якія ўжо даўно вядомыя.

Асабіста мяне, я думаю, наогул не дапусцяць да выбараў. Таму што на мінулых варта было мне распаўсюдзіць сваю праграму (лістоўку), дзе я ўзняў усе гэтыя праблемы, як на наступны дзень мяне выклікалі ў сельскую камісію і знялі з дыстанцыі па надуманых прычынах. 

Источник:
Фотограф:
Facebook Мікалая Уласевіча
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость