У даўнія часы земляробства і жывёлагадоўля займалі значнае месца ў жыцці нашых продкаў, таму жаданне абаранiць свой ураджай ад небяспечных з’яў прыроды было для іх жыццёва неабходным. Назіраючы за нябеснымi свяцiламi, за зменамi ў пэўны час сутак, за паводзiнамi жывёл і раслін, людзі навучыліся прагназаваць надвор’е на дзень-два і нават тыдзень. Так зарадзіліся народныя прыкметы. Заснаваныя на назіраннях, такія прыкметы давалі ў большасці выпадкаў дакладныя звесткі. Ці можна верыць гэтым прыкметам сёння?
Намеснік дырэктара Гродзенскага звярынца Віталій Гуменны лічыць, што змены клімату, пра якія апошнім часам кажуць навукоўцы, не ўплываюць на актуальнасць народных прыкмет, звязаных з паводзінамі жывёл і раслін. Напрыклад, сёлета мядзведзі ў звярынцы сталі рыхтавацца да зімовай спячкі на месяц раней - яшчэ на пачатку кастрычніка, таму зіма ў гэтым годзе хутчэй за ўсё будзе халоднай.
- Глабальнае пацяпленне – гэта домыслы,- лiчыць бiёлаг. - У тым сэнсе, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана: кліматычныя змены выклікаюць змены ў паводзінах жывёл. У гэтым годзе птушкі рана паляцелі ў вырай і рана прыйшлі да нас замаразкі. Мне падаецца, што сучасныя людзі зараз не тое што не давяраюць прыкметам, хутчэй не звяртаюць на іх увагі. Гэтаму прычынай урбанізацыя. Раней жа большасць людзей жыла ў вёсцы, на зямлі. Чалавек карыстаўся земляробчым календаром, таму і назіраў за з’явамі прыроды, каб ведаць, калі сеяць, жаць і нават жаніцца. Для сучаснага ўрбанізаванага чалавека колішнія прыкметы хутчэй забава.
Из-за теплой зимы гуси и лебеди возвращаются домой раньше времени
І сапраўды навукоўцы высветлілі, што жывёлы перад дажджом адчуваюць павышэнне вільготнасці ў паветры, падзенне атмасфернага ціску, паслабленне сонечнага святла і назапашванне паветранай электрычнасці перад навальніцай. Так, насякомыя, якія добра ўбіраюць вільгаць, ужо пры невялікім павелічэнні вільготнасці змушаны лётаць нізка над зямлёй. За насякомымі над зямлёй пачынаюць лётаць і птушкі, якія харчуюцца імі. Тое самае робіць рыба, якая выскоквае з вады, каб паласавацца насякомымі, што лётаюць над самай вадой.
Удивительный мир девственной природы ближе, чем иногда нам кажется
Тыя, хто мае ўласны падворак, могуць звярнуць увагу на наступныя прыкметы: Калі камары кусаюць увесь дзень – быць працягламу дажджу. Мошкі і камары ўвечар уюцца слупом - да добрага надвор’я. Начная раса не прасыхае - быць навальніцы. Калі раніцай не чуваць жаўрука або калі вераб’і купаюцца ў пылу - будзе дождж. Гусакі пляскаюць крыламі, падціскаюць пад сябе адну нагу - чакай марозу. Таксама дакладным прадказальнікам зімовага надвор’я з’яўляецца дым над комінам: калі дым выходзіць з коміна слупом – да сонечнага, марознага надвор’я, рассейваецца – да адлігі.
Ёсць жывёльныя барометры, якімі можна карыстацца ў горадзе: Галубы разбуркаваліся - да цяпла. Котка лезе спаць на батарэю (печ) або пад яе – чакай моцнага марозу.
Падобным чынам паводзяць сябе і расліны. Яны ўтрымліваюць шмат вады, якая ўвесь час выпараецца. Пры вялікай вільготнасці паветра, асабліва перад дажджом, выпарэнне слабае. Вільгаць, якая паступае з зямлі, пачынае капаць з лісця, за кошт чаго павялічваецца вылучэнне салодкага нектару і расліна змяняе стан сваіх лісточкаў, пялёсткаў і галінак.
Прапануем прыклады самых распаўсюджаных раслінных барометраў, паводзіны якіх могуць прыдасца руплівым садаводам і агароднікам у вядзенні гаспадаркі.
Самымі чуллівымі прадказальнікамі надвор’я з’яўляюцца клён і каштан. За суткі-двое да непагадзі на лісточках гэтых дрэў з’яўляюцца кроплі соку.
Падобнымі ўласцівасцямі валодаюць вярба, вольха, асіна, чаромха і многія іншыя расліны. Елкі перад дажджом апускаюць свае галінкі ўніз, а перад ясным надвор’ем падымаюць іх назад уверх. Пра набліжэнне непагадзі сігналізуюць гарлачыкі: перад дажджом яны закрываюцца і хаваюцца пад ваду. Такім чынам расліна беражэ пылок кветкі ад намакання.
Пра змену надвор’я прадвесціць і канюшына, лісце якой перад дажджом апускаецца і складваецца нібы парасон, абараняючы кветкі. Дапамагаюць прагназаваць надвор’е на бліжэйшы час і кветкі дзьмухаўцоў. Калі на небе сонца, а кветкі дзьмухаўцоў закрываюцца - будзе дождж. Перад дажджом закрываюць свае кветкі нагаткі (календула) і браткі (анюціныя вочкі). Нават бульба звычайны перад дажджом апускае свае кветаножкі ўніз, таму, прыехаўшы на ўчастак, перш за ўсё можна прыгледзецца да яе.
Многія кветкі перад дажджом пачынаюць мацней пахнуць, вылучаючы шмат нектару, і насякомыя проста такі ўюцца над імі. Так паводзяць сябе кветкі акацыі, смуродзіны, лілей і гіяцынтаў.
Некаторыя расліны могуць даваць доўгатэрміновыя прагнозы. Напрыклад, бэз, як правіла, квітнее ў гарачыя дні, і пасля яго цвіцення ўжо наўрад ці вернуцца халады. Тое самае тычыцца рабіны. Калі яна заквітнела - чакай працяглага цяпла.
Адным словам, сучасныя земляробы могуць смела арыентавацца на жывыя прыродныя барометры, якія заўсёды дадуць дакладны прагноз надвор’я.