11.02.2019 / 09:02

Як піша "Радыё Свабода", за будаўніцтва завялі крымінальную справу, але ў суд яна да сёння не трапіла. Між тым дарогу па Альманах працягваюць будаваць.

З 2014 году праз увесь рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогі. Яны патрэбныя лясгасу, каб вывозіць сьпілаваны лес зь цяжкадаступных месцаў і каб тушыць пажары летам. Таксама дарогі будуюць памежнікі, каб патруляваць мяжу з Украінай.

У 2017 годзе Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за будаўніцтва ў заказьніку. Дакладней — за тое, што пясчаныя кар’еры для будаўніцтва дарог незаконна распрацоўваліся.

У чым было парушэньне закону? У 2017 годзе выйшла Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя № 5-Т. Яна забараняе, каб адзін землекарыстальнік адначасова распрацоўваў больш за два кар’еры. І плошча любога кар’еру ня можа быць большай за 1 гектар.

"Бо чым меншая плошча кар’еру, тым меншая трансфармацыя ляндшафту, — тлумачыць Свабодзе Андрэй Абрамчук, кіраўнік Лясной працоўнай групы грамадзкай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — Калі кар’ер правільна рэкультываваць, ён зь цягам часу зарасьце і сьлядоў ад яго не застанецца".

Будаўніцтва дарогі ў чэрвені 2018 года
Будаўніцтва дарогі ў чэрвені 2018 года

 

Раз кар’еры закапалі, то парушэньня няма

Крымінальную справу завялі за незаконную распрацоўку трох кар’ераў. У суд яе дагэтуль не перадалі.

Аднак у заказьніку і вакол яго адначасова распрацоўвалі ня тры, а прынамсі 15 кар’ераў. Гэта тое, што выявіў Андрэй Абрамчук. Ён займаецца справай дарог ад 2018 году.

Эколяг лічыць, што большасьць парушэньняў засталіся па-за ўвагай. Хаця Столінская пракуратура прызнала парушэньні ў 7 выпадках, яна лічыць, што караць няма каго і за што. Бо тыя кар’еры ўжо рэкультывавалі. Гэта значыць — закапалі і зааралі.

Як мінімум тут парушана пастанова Мінпрыроды і палажэньне аб заказьніку.

"Гэта павялічвае суму штрафу ў разы. Разумееце, парушылі палажэньне аб тэрыторыі пад асаблівай аховай — ляндшафтным заказьніку. Там мільярдныя штрафы павінны быць і крымінальныя справы ў любым выпадку", — кажа Андрэй Абрамчук.

Яшчэ два кар’еры незаконна распрацоўвалі ў суседнім Лельчыцкім раёне, празь які таксама праходзіць адна з новых дарог. Лельчыцкая пракуратура ў сваім адказе падрабязна апісала парушэньні, але зрабіла высновы, што кар’еры капалі законна.

Цяпер эколягі зьбіраюцца абскарджваць тыя адказы пракуратуры.

«Магчыма, лясгас адмовіцца ад ідэі будаваць наступныя дарогі. А таксама ёсьць спадзяваньні, што ўдасца ўратаваць ад зьнішчэньня іншыя заказьнікі», — кажа Андрэй Абрамчук.

 

«Каб змагацца з пажарамі, варта аднаўляць балоты, а не будаваць там дарогі»

За чатыры гады ў Альманах пабудавалі больш за 100 км дарог. І лесьнікі плянуюць пабудаваць яшчэ больш. Праект новай 19-кілямэтровай дарогі № 4 гатовы. Неўзабаве будзе яго грамадзкае абмеркаваньне. А яшчэ адна дарога мае прайсьці па сярэдзіне ўсяго заказьніку.

"Гэта проста абсурд", — кажа Андрэй Абрамчук.

Як пісала Свабода, будаўніцтва дарог парушае асноўную каштоўнасьць ляндшафтнага заказьніку «Альманскія балоты» — цэласнасьць ляндшафту.

"Альманскія балоты — адзін з найбольш важных прыродных комплексаў у нашай краіне, — распавядаў Свабодзе Віктар Фянчук з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — А пабудаваная дарога цалкам трансфармуе ляндшафт, зьнішчае дзюны, праходзіць празь некранутыя балоты. Дарога ўжо нанесла страту ляндшафтным вартасьцям".

У палажэньні напісана, што ў заказьніку забараняецца "правядзеньне работ, зьвязаных са зьмяненьнем натуральнага ляндшафту і існага гідралягічнага рэжыму".

Поўную версію тэкста пра дарогу на Альманскіх балотах можна знайсці тут
Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость