11.03.2016 / 10:03

Засталося зусім няшмат часу да таго моманту, калі людзі па ўсёй планеце зробяць для нашай зямлі падарунак – дадуць гадзіну адпачыць ад электрычнасці. Сёлета правесці разам «Гадзіну Зямлі» ў Гродне запрашае этнакрама «Цудоўня».

Папярэдне імпрэза пачнецца 19 сакавіка ў 20 гадзін з размоваў пра сэнсы жыцця за кубкам гарбаты. У 20.30 плануецца адключыць электрычнасць, калі і пачнецца самае цікавае. У «Цудоўні» пакажуць тэатр ценяў — эпізод з твора «Маленькі прынц» Экзюперы — і канцэрт з удзелам гарадзенскіх музыкаў Івана Пачывалава, Васіля Валошчыка, Алеся Дзянісава і, магчыма, Аляксандра Закрэўскага.

Свечкі, цікавыя размовы, таямнічыя сілуэты ў паўзмроку і прыемная музыка — што яшчэ трэба, каб атмасферна і запамінальна падтрымаць сусветную акцыю? Пра будучую імпрэзу мы паразмаўлялі з гаспадарамі этнакрамы «Цудоўня» Надзеяй і Андрэем.

«Канцэрт гэта першае, што прыйшло ў галаву, калі мы пачалі думаць над тым, што можна зрабіць падчас акцыі супольнасцю людзей. Але хацелася яшчэ і чагосьці незвычайнага. Так нарадзілася ідэя тэатра ценяў. Тут мы таксама абыйдземся без электрычнасці: падсвечваць сцэну будзе керасінка ці свечка», — распавядае Надзея.

«Гадзіна Зямлі» больш сімвалічная імпрэза, бо зразумела, што чалавек у сённяшнім свеце не зможа цалкам адмовіцца ад электрычнасці. Але такія акцыі патрэбны як нагода дагрукацца да людзей, нагадаць, што зямныя рэсурсы вычарпальныя, чалавечая цывілізацыя мае праблемы. Таму «Гадзіна Зямлі» – сімвалічная прыгожая акцыя, якіх насамрэч няшмат», — дадала дзяўчына.

Музыкаў для імпрэзы шукалі такім чынам, каб і для іх была блізкая ідэя экалагічнага ладу жыцця. «У іх хіпоўскі лад жыцця, экалагічныя і этычныя погляды ў жыцці. Любы музыка выходзіць на сцэну і выказвае свае думкі, погляды. Калі для музыкі найважней проста паказаць сябе, займацца самалюбаваннем нам не па дарозе», — адзначыў у нашай размове Андрэй.

Ён падкрэсліў, што галоўнае, каб людзі проста прыйшлі на цёплы прыемны вечар.

«Мы робім свята, не хочам, каб гэта стала нейкай сур’ёзнай лекцыяй. Сёння мы існуем у шматлікіх інфармацыйных плынях, і большасць паступаючай інфармацыі проста не ўспрымаецца праз мозг. Інфармацыя застаецца і дзейнічае на ўзроўні свядомасці. Таму мы хочам данесці інфармацыю праз пачуцці, прыемныя ўражанні і перажыванні. Спадзяюся, што «Гадзіна Зямлі» расцягнецца на больш доўгі час», — сказаў Андрэй.

Калі: 19 сакавіка

Дзе: этнакрама «Цудоўня», вул. Вялікая Троіцкая, 14

Час: 20 гадзін

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость