Аўтары кампаніі ўпэўненыя, што праектным і будаўнічым арганізацыям варта мяняць падыход да афарбоўкі фасадаў, бо архітэктура павінна радаваць гараджан і ствараць гарманічны і ўтульны гарадскі асяродак. З гэтай мэтай і была распрацаваная канцэпцыя каляровых трэндаў Беларусі. На падставе гэтага дакумента дызайнеры будуць рыхтаваць свае эскізы і выносіць іх на грамадскае абмеркаванне. Вынiковы альбом каляровых спалучэнняў з’явiцца напрыканцы года ў якасцi рэкамендацый для айчынных праектных iнстытутаў.
На першым этапе створаны спецыяльны альбом, дзе слуцкiя паясы і браслаўскiя краявiды разбiтыя на канкрэтныя колеры.
Арганізатарамі праекта выступіў салон дэкаратыўных матэрыялаў «PREMIUM Decor» пры падтрымцы Беларускага саюза дызайнераў, кампаній «Строймастерком», «А-100», «MAV», а таксама архітэктурнай супольнасці Мінска.
Праект разлічаны на архітэктараў, дызайнераў, будаўнічыя арганізацыі, журналістаў і шырокую грамадскасць.
Кампанія «Створым разам колеравы трэнд Беларусi!» прадугледжвае шырокі фармат удзелу: творчыя сустрэчы з вядомымі архітэктарамі і дызайнерамі, семінары і майстар-класы па дэкаратыўных матэрыялах, выставы праектаў, экскурсіі.
«Кожная нацыя мае сваю прастору культуры. У гэтым сэнсе беларускую культуру можна ўявіць такой калекцыяй нашых здабыткаў, традыцый, візуальных, вербальных твораў і іншых рэчаў і з’яваў, якія маркіруюць нас як беларусаў і дапамагаюць зразумець, асэнсаваць свае месца ў свеце», — распавёў Міхал Анемпадыстаў, вядомы даследчык беларускай культуры, дызайнер, паэт, на лекцыі па ўстойлівых колеравых упадабаннях у культуры і мастацтве Беларусі, пачынаючы ад самых вытокаў да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
Таксама ў межах праекта пройдзе конкурс майстраў, якія працуюць з дэкаратыўнымі матэрыяламі «PROdecor-2015». Конкурс мае на мэце падтрымаць таленавітых мастакоў і прэзентаваць іх працы для шырокага абмеркавання. Арганізатары спадзяюцца, што ўнікальныя творчыя ідэі і новыя тэхнікі нанясення дэкаратыўных пакрыццяў будуць выкарыстаныя ў праектах і ўпрыгожаць жылыя і грамадскія інтэр'еры.