11.11.2015 / 10:11

Павучальная гісторыя аб тым, як мясцовыя жыхары і аматары прыроды, аб'яднаўшы намаганні, выратавалі раку Лясную. Улады пачулі іх і пакаралі вінаватых. 

Гэты год выдаўся спякотным, з малай колькасцю ападкаў, і ўзровень вады ў рацэ Лясной апусціўся да мінімальных адзнак, што адгукнулася на ўраджайнасці шматгадовых траў сельгаспрадпрыемстваў Камянецкага раёна. Прадпрыемства «Агра-Зарэчча», не нарыхтаваўшы дастаткова корму на сваіх асноўных землях, вырашыла дабрацца на левы бераг ракі Лясной, насупраць вёскі Зянькі, на поплаў з высокай травой. Раней у кіламетры ад Зянькоў быў калгасны драўляны мост, які забяспечваў пад’езд да сенакоса. Мост даўно разваліўся, а будаваць новы прадпрыемства «Агра-Зарэчча», якое стала спадкаемцам калгаса, не спяшалася. У тым ліку і тады, калі змяніла ў 2012 годзе ўласніка, пасля выкупу кантрольнага пакету акцый кампаніяй «ІНКО-ФУД», паведамляе сайт Ptushki.org.

Як расказваюць вяскоўцы, новыя гаспадары шукалі розныя шляхі, каб трапіць на іншы бераг. Будаўніцтва новага маста адкінулі адразу як дарагі шлях. Пантонны мост ля вёскі Бабічы таксама не зрабілі. Што рабіць? Лягчэй і танней за ўсё было проста наладзіць пераправу ўброд, не клапоцячыся пра экалагічнасць такога метаду.

Што атрымалася? Цяпер жыхары вёскі назіраюць ля сваіх агародаў такую карціну: разварочаны бераг, змененае русла ракі, для нейкіх мэт у розных месцах зняты верхні слой зямлі, горы глебы, камянёў і прывезенага разам з імі смецця. Пагаспадарылі, адным словам, у водаахоўнай зоне, куды, згодна з заканадаўствам, лішні раз тэхнікай і пад’язджаць нельга. 

Неабыякавыя мясцовыя жыхары і захавальнікі ТВП «Рака Лясная» (Тэрыторыі, важнай для птушак) падрыхтавалі лісты-звароты у Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Камянецкі райвыканкам. 

Парадавала аператыўнае рашэнне і дзеянні: ААТ «Агра-Зарэчча» атрымала штраф у 20 базавых велічынь за незаконную гаспадарчую дзейнасць у водаахоўнай зоне ракі Лясной. У лісце кіраўніка раёна гаворыцца, што «Агра-Зарэчча» сапраўды самавольна правяло працы па будаўніцтве дамбы і раскопцы правага берага Лясной, чым парушыла некалькі артыкулаў Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гаспадарку аштрафавалі і прымусілі вярнуць берагу ракі першапачатковы выгляд.

Ужо праз два дні на беразе навялі адносны парадак. Прынамсі, разгарнулі экскаватарам кучы зямлі і камення. Аднак засталіся насыпаныя для пераезду тэхнікі камяні. Мясцовыя ўлады ў адказе падкрэсліваюць, што ў выпадку правядзення далейшых работ на рацэ без зацверджанай дакументацыі будуць прыняты больш строгія меры.

– Адна з мэтаў захавальнікаў – кантраляваць сітуацыю ў межах ТВП і сачыць, каб не адбывалася парушэнняў заканадаўства. У дадзеным выпадку мы бачым, як атрыманыя ў межах праекта веды дапамаглі людзям не разгубіцца і пры сутыкненні з праблемай хутка вырашыць яе. Гэта добры праклад супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі і тэрытарыяльнымі інспекцыямі Мінпрыроды, – адзначае каардынатар праекта «Прырода важная для ўсіх» Вольга Лукшыц.

Шляхам узаемадзеяння неабыякавых мясцовых жыхароў і захавальнікаў можна дабіцца станоўчых вынікаў, а таксама папапярэдзіць правапарушэнні ў будучыні.

Даведка:

Дзейнасць захавальнікаў ТВП адбываецца ў межах праекта «Прырода важная для ўсіх. Умацаванне аховы прыроды праз развіццё лідарства і ўдзел мясцовага насельніцтва ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні», які рэалізуе АПБ пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Колькасць захавальнікаў ТВП «Рака Лясная» амаль штодня павялічваецца. Апошнім значным іх дасягненнем было спыненне шлюзавага рэгулявання ракі Лясной на працягу 2015 года. Ад яго адмовіліся абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і канцэрн «Белмеліявадгас», калі аматары прыроды завалілі іх скаргамі. Шлюз на рацэ быў адной з прычын катастрафічнага летняга замору ў 2014 годзе.

Автор:
Фотограф:
ptuski.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость