11.03.2016 / 13:03

Бярозавік для жыхароў Гродзенскай вобласці будзе каштаваць не больш як паўтары тысячы рублёў за літр і будзе рэалізоўвацца непасрэдна на месцах збору, паведамляе Белта са спасылкай на Гродзенскі лясгас.

У кожным раёне вобласці вызначаны месцы, дзе можна будзе набыць бярозавік. Тэрмін пачатку продажаў трэба ўдакладняць у бліжэйшым лясніцтве ці лясгасе. Цана за літр бярозавага соку не перавысіць Br 1,5 тыс.

Сок будзе рэалізоўвацца не толькі прыватным асобам. Ужо паступілі заяўкі ад перапрацоўчых прадпрыемстваў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, разглядаюцца варыянты адгрузкі партый соку на экспарт.

Плануецца, што сёлета будзе нарыхтавана больш за 3 тыс. т соку. У 2015 годзе лясныя гаспадаркі нарыхтавалі каля 2,3 тыс. т.

«Бярозавы і нават кляновы сок можна нарыхтаваць і самастойна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва і пакінуць заяўку. Спецыялісты пакажуць дрэвы, на якіх можна рабіць падсочку. Гэтая працэдура бясплатная», - распавялі ў Гарадзенскім лясгасе.

А вось за незаконную здабычу соку парушальнікам пагражае штраф да 20 БВ (Br 4,2 млн). Звычайна актыўна рух соку пачынаецца ў канцы сакавіка. Аднак з-за цёплай зімы і ранняга пачатку вясны ў гэтым годзе сок можа пайсці і раней. Калі цёплае надвор'е захаваецца, то рух соку можа пачацца ўжо бліжэйшымі днямі.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость