Каманда інфалініі па вырашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» адказала на пяць простых пытанняў аб гэтай форме грамадскага ўздзеяння.
Што такое анлайн-петыцыя?
Анлайн-петыцыя — гэта электронная форма калектыўнага звароту, якая звычайна адрасуецца органам улады або арганізацыям. У Беларусі самымі папулярнымі платформы для размяшчэння такіх петыцый з’яўляюцца глабальная платформа change.org і лакальная платформа «Зручны горад» (petitions.by).
Абедзве платформы з’яўляюцца адкрытымі, а гэта значыць, што стварыць петыцыю там можа любы чалавек. Таксама варта адзначыць, што, на жаль, абедзве платформы былі заблакаваныя ў Беларусі цягам апошніх двух год, таму атрымаць доступ да старонак унутры Беларуси можна толькі з дапамогай VPN.
Пры гэтым мы не рэкамендуем карыстацца change.org: сайт не запытвае месца жыхарства і імя па бацьку, а таму звароты не будуць адпавядаць заканадаўству Беларусі і дзяржустановы не абавязаны будуць іх разглядаць.
Як працуюць анлайн-петыцыі?
Зазвычай, чалавек ці суполка людзей, зацікаўленных у вырашэнні нейкай праблемы, размяшчаюць апісанне на адной з адкрытых платформ і выстаўляюць дэдлайн і патрэбную колькасць подпісаў.
Мадэратары платформы публікуюць тэкст зварота, толькі ў тым выпадку, калі ён адпавядае правілам самой платформы і не парушае закон. Стваральнікі петыцыі распаўсюджваюць інфармацыю пра збор з дапамогай інфармацыйнай кампаніі, падключаюць сродкі масавай інфармацыі і спецыялістаў у адпаведнай галіне.
Неабыякавыя грамадзяне пакідаюць подпісы пад петыцыяй і па жаданні дзеляцца інфармацыяй пра збор у сваіх сацсетках.
Пасля закрыцця збору подпісы дасылаюцца ў адмысловы дзяржаўны орган у якасці доказу актуальнасці праблемы сярод грамадзян. Калі дзяржорганы адказваюць на зварот, тэкст адказу таксама размяшчаецца на старонцы петыцыі. Такім чынам у падпісантаў з’яўляецца магчымасць сачыць за далейшым жыццём петыцыі і яе вынікамі.
А ці ёсць ўвогуле які-небудзь эфект ад збору подпісаў?
Будзем шчырымі, далёка не ўсе петыцыі, нават набраўшы патрэбную колькасць подпісаў, разглядаюцца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі. Аднак таксама трэба разумець, што петыцыі і не з’яўляюцца метадам прамога ўздзеяння: усё ж галоўная задача петыцыі — актуалізацыя праблемы ў грамадстве.
Петыцыі з вялікай колькасцю подпісаў прыцягваюць увагу СМІ і актывістаў, а таксама шырокага кола грамадзян. Акром гэтага, петыцыі з’яўляюцца візуалізацыяй чалавечых патрэбаў і настрояў у грамадстве, даюць людзям зразумець, што нейкая сацыяльная праблема хвалюе не толькі іх адных.
Насуперак папулярнаму міфу аб тым, што зборы подпісаў прыцягваюць толькі тых, каму лянотна актыўнічаць афлайн (маўляў, подпіс пакінулі і хопіць), зборы подпісаў з’яўляюцца добрым інструментам для актывізацыі неабыякавых людзей, якія могуць і дапамагчы валанторствам, і падзяліцца экспертызай, і нават далучыцца да арганізатарскага касцяка.
На ўсіх платформах па збору подпісаў ёсць магчымасць звязацца з ініцыятарамі, таму заўжды на 100 простых падпісантаў знойдзецца хтосьці гатовы выйсці на сувязь і дапамагчы больш.
Які сэнс збіраць подпісы ва ўмовах прававога дэфолту ў Беларусі?
Маштабныя праблемы, з якімі сутыкнуліся беларусы ў апошнія 2 гады, канешне, петыцыямі вырашыць немагчыма. Але не варта забываць, што ўсё яшчэ існуюць меншыя па маштабах праблемы, якія перашкаджаюць жыць лакальным супольнасцям.
Гэта могуць быць пытанні экалагічнага кшталту ці праблемы з упарадкаваннем тэрыторый. У часы вялікага суму і апатыі вырашэнне такіх праблем можа даць імпульс для развіцця мясцовай грамадзянскай супольнасці і надаць веру ў тое, што мы ўсё яшчэ можам змяніць штосьці вакол нас, хай і не на глабальным узроўні.
Што рабіць, калі я вырашыў/ла распачаць збор подпісаў?
Для тых, хто вырашыў заняцца зборам подпісаў, беларуская платформа «Разумны горад» стварыла цэлы гід, дзе падрабязна апісала алгарытм стварэння анлайн-петыцыі, а таксама прапанавала інфапарады для таго, каб вашая петыцыя сабрала больш подпісаў. Згодна платформе, ключ для стварэння петыцыі ў тым, каб адказаць на тры пытанні:
- У чым заключаецца праблема, якая, на маю думку, патрабуе вырашэння?
- Што я прапаную (прашу ў дзяржоргана) зрабіць, каб яе вырашыць? Які будзе вынік ад рэалізацыі маіх прапаноў (патрабаванняў)?
- Якія ў мяне ёсць факты і іншая дапаможная інфармацыя, якая пацвярджае актуальнасць праблемы?
Стварэнне інфакампаніі па збору подпісаў уключае працу са СМІ і ў сацыяльных сетках, супрацу з профільнымі НДА, падключэннем бакоў, зацікаўленых у вырашэнні ўзнятай вамі праблемы і нават абыход суседзяў і збор подпісаў афлайн.
Гэта вялікая праца вартая таго. Мы ўсё яшчэ здольныя змяняць да лепшага рэальнасць вакол нас, нават калі гэта толькі маленькія крокі на шляху да вялікай мары.
Будзем спадзявацца, што адказы на пытанні натхнілі вас паглядзець на такі інструмент як петыцыі з іншага ракурса.
Калі ў вас з’явіліся пытанні ці ідэі таго, як зрабіць сваё наваколле лепш, вы заўжды можаце бясплатна пракансультавацца з камандай «Зялёнага тэлефона».
«Зялёны тэлефон» кансультуе ўсіх ахвочых па тэмам экалагічнага кірунку і дапамагае грамадзянам браць справу ў свае рукі і самастойна адказваць на актуальныя экавыклікі нават у цяперашнія нялёгкія часы.