11.02.2021 / 12:02

Буккросінг – гэта абмен кніжкамі, які адбываецца праз адмыслова прызначаныя для гэтага палічкі. Чалавек пакідае непатрэбную яму літаратуру і бярэ нешта цікавае. Наступны таксама нешта прыносіць і нешта бярэ… Ці проста бярэ.

У канцы студзеня мы наведалі некалькі месцаў для буккросінгу ў Мінску і зрабілі выснову, што практыка жывая і запатрабаваная. Прапануем вам маршрут для аматараў кніжак, па якім можна праехаць за дзень, у некаторых пунктах нават падсілкаваўшыся.

 

Арт-бар «Синяя коза» (Рэвалюцыйная, 7)

Паснедаць у «Сіняй казе» не атрымаецца: бар працуе з 12 да 23 гадзін. Але кавы ці чаго мацней выпіць можна. Кніжкі размяшчаюцца на падвакенцах, побач з месцамі для сядзення. Тут мы пабачылі папулярныя выданні, надрукаваныя адносна нядаўна. На дзіва, не было звыклай для буккросінгаў класікі савецкага часу выпуску.

Гаспадароў чакалі дэтэктыў Сціга Ларсана, фэнтэзі Аляксея Пехава, навук-поп Юваля Ноя Харары, аўтабіяграфія Алекса Фергюсона. Цікава было сустрэць у такой кампаніі «Кон», зборнік паэзіі Уладзіміра Някляева 2010 года.

Як распавялі ў бары, новыя кніжкі кліенты прыносяць прыкладна праз дзень, і іх даволі хутка разбіраюць.

 

Кавярня Puffin Coffee (Сурганава, 46)

З «Сіняй казы» можна выйсці на Нямігу і на тралейбусе даехаць да плошчы Бангалор. Адтуль прайсціся па вуліцы Сурганава і ў будынку побач з Домам журналіста атрымаць падвойны профіт: вялікая крама «Белкніга» і буккросінг на другім паверсе кавярні Puffin Coffee (былы «Буфет»).

Кнігі стаяць на падвакенцах і спінках канап у кавярні, ёсць адмысловая круглая тумба. Удзень тут даволі шматлюдна, людзі сідзяць з ноўтамі, склалася ўражанне, што працуюць. Таму турбаваць іх і глядзець кнігі не вельмі зручна. Але выданняў так шмат, што вольны ўчастак канапы з дасягам да фаліянтаў абавязкова знойдзецца!

Кнігі самыя розныя: і дзіцячыя, і на замежных мовах, і звыклая класіка савецкага перыяду выдання. Акрамя напояў кавярня прапануе дэсерты. Інтэр’ер вельмі ўтульны, з прыглушаным святлом. Для чытання мо не вельмі добра, але большасць кніжак месціцца на падвакенцах, і ўдзень чытаць даволі зручна.

 

Навуковая бібліятэка БНТУ (Я. Коласа, 16)

З Puffin Coffee можна пешкі дайсці да навуковай бібліятэкі БНТУ. На другім паверсе – прастора для каворкінгу і прэзентацый, а там на падвакенцы злева ад уваходу стаіць палічка для буккросінгу ў форме хаткі. У асноўным там пакідаюць дыскі і глянцавыя часопісы.

Ёсць таксама некалькі кніжак савецкага часу выдання. Куды ж без іх! Бабуліны паліцы людзі будуць разгружаць яшчэ доўга. Хаця ў свеце ўжо намячаецца супрацьлеглы трэнд: брытанцы купляюць кнігі для дэкору, каб выглядаць разумнейшымі падчас зум-канферэнцый.

Ля чытальнай залі на трэцім паверсе бібліятэкі БНТУ да ковіду таксама быў стэлаж для буккросінгу. Падчас эпідэміі наведвальнасць установы моцна паднізілася, і стэлаж вырашылі пакуль прыбраць.

Расказваюць, часта ў бібліятэку нашчадкі аддаюць кнігі выкладчыкаў, якія пакінулі гэты свет. Тэхнічную літаратуру ахвотна прымаюць у фонд, а мастацкую раней выстаўлялі на буккросінг. Што цяпер будуць рабіць з такіх сумных нагод – пакуль што незразумела.

 

Прадуктовая крама «Белка» (Кальцова, 5)

Ля навуковай бібліятэкі БНТУ можна сесці на трамвай у бок Зялёнага луга і даехаць да прыпынка «Кальцова». Перайсці Лагойскі тракт і мінуць тры дамы па вуліцы Кальцова. У тарцы будзе крама «Белка». Там знаходзіцца, бадай, самы незвычайны буккросінг з усіх, што давялося пабачыць. Па-першае, размяшчэнне: прадуктовая гандлёвая кропка.

Хаця, кажуць, буккросінг ёсць нават у краме насупраць сумна вядомай турмы ў Жодзіне. Па-другое, буккросінг складаецца з шасці адсекаў, кожны з якіх падпісаны: «Дэтэктывы», «Раманы», «Класіка», «Паэзія», «Часопісы», «Казкі».

Мала хто, пакідаючы кніжкі, прытрымліваецца зададзенай класіфікацыі, таму выданні ляжаць усе разам, але само імкненне да парадку выклікае павагу.

На палічках сапраўды знайшліся і паэзія, і дэтэктывы, і раманы, і класіка. З часопісамі ды казкамі справа горш. Сустрэліся адразу дзве кніжкі нобелеўскіх лаўрэатак: «Крысцін, дачка Лаўранса» нарвежкі Сігрыд Унсэт і «У вайны не жаночае аблічча» Святланы Алексіевіч 1991 года выдання ў перакладзе на беларускую мову.

Асноўная аўдыторыя буккросінга – мабыць, жыхары суседніх дамоў. А побач – і дамы яшчэ савецкіх часоў пабудовы, і новыя шпатпавярховікі. Таму асартымент на палічцы вельмі разнастайны.

Не палянуйцеся рассартаваць кніжкі па падпісанах шафах, занятак вельмі захапляльны! Асабліва калі сустракаеш якога сучаснага беларускага пісьменніка і падвісаеш: ён ужо класік, ці яшчэ не?

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость