Згодна з Правіламі пажарнай бяспекі, у лясах нашай краіны ў пажаранебяспечны перыяд існуюць даволі значныя абмежаванні для людзей, якія іх наведваюць, піша senno.by.
У прыватнасці забараняецца пры любых абставінах:
- разводзіць вогнішчы ў хвойных насаджэннях вышынёй да 1 метра, у хвойніках узростам да 20 гадоў (гэта прыкладна вышынёй да 15 метраў), а таксама ў месцах буралому, ветралому, у лясах з падсохшай травой, на тарфяніках.
Разводзіць вогнішчы дапушчальна на абуладкаваных пляцоўках акаймаваных мінералізаванай паласой шырынёй не менш за 0,25 метра, а таксама ў месцах, дзе выключана пашкоджанне агнём крон, каранёвых сістэм ствалоў дрэў. Калі неабходнасць у кастры знікла, ён павінен быць патушаны да поўнага спынення тлення.
Правіламі забараняецца пакідаць у лесе непатушанымі нават акуркі, запалкі, прамасленыя лёгказагаральнымі і гаручымі вадкасцямі паперу, тканіну, паклю, вату і г.д. Нельга заліваць паліва ў бакі машын і механізмаў, а тым больш пры ўключаных рухавіках, выкарыстоўваць тэхніку, якая мае няспраўнасці, што могуць выклікаць загаранне гаручых вадкасцей, лёгкаўзгаральных матэрыялаў. Каля машын, якія запраўляюцца, нельга курыць, ці карыстацца адкрытым агнём.
Любое парушэнне гэтых правілаў караецца ў адміністрацыйным парадку. Незаконнае выпальванне сухой травы на землях ляснога фонду караецца ў адпаведнасці з арт.15.29 КаАП у выглядзе накладання штрафу ў памеры ад 15 да 50 базавых велічынь, як і парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, у выніку чаго адбылося знішчэнне ці пашкоджанне прыродных багаццяў. Калі нават не адбылося пашкоджання лясоў, тарфянікаў штраф можа складаць суму да 25 базавых велічынь.
Лясная ахова даволі часта выкарыстоўвае арт. 15.58 КаАП, караючы за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах. У такіх выпадках выкарыстоўваюцца папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.
На падставе арт. 101 Закона «Аб ахове навакольнага асяроддзя» шкода, нанесеная прыродзе, падлягае кампенсацыі ў поўным аб’ёме, калі іншае не ўстаноўлена, добраахвотна альбо па рашэнні суда. Памер шкоды значна вышэйшы сумы саміх штрафаў, што прадугледжаны адміністрацыйным заканадаўствам.