Як аб’яднаць вакол сябе гараджан і адкрыць свой сацыяльны бізнес, Зялёны партал распытаў дырэктарку цэнтра Аксану Бярнацкую.
Сустрэліся мы з Аксанаю напярэдадні штогодняй мясцовай падзеі – так званага “гаражнага распродажу”. На такі кірмаш перад новым вучэбным годам жыхары Бараўлянаў прыносяць рознае адзенне, з якога выраслі дзеці, і мяняюцца рэчамі, каб даць ім другое жыццё. На такой падзеі заўсёды знойдзецца нагода сустрэцца з суседзямі.
– Мы сюды пераехалі ў 2013 годзе, – расказвае Аксана. – На той момант я працавала ў выканкаме кіраўніком спраў. Мой сын ужо вучыўся ў пачатковай школе, але з-за алергіі нам парэкамендавалі пераехаць за горад. Так мы і пачалі жыць у бараўлянскай новабудоўлі. А тут як звычайна: новы дом, ніхто нікога не ведае, нават не вітаецца.
На той момант я паступіла вучыцца ў Школу лідарства мясцовых суполак. І там так натхнілася, што вырашыла спачатку арганізаваць свой дом. Гэта быў жах.
Для таго, каб правесці навагодняе свята, трэба было напачатку правесці сем сходаў. Але ў выніку атрымалася цудоўна. Мы сабралі 25 чалавек, кожны нешта для свята зрабіў самастойна. І далей захацелася больш.
На той момант Аксана пазнаёмілася з ідэяй глыбіннай экалогіі і зразумела, што такі падыход для сабе і наваколля – гэта сапраўды яе тэма. Так і пачаўся праект “ЭкоЖизнь”. Сваю арганізацыю дырэктарка зарэгістравала ў снежні 2015 года, а ўрачыстае адкрыццё назначыла на сакавік. Сімвалічна яно супала з Днём Зямлі.
Тады ўсё пачалося таксама з гаражнага распродажу. Як прызнаецца Аксана, думалі, што адгукнуцца чалавек дзесяць. А ў выніку праз сацсеткі зацікавілася 200 бараўлянцаў.
Арганізатары вырашылі прыцягнуць да справы мясцовых умельцаў, каб зрабіць майстар-класы і каб у іх таксама была магчымасць прадаць свае рэчы. Але адгукнуліся літаральна некалькі чалавек. Сярод іх была і Светадара Мяцеліца, якая і дагэтуль рэалізуе свае праекты разам з “ЭкоЖизнью”.
Увесь кірмаш тады змаглі арганізаваць за два тыдні. Як кажа Аксана, месцічы спачатку з недаверам адносіліся да падзеі: дзівіліся, што ўсё бясплатна. У выніку прыйшлі 500 чалавек. Гэта ўжо зараз мерапрыемствы ў такім фармаце ў Бараўлянах не ў навінку.
Але сацыяльнае прадпрыймальніцтва – усё ж такі не дабрачыннасць, а бізнес. Таму другім пачаткам цэнтра можна лічыць офіс у 20 квадратных метраў. Там арганізатары вырашылі зрабіць курсы па праграмаванню для падлеткаў.
Чаму так? Школы ў горадзе перапоўненыя і не заўсёды маюць магчымасць арганізаваць вольны час. А запыт на камп’ютарную адукацыю заўсёды ёсць. У першы набор атрымалася заахвоціць 60 дзяўчынак і хлопцаў.
– Але я ўсё адно працягвала сацыяльныя праекты. У горадзе зараз 204 сям’і, у якіх выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. А так ходзіш па Бараўляных – іх не бачыш. А гэта шмат. А яшчэ ў нас 107 людзей сталага веку, у якіх зусім няма сваякоў. Мы правялі марафон шчодрасці. Гараджане прыносілі, хто што мог – мы сфарміравалі пажылым пакеты з дапамогай і з дзецьмі пайшлі да іх у госці. На наступны раз падключылі яшчэ і малазабяспечаныя сем’і да гэтай акцыі. Мы ўсе цацкі і адзенне перабралі і запакавалі – атрымалася пяць машын, – расказвае Аксана.
Пасля гэтага цэнтр праводзіў курс праектнага менеджара, у фінале якога быў конкурс і тры лепшых ідэі атрымалі невялікую фінансавую падтрымку. Усе праекты былі падрыхтаваныя школьнікамі і ўсе на экалагічную тэматыку.
Першае месца занялі квэсты па лесапарках. Каманды, якія ў іх удзельнічалі, павінны былі не толькі выканаць заданні, але і сабраць смецце. На фінішы яго ўзважвалі і за гэта давалі дадатковыя балы.
А два гады таму ў “ЭкоЖизни” з’явіўся свой дзіцячы садок. У ім дзеці абавязкова вывучаюць навакольнае асяроддзе. Самі саджаюць кроп і іншую зеляніну. Гуляюць на вуліцы і знаёмяцца з дрэвамі, кветкамі, птушкамі, глядзяць фільмы пра прыроду і экалогію.
Адной з карысных звычак у дзяцей ужо стаў збор накрывак ад бутэлек. Вядома ж, дзеткі карыстаюцца толькі шматразовым посудам.
Дарэчы, на ўсе пікнікі і фестывалі, якія арганізуе цэнтр, уваход таксама толькі са сваім кубкам. Бацькі навучэнцаў курсаў і дашкалят таксама “ў тэме” і дома сартыруюць смецце.
Аксана Бярнацкая лічыць, што ўстановы адукацыі і сям’я павінны выхоўваць дзіця ў адным напрамку. Для гэтага ў садку рэгулярна праводзяць сустрэчы за чаем з бацькамі і разам плануецца, што яшчэ хочацца зрабіць.
Акрамя вышэйазначаных накірункаў Аксана яшчэ курыруе школу сацыяльнага прадпрымальніцтва і перадае свой досвед людзям, якія толькі пачынаюць гэты шлях. Яна кажа, што, калі сама пачынала, самай вялікай праблемай было тое, што “нырнула” ў праекты за галавой і некаторыя рашэнні па бізнесу адцягвала, бо думала, што разбярэцца з імі пазней. Не хапала стратэгічнага планавання, каб нагнаць гэты недахоп, звярталася потым па кансультацыі спецыяліста.
f
– Мой бізнес выйшаў на самаакупнасць. Паралельна мы вядзём некалькі праектаў і сёлета пачнем яшчэ адзін – дзіцячае інклюзіўнае тэлебачанне, – дзеліцца планамі Аксана. – Мамы дзяцей з інваліднасцю кажуць мне “дзякуй” за такія праекты, але я не ведаю, для каго гэта важней. Мне хочацца, каб маё дзіцё расло і сталела з разуменнем таго, што свет вельмі разнастайны. І ёсць розныя праяўленні людзей і прыроды. Да ўсіх трэба адносіцца талерантна, з разуменнем. Зараз мой сын, яму 11, ён прыходзіць на сустрэчы інклюзіўнага клуба на выходных сам гуляе і дапамагае іншым.
Таксама ў цэнтры ёсць вышывальная і швейныя машыны. З больш дарослымі дзецьмі тут перашываюць непатрэбнае адзенне ў новыя карысныя рэчы.
– Мне экалагічны лад жыцця быў заўсёды блізкім. Калі мы перасяліліся, я столькі сіл патраціла на тое, каб нам паставілі кантэйнеры для асобнага збору смецця. Столькі разоў хадзіла ў выканкам. У мяне ж таксама палову кухні займаюць каробкі для сарціроўкі. Мне падаецца глыбінная экалогія ў мяне была заўсёды. А па іншаму ўжо ніяк.