11.03.2015 / 09:03

Эколагі выкрылі сумную гісторыю са шчаслівым фіналам: з савецкага часу ў Глыбокім праблемы з каналізацыяй і мясцовыя ўлады знайшлі праектныя сродкі на яе вырашэнне.

Ад кацельні, Дома культуры, ліцэя, школы – у возера Вялікае

Гэта возера ўбірае ў сябе ўсе сцёкі горада. Вада мае жудасны пах каналізацыі і каламутны колер. Раённая інспекцыя аховы прыроды нікога пакараць не можа, адказ - няма ачышчальных збудаванняў”, - такі ліст перадалі рэдакцыі ад жыхара Глыбокага Алега Лысянка.

Паводле спадара Алега, пра ручай ведаюць усе ў яго ваколіцах. Сцёкі трапляюць у возера па пратоцы ад Дома культуры, якая ля ўпадзення ў возера шырынёй каля 1,5 метра. Пратока ідзе праз скрыжаванне вул. Вольнай з вул. Савецкай да ўпадзення ў возера Вялікае.

У ручаі надзвычай высокі ўзровень фасфатаў на месцы ўпадзення ў возера. 5 лістапада 2014 года ён перавышаў норму ў 33,5 раза (6,71 мг/л пры максімальным утрыманні 0,2 мг/л), а паказчык хімічнага паглынання кіслароду - у 2,26 раза (68 мг О2/л пры максімальна дапушчальных 38).

Замеры зробленыя падчас працы грамадскай агранізацыі "Прырода і мы" Алегам Лысянком сумесна з Іванам Насковым, экспертам па хімічным аналізе малых рэк, жыхаром горада. Астатнія іх замеры, пачынаючы ад кастрычніка 2014, паказваюць перавышэнне па фасфатах не менш як у 11 разоў, па паглынанню кіслароду – не менш як у 1,7 раза.

Пратока, аб якой гаворка, збірае некалькі сцёкаў з вул.Камуністычнай, Піянерскай, Камсамольскай: “…ад кацельні, Дома культуры, ліцэя, школы, - распавядае Іван Наскоў. - Адзін з дробных сцёкаў у агульную пратоку пакрыты іржой. Тут моцны пах сцёкавых вод, бачна зарастанне пратокі. Пры візуальным аглядзе знойдзеныя выкапаныя для ачышчальных збудаванняў калодзежы з бетоннымі кольцамі. Вада праз іх не цячэ”.

Па словах мясцовых жыхароў, гэтыя ачышчальныя былі не дабудаваныя ў свой час. Колькі пыталіся ў чыноўнікаў – тыя спасылаюцца на адсутнасць грошаў.

На рацэ, што злучае азёры – перавышэнне меншае

Аб тым, як уплывае ручай на экалагічны стан возера, можна меркаваць па ўскосных паказчыках.

На рацэ, што злучае азёры Кагальнае і Вялікае, паказнік па фасфатах перавышаў норму не так моцна, але дастаткова, каб звяртаць на сябе ўвагу: у 1,25 раза ў кастрычніку і ў 3,75 разоў у верасні 2014 года (0,25 і 0,75 мг/л).

Замеры рабіла калега Алега Клетавіча па праекце Лізавета Дзмітрыева, настаўніца і кіраўніца школьнага экапаста “Крыніца”. Раней па словах настаўніцы, возера Кагальнае лічылася самым брудным у рэспубліцы. У яго ішлі сцёкі з АЗС, на беразе, з гародаў і кансервавага заводу. Зараз такога няма, але праблема каналізацыі засталася. Дакладней, яе адсутнасці.

Сусветны банк фінансуе: каналізацыю пачнуць будаваць летам 2015 года

Паводле эколагаў, справаздачу з замерамі ў пратоцы падавалі ў Інспекцыю па ахове навакольнага асяроддзя і старшыні раённага выканкаму. Кіраўнік інспекцыі сказаў, што аб пратоцы не ў курсе, але праблемы з каналізацыяй падцвердзіў. Яна, па словах Міхаіла Кміта, у горадзе проста не зробленая. У яго ёсць нататачка з газеты аж 1975 года, калі партыя пастанавіла вырашыць праблему.

Але гэтая гісторыя, хочацца верыць, са шчаслівым канцом: у планах горада пачаць будаваць каналізацыю летам 2015 года, неўзабаве ўжо мусіць прайсці тэндар на будоўлю.

На 31 снежня 2014 года ўжо меўся распрацаваны архітэктурны праект, які фінансуе Сусветны банк у памеры некалькіх мільярдаў беларускіх рублёў. Праект прайшоў усе ўзгадненні, у тым ліку дзяржэкспертызу.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость